Здаецца, нас накрыла сусьветная тэндэнцыя: проста слова — як такое — ужо мала каму цікавае. Піша Максім Жбанкоў.

Словы‑нажы, словы‑цацкі, словы‑бразготкі… Прамова — рытмічны ход гукаў і паўз. Калі рэзаць прамову сурова і адрывіста, узьлятаючы голасам на прозьвішчы чарговага цямці‑лямці, выйдзе сэлектарная нарада. Калі казаць напеўна і пад музыку, выйдзе мэлядэклямацыя. Калі гнаць словы хутка і ў рыфму, падключыўшы просты біт і не забываючы прыгаворваць «ага‑ага», будзе рэп. А калі ў цябе на ўсё пра ўсё — тры хвіліны і ні хвілі болей, публіка ставіць адзнакі, а мікрафон не працуе, гэта ўжо беларускі слэм на фэсьце «Парадак словаў». Новая цацка для мантажораў рытмаў і іх ветранай публікі.

Публічныя чытаньні — не навіна. З ходу можна прыгадаць вечары сымбалістаў і футурыстаў у слаўным кабарэ «Валацужны сабака», упадніцкі шарм п’есак П’еро‑Вярцінскага, які паміраў штовечар ля чорнага раялю, прыджазаваныя кавярні амэрыканскіх 50‑х з барадатымі бітнікамі ля мікрафона і стадыённы экстаз савецкіх шасьцідзясятнікаў. Ціхая справа паэзіі (сяджу адзін, пішу сабе) раней рабілася гучнай у двух выпадках: калі контркультура ў чарговы раз узрывала асфальт «агульнапрынятых» стандартаў і калі сыстэме тэрмінова патрабаваўся ўсплёск грамадзянскіх пачуцьцяў. У абодвух выпадках паэт — выпадкова ці ўсьвядомлена — трапляў у сацыяльныя работнікі і мадэляваў грамадзкі настрой. Пры новым раскладзе — канец ідэалёгіяў, сьмерць багоў, трыюмф культуріндустрыі і г.д. — паэзіі дасталася трэцяя форма публічнасьці: беспартыйны клюбны атракцыён, гульня на вылет. Той самы слэм.

На рок‑канцэртах слэмуюць, калі скачуць са сцэны ў натоўп. Тут — калі кідаюць словы ў масы. Небясьпека агульная — могуць не злавіць.

З аднаго боку, гэта здорава. Страсянуць саманадзейных літаратараў, вывесьці з пыльных бібліятэкаў на лобнае месца, зьвесьці з чытачом/слухачом у рукапашнай. Вырваць з душных абдымкаў звыклай аўдыторыі — сталых паненак з нататнікам для аўтографаў. Змагайся, пііт, за народную любоў, вярбуй фанатыкаў і фанатаў. Цягні коўдру на сябе рукамі, нагамі і зубамі. Хопіць мудрагеліць. Дай, нарэшце, джазу! Давядзі, што ты прыкольны.

З другога — тое, што адбываецца, вельмі нагадвае бліц‑дэгустацыю альбо мітусьлівы сэкс у хуткасным ліфце. Раман з аўтарам памірае, не пачаўшыся.

Рассмакаваць верш не пасьпяваеш, ды пра гэта тут і не турбуюцца. Важней вышэй падскочыць і махнуць чаравікам.
Літаратура ператвараецца ў клаўнаду, а які на сцэне клоўн — руды ці белы, зусім неістотна. Можна крычаць «Жыве Беларусь!», бліскаць вачыма ці строіць грымасы. Добры глядач — твой выпадковы судзьдзя, усё адно дастане з пачку картак пасьпешлівую адзнаку. І прышпіліць цябе як мятлушку да ізнанкі свайго джынсавага сэрца.

Здаецца, нас урэшце накрыла сусьветная тэндэнцыя: проста слова — як такое — ужо мала каму цікавае. І ня здольнае зарабіць аўтару на піва з чыпсамі. Патрэбны прома‑акцыі і распродажы на выгадных умовах. Прытоенае рыфмаплёцтва трапіла на аўкцыён эфэктных упаковак. Значыць, час вучыцца працаваць ня з рыфмамі, а з каляровай паперай. Дакладней, сьпярша з рыфмамі, а пасьля — значна болей — з паперай.

Паэтычны слэм цікавы як машына думак. Гэта, па вялікім рахунку, не прэзэнтацыя вершаў, а практыкаваньні ў маніпуляцыі публікай. Гульнявая пляцоўка заклінальніка зьмеяў, школа выжываньня ў непрычараваным загадзя асяродку. Забава для паважнай публікі. Азартная гульня для працаўнікоў пяра і клявіятуры. Яшчэ некалькі падобных акцыяў на роднай зямлі — і можна атрымаць першы вынік: плойму айчынных шоўмэнаў вершу, прафэсійных гульцоў сэрцамі, па ступені выкшталцонасьці любога жэсту і руху броваў сувымерных зь пераможцамі дзіцячага «Эўрабачаньня». І здольных лёгка пераканаць любыя эўропы ў круцізьне беларускага стылю.

А гэта ўжо выйсьце ў цалкам іншыя вымярэньні. І ў зусім іншую культуру. Слэм стварае новы фармат культурнай работы, урачыста забіваючы паэзію традыцыйнага тыпу — акуратнае жангляваньне «высокімі» сэнсамі і культурным архівам. Балюча, але бяз гэтага няма будучыні. Слэм — тэхніка бліжняга бою. Татальнае «ша‑ла‑ла». Словы нон‑стоп. Дысанансы вітаюцца.

Мэтафізычныя візіянэры тут не выжываюць. Кабінэтныя мудрацы — тым больш. Затое ў першакі выходзяць майстры як хутчэй утаймаваць масоўку.

Гэта да вас, мілыя нашы палітыкі!
Хопіць мерацца «у каго даўжэйшы гальштук». Схадзіце паслэмаваць па‑хуткаму, ці што. Пакуль да выбараў ёсьць час…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?