Экспэрт­ны праект TechCast апуб­лі­ка­ваў на­бор най­больш ве­ра­год­ных сцэ­на­роў разь­віць­ця чала­вец­тва на най­блі­жэй­шыя дзесяцігодзьдзі.

Прыкладна 2010 год


Працяг працэсаў разьвіцьця інфармацыйных сыстэм і электроннай камэрцыі. У прыватнасьці, чакаецца бурлівае павелічэньне аб’ёмаў інфармацыйнага трафіку, хуткае эвалюцы­янаваньне наяўных і зьяўленьне прынцыпова новых відаў электронных пры­стаса­вань­няў (напрыклад, сыстэма распазнаваньня голасу зробіць магчымым кіраваньне машынамі з дапамогай гукавых каманд). Гэта прывядзе да кардынальных пераменаў у сфэры дзяржаўнага й карпаратыўнага кіраваньня. Верагодны пераход рэлігій на «электронныя» рэйкі — да прыкладу, службы могуць праводзіцца анлайн.

Магчымае зьяўленьне асабістых «электронных памочнікаў» чалавека. Новыя тавары й паслугі будуць выводзіцца на рынак хутчэй, чым калі‑кольвек раней. Кошт інфармацыйных тэхналёгій ды абсталяваньня будзе зьніжацца. Крах пагражае многім сёньняшнім гігантам — напрыклад, карпарацыі Мікрасофт, якая ня вытрымае барацьбы зь дзясяткам новых канкурэнтаў. Чакаецца бум на рынках кіно, музыкі й ТВ.

Прыкладна 2020 год

Пачатак новай высокатэхналягічнай рэвалюцыі. Ейнымі руховымі сіламі стануць «зялёны» бізнэс, альтэрнатыўная энэргетыка й іншыя практыкі, накіраваныя на паляпшэньне якасьці жыцьця чалавека, ды бясьпечныя для вакольнага асяродзьдзя. Вялікі бізнэс у масе сваёй пяройдзе на экалягічныя рэйкі.

Значную частку сусьветнага аўтапарку будуць складаць гібрыдныя аўтамабілі, якія выкарыстоўваюць у якасьці паліва вадарод, біяпаліва (сьпірт, расьлінны алей і інш.) альбо электраэнэргію. Да 2030 году прыкладна траціна энэргіі будзе здабывацца з узнаўляльных крыніц. Бурлівае разьвіцьцё чакае сельскую гаспадарку (утым ліку, заснаваную на выкарыстаньні генэтычна мадыфікаваных расьлінаў і жывёлаў).

Чакаецца росквіт кампутарных і біятэхналёгій, вынікам чаго стане зьяўленьне новых пакаленьняў мэдыкамэнтаў. У прыватнасьці, прарывы ў вывучэньні ДНК чалавека зробяць магчымым клянаваньне яго ўнутраных органаў (сэрца, печані, нырак і інш.) ды пасьпяховыя апэрацыі па іхнай перасадцы. Таксама стануць шырока даступнымі іх штучныя замяняльнікі. Мнонія сур’ёзныя хваробы ўдасца цалкам перамагчы з дапамогай генэтычнай тэрапіі — «выпраўленьня» адпаведных участкаў ДНК.

Сур’ёзныя зьмены адбудуцца ў ладзе жыцьця прадстаўнікоў шэрагу прафэсій — напрыклад, настаўнікаў і юрыстаў. Яны акажуцца здольнымі перадаверыць шэраг сваіх руцінных абавязкаў «электронным памочнікам» і змогуць засяродзіцца на вырашэньні стратэгічна важных задач. Віртуальная рэальнасьць стане сапраўды рэальнасьцю — яна будзе мала адрозьнівацца ад рэальнага жыцьця, што дазволіць кардынальна памяняць працэсы навучаньня, навуковага пошуку, атрыманьня інфармацыі й інш.

Будзе шырока распаўсюджаны касьмічны турызм. Электраэнэргія перастане быць дэфіцытам, аварыі на лініях электраперадач і падстанцыях, якія пакідаюць безь сьвятла сотні тысяч чалавек, сыдуць у мінулае. Ім на зьмену прыйдуць аналягічныя аварыі ў інфар­мацый­ных сетках.

Прыкладна 2030 год

У сувязі з разьвіцьцём інфармацыйных тэхналёгій аўтадарожны рух і авіяперавозкі стануць практычна поўнасьцю бясьпечнымі. Чакаецца масавы пераход ад асабістых аўтамабіляў да асабістых лятальных апаратаў. Авіяляйнэры й цягнікі будуць рухацца зь нечуванымі хуткасьцямі. Чакаецца якасны прарыў у сфэры ядравай энэргетыкі.

Прыкладна ў 2028 годзе будзе створаная пастаянная калёнія на Месяцы. Крыху пазьней чалавецтва высадзіцца на Марсе. Космас станецца складовай часткай сусьветнай эканомікі.

У той жа час, адбудзецца крыза індустрыялізацыі. Многія дзяржавы сутыкнуцца з праблемай немагчымасьці далейшага разьвіцьця прамысловых вытворчасьцяў. Верагодныя экалягічныя крызы, абвастрэньне міжэтнічных і міжканфэсійных канфліктаў, абвастрэньне праблем, зьвязаных з зброяй масавага зьнічтажэньня і інш. Верагоднае выкарыстаньне ядравай зброі дзе‑небудзь на Блізкім Усходзе, што, верагодна, прывядзе да зьнішчэньня некалькіх буйных гарадоў.

Гэта зможа прывесьці да сусьветнай крызы, нябачанай з часоў Другой сусьветнай вайны. У гэтай абстаноўцы на сусьветнай арэне нашмат большую ролю пачнуць граць рэлігійныя лідэры, карпарацыі й грамадзкія арганізацыі. Іх удзел і зацікаўленасьць большасьці ўрадаў прывядзе да кардынальных рэформаў у сфэры міжнародных стасункаў.

Прыкладна 2040 — 2050‑я гады

Сьвет сальецца ў адно: ягоная палітычная мапа й структура будуць нагадваць Эўрапейскі Зьвяз ці Злучаныя Штаты Амэрыкі (юрыдычна ЗША — фэдэрацыя штатаў, якія фармальна ёсьць незалежнымі дзяржавамі, але саступілі фэдэральнай уладзе шэраг сваіх паўнамоцтваў — напрыклад, правядзеньня зьнешняй палітыкі й чаканкі манэты). Дзякуючы гэтаму, вастрыню крызаў удасца сур’ёзна зьменшыць.

Колькасьць насельніцтва будзе бурліва расьці. Сьвет будзе кіравацца дэцэнтралізавана, што дазволіць, з аднаго боку, прымаць максымальна апэратыўныя ды ўзважаныя рашэньні, а зь іншага — зьнізіць вастрыню многіх канфліктаў ды даць асобным культурам разьвівацца свабодна. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да аслабленьня міжнароднага тэрарызму, які ў 1990‑я гады зьявіўся на хвалі незадаволенасьці між Захадам і сьветам ісламу.

Чалавецтва сканцэнтруецца на разьвіцьці касьмічных праграм.

Washington ProFile via Rokf.Ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0