Што такое Паўднёвая Асеція? Зона баявых дзеяньняў. Непрызнаная сусьветам краіна. Яшчэ адзін балявы пункт Каўказу.

Дэ-юрэ Паўднёвая Асеція — частка Грузіі. Гэтая самаабвешчаная рэспубліка не прызнаная міжнароднай супольнасьцю з моманту свайго ўзьнікненьня ў 1990 годзе. Пры гэтым Асеція ня мае асноўных дэмакратычных свабодаў і знаходзіцца ў рэжыме ручнога кіраваньня. За стырном – харызматычны прэзыдэнт Эдуард Какойты (для некаторых расейскіх СМІ – Какоеў). Расею Какойты разглядаў як бліжэйшага хаўрусьніка і абаронцу сваёй улады.

Вайна ў рэгіёне ёсьць ня толькі працягам старога канфлікту. Праз сёньняшнія баі вылазіць прыхаванае супрацьстаяньне паміж Захадам і Расеяй.

Грузія рухалася да ўступленьня ў Эўразьвяз і NATO, і Захад прыязна глядзеў на такую пэрспектыву. Армія Грузіі перайшла на натаўскае ўзбраеньне і прынцып працы, а яе падрыхтоўкай займаліся ізраільскія інструктары. Злучаныя Штаты і Эўропа падтрымлівалі Грузію як фінансава, так і дыпляматычна. Паўднёвую Асецію і Абхазію Грузія разглядала як часткі сваёй тэрыторыі.

Пры гэтым Расея, кіруючыся постімпэрскімі амбіцыямі, не хацела так проста выводзіць рэгіён з-пад уплыву. Яна шчодра раздавала сваё грамадзянства ўсім жадаючым асецінам, а прэзыдэнту Какойты ахвяравала сродкі «на падтрыманьне стабільнасьці ў рэгіёне».

Дзяржаўны апарат Паўднёвай Асеціі састаіць з расейскіх сілавікоў — начальніка штабу арміі там завуць Аляксандар Баранкевіч.
Узбраеньне арміі цалкам расейскае. Расея захоўвала ў Асеціі свае міратворчыя войскі і дыпляматычна супрацьстаяла ўвядзеньню міжнароднага міратворчага кантынгенту пад эгідай ААН. А шматлікія палітычныя канфлікты паміж Расеяй і Грузіяй амаль не спыняліся на працягу апошніх гадоў.

І вось, нарэшце, падчас штурму Цхінвалі Расея падтрымала Какойты войскам. Расейскія танкі ў пад Цхінвалі і бамбардзіроўка грузінскіх сёлаў і аэрадромаў – ўжо не повад, а прычына магчымага абвяшчэньня вайны паміж Расеяй і Грузіяй.

Прадстаўляць агрэсарам новую, пасьлярэвалюцыйную Грузію не зусім справядліва. Кіраўніцтва Грузіі рабіла спробы наладзіць дыялог з Паўднёвай Асеціяй, прапануючы уваход у краіну на правах аўтаноміі, разьвіцьцё інфраструктуры і эканамічныя рэформы. Аднак Какойты на дыялог ня йшоў, цалкам задаволены сваім становішчам.

Кіраўніцтва Грузіі вырашыла дзейнічаць маланкава і расьсячы стары закарэлы вузел за адзін дзень. Вярнуць тэрыторыю пад кантроль дзяржавы і закону, вырашыць праблему кантрабанды, этнічнай няроўнасьці, пастаяннай страляніны… У выніку пасьпяховай ваеннай кампаніі Паўднёвая Асэтыя павінна была стаць яшчэ адной Аджарыяй, раўнапраўным краем у складзе Грузіі. Дзень адкрыцьця Алімпіяды – выдатны дзень, каб прыцягваць да ваеннай апэрацыі як мага меней міжнароднай увагі. Але Расея ўмяшалася…

Тое, што зараз у Паўднёвай Асеціі ідуць баявыя дзеяньні, наўпрост не датычыцца нашай краіны. Аднак канфлікт можа прывесьці да новай паўнамаштабнай вайны на Каўказе і сур’ёзна зьмяніць сытуацыю ў Эўропе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?