Супрацоўнікі міліцыі Асіповічаў распачалі крымінальную справу супраць актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Арцёма Дубскага.

Хлопца падазраюць у махлярстве. Арцём лічыць, што крымінальную справу супраць яго завялі з мэтай рэальнага пазбаўленьня волі апазыцыянэра, які пакараны абмежаваньнем волі ў так званай «справе 14-ці». Арцём можа папоўніць сьпіс палітвязьняў, якія адбываюць пакараньні ў турмах.

Арцём Дубскі паведаміў, што яму шмат чаго незразумела ў крымінальнай справе, якую распачалі асіповіцкія міліцыянты паводле махлярства. 1 жніўня яго выклікалі сьледчыя на допыт і адразу пасьля гэтага на 72 гадзіны накіравалі ў ізалятар. Але пасьля прыезду адвакаткі Арцёма Сьвятланы Гарбаток хлопца выпусьцілі раней пазначанага тэрміну.

Арцём распавёў, што ў крымінальнай справе ёсьць пацярпелая жанчына, якая зьвярнулася ў міліцыю пасьля таго, як на яе рахунку за мабільны тэлефон зьявілася пазыка больш за 5 мільёнаў рублёў. Жанчына казала, што згубіла sim-картку ад свайго тэлефона яшчэ ў траўні. Празь месяц кампанія «Velcom» запатрабавала, каб яна заплаціла грошы.

Арцём апавёў, што ягоны знаёмы браў у яго тэлефон на адзін дзень. Менавіта ў гэты дзень праз мабільны тэлефон, у які некалькі разоў ставілася згубленая жанчынай sim-картка, быў зроблены выхад у інтэрнэт на 3 гадзіны.

Сьледчыя забралі кампутар у пастара Эрнэста Сабілы, бо, паводле іх меркаваньняў, выкарыстоўваўся менавіта гэты кампутар.

Гаворыць Арцём Дубскі: «Для мяне вельмі дзіўнымі падаюцца некалькі фактаў.Напрыклад, тое, што «Velcom», які вельмі добра можа лічыць свае грошы і звычайна блякуе сваіх абанэнтаў, калі мінус дзьве ці тры тысячы рублёў, не зрабіў гэтага пры такім велізарным мінусе на рахунку. Па-другое, чаму тую ж sim-картку, якую страцілі яшчэ ў красавіку, толькі цяпер пачалі шукаць і толькі цяпер знайшлі чалавека. Тэхнічна гэта было вельмі проста зрабіць».

Цікава, што хлопец, які ў той дзень быў з тэлефонам Арцёма, праходзіць у справе як сьведка.

Арцём даў падпіску пра нявыезд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?