Ёсць на паўднёвым усходзе Магілёўшчыны вёска Барэйкі, дакладней, была. Цяпер там толькі могілкі на ўзгорку, якія відаць здалёк. Дамы радзелі паступова, цяпер там вокны свецяцца толькі ў дзвюх хатах. Цяпер ужо тыя жыхары, што хадзілі на могілкі ў Раданіцу, працягваючы традыцыі продкаў, адпачываюць на могілках побач з імі.

Памятаю, вакол гэтых могілак у дзяцінстве ўсё было перакапана — шукалі захаванага ўспеху, падчас вайны, невядомага салдата, каб перазахаваць яго ў брацкую магілу. Але знайшлі пазней, зрабілі могілку і паставілі крыж. Мясцовыя жанчыны даглядалі могілку, упрыгожвалі крыж ручніком у Раданіцу. Цяпер прыемна бачыць, што магіла невядомага салдата акультурана, дзякуючы тым жа неабыякавым вяскоўцам.

Гэтая вёска бачыла шмат чаго на сваім вяку. Яе амаль ушчэнт спалілі ворагі ў вайну. Людзі пасьпелі зьбегчы ў лес. Пасьля рабілі зямлянкі, а потым, як скончылася вайна, адбудоўваліся зноў.

Палі былі вельмі ўраджайныя вакол вёскі, людзі працавітыя, як і ўсе беларусы. Яны ўмелі працаваць, весяліцца, не скардзіліся ніколі на свой лёс, нягледзячы на цяжкасці, якія выпалі на іх долю. Тут шмат было ўдоў, многія мужчыны вярнуліся з фронту цяжка параненыя і нядоўга забавіліся на гэтым свеце, мой дзядуля ў тым ліку.

Жыццё ішло. Ды вось новая бяда — Чарнобыль!.. І ўжо новыя захароны. Шмат новых. На жаль, не старыя. Гісторыя гэтай вёскі — гісторыя краіны. Сведкі гэтай гісторыі ляжаць на гэтых могілках. А тады, у маё дзяцінства, прайшло толькі нейкіх 20 год пасля вайны, але ж агароджа вакол могілак была і было каму яе даглядаць, рамантаваць. І не было «спасибо деду…» А цяпер гэтыя словы ёсць, а агароджа вось такая, на жаль… Балюча… Яны ж не паскардзяцца. Дык хіба ж можна гэтым карыстацца жывым? На маю думку, мой дзядуля і іншыя аднавяскоўцы вартыя большай павагі, а не толькі фанабэрыстага «спасибо деду…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?