Расейскія самалёты бамбілі 6 грузінскіх гарадоў. На фота: Горы пасьля налёту.

У суботу канфлікт між Грузіяй і Расіяй перарос у поўнамаштабную вайну.

Расія ўвяла ў бой стратэгічную авіяцыю, адкрыла другі фронт у Абхазіі і рыхтуе марскую блякаду Грузіі.
Яна працягвае біць па грузінскіх пазыцыях у Асеціі. Бомбавыя ўдары былі нанесеныя па шасьці грузінскіх гарадах.

Баі ў Асеціі перарасьлі ў самы значны ваенны канфлікт, які Расея вядзе за сваімі межамі ад часу аўганскае вайны.

У нядзелю Грузія заявіла пра поўны вывад войскаў з Асеціі. Расея заявіла: войскі ня выведзеныя і працягвае дзеяньні, якія яна называе "апэрацыяй прымушваньня да міру".

Паводле зьвестак грузінскага Міністэрства абароны, Расея сканцэнтравала каля 10 тысяч жаўнераў у Асеціі і распачала ў суботу бамбёжкі Кадорскае цясьніны. Непрызнаная рэспубліка Абхазія абвесьціла ўсеагульную мабілізацыю.

Міністэрства аховы здароўя Грузіі паведаміла аб колькасьці ахвяраў з грузінскага боку: 85 забітых, сярод якіх 40 мірных грамадзянаў.
Асабліва пацярпеў горад Горы, што на дарозе з Тбілісі да Цхінвалі. Там дашчэнту зьнішчана грузінская ваенная база і квартал вакол яе. Карэспандэнты заходніх СМІ налічылі ў горадзе 17 забітых. 12 грузінскіх вайскоўцаў загінулі на базе ў Сэнакі, Заходняя Грузія. Там расейскія бамбавікі пацэлілі таксама ў чыгуначны вузел.

У нядзелю ўранку расейскія самалёты бамбілі авіязавод, што суседзіць з тбіліскім аэрапортам. Расейскія караблі рыхтуюць марскую блякаду грузінскага ўзьбярэжжа, каб запабегчы пастаўкам зброі Грузіі.

У суботу стала ясьней вымалёўвацца задума Масквы: Расея, падобна, мае намер акупаваць і Паўднёвую Асецію, і Абхазію.
Масква працягвала перакідваць войскі на тэрыторыю Грузіі і нарошчвала інтэнсіўнасьць бамбёжак.

Асеція і Абхазія - гэта два малыя рэгіёны Грузіі, што аддзяліліся ў хаосе пачатку 90-х. Расея ўсе гэтыя гады фінансавала іх і ўзбройвала, а ў апошнія гады выдала большасьці іх жыхароў расейскія пашпарты.

Варта адзначыць, што тыднёвыя перастрэлкі ў Асеціі перарасьлі ў паўнамаштабную вайну ў той самы момант, калі Абхазія і Грузія выйшлі на перамовы пры пасярэдніцтве Нямеччыны. Эўрасаюз вылучыў прапановы ўзьяднаньня Абхазіі пад кантролем і спонсарствам Эўропы, і плян быў прыхільна сустрэты кіраўніцтвам Абхазіі.

Міхэіл Саакашвілі заявіў, што Расея мае нават больш амбітныя пляны. Паводле ягонай інфармацыі, Масква хоча захапіць марскія порты на Чорным моры, перарэзаць нафтаправод, што ідзе праз Грузію і такім чынам вымусіць зьмену ўраду ў Тбілісі.

Расейскі прэм'ер Пуцін з Пэкіну прыляцеў ва Ўладзікаўказ, дзе выступіў з шэрагам рэзкіх заяваў. Мяркуючы па ягонай сустрэчы з генэралітэтам, ён, а не фармальны прэзыдэнт Мядзьведзеў непасрэдна кіруе ваеннай апэрацыяй у Грузіі.

Пуцін ва Ўладзікаўказе ясна заявіў, што ад гэтага моманту Расея разглядае прэтэнзіі Грузіі на Асецію і Абхазію як беспадстаўныя. “Практычна няма спосабу вярнуць сытуацыю да статус-кво, што існавала да канфлікту”, - заявіў ён у жывым эфіры расейскага ТВ. Зьвяртала ўвагу, што ён зьнізіў ранейшыя ацэнкі лічбы ахвяраў у Цхінвалі: ён заявіў, што гаворка ідзе пра "дзясяткі забітых", тады як перад тым расейскі міністар замежных справаў называў лічбу "паўтары тысячы забітых". Расея прызнала гібель у Цхінвалі 12 сваіх вайскоўцаў.

Стала відавочна, што Захад ня мае рычагоў уплыву на Расею ў дадзенай сытуацыі. Грузінскія афіцыйныя асобы падкрэсьліваюць, што адзіным выхадам з сытуацыі было б умяшаньне ЗША, але амэрыканская вайсковая дапамога Грузіі малаімаверная, бо Штаты зьвязаныя па руках і нагах Іракам і Аўганістанам. Адзіным актам падтрымкі можа стаць эвакуацыя 2000 грузінскіх спэцназаўцаў з Іраку на радзіму.Аднак гэта мала зьменіць расклад сілаў:

Грузія мае ўсяго 35 тысяч вайскоўцаў проці 100 тысяч у Паўночна-Каўскаскай вайсковай акрузе, а перавага Расеі ў авіяцыі і артылерыі проста гіганцкая.

Захад абмяжоўваецца дыпляматычным ціскам:

“Грузія - гэта сувэрэнная дзяржава, і яе тэрытарыяльная цэласнасьць мусіць паважацца, - заявіў прэзыдэнт Буш у Пэкіне. - Мы заклікалі да неадкладнага спыненьня агню. Мы заклікаем Расею спыніць бамбёжкі”.

Эўрасаюз,у сваю чаргу, вуснамі Францыі заклікаў Расею прыняць грузінскія прапановы аб спыненьні агню.

Як паведамляе радыё "Свабода", прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі заклікаў даць "адназначную ацэнку" дзеяньням расейскіх войскаў у Паўдзённай Асеціі.

Ён паведаміў, што разам з прэзыдэнтамі Літвы, Латвіі і Эстоніі ў адмысловай заяве заклікаў ЭС і НАТО “супрацьстаяць пашырэньню імпэрыялістычнай і рэвізіянісцкай палітыкі на ўсходзе Эўропы”.

“Дзеяньні расейскіх войскаў на тэрыторыі Паўднёвай Асеціі супярэчаць міжнародным нормам і на самай справе зьяўляюцца актам агрэсіі”, - сказаў Качыньскі.

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі паведаміў, што пазачарговы саміт Эўрасаюзу ў справе сытуацыі ў Грузіі адбудзецца на пачатку наступнага тыдня ў Парыжы.

Тым часам Расея адкрыла другі фронт у Абхазіі, дзе 12 расейскіх бамбавікоў зьдзейсьнілі першы рэйд на Кадорскую цясьніну, адразу пасьля таго як міратворцы ААН пакінулі зону на просьбу ўраду Абхазіі.

Расея таксама паінфармавала заходнія ўрады, што пераводзіць свой флот у Ачамчыру - базу на тэрыторыі Абхазіі.

Саакашвілі ў суботу заявіў, што бязьдзейнасьць Захаду падштурхнула Расею да агрэсіі
: “Масква хоча кантраляваць энэргетычныя шляхі”, - заявіў Саакашвілі.

Грузінскія ўлады прызнаюць, што не чакалі такой інтэнсіўнасьці расейскай рэакцыі на сваю спробу паставіць канец сэпаратызму Цхінвалі.

Але і Расея не чакала, што сутыкнецца з такім упартым супрацівам грузінскіх войскаў. У суботу

Расея прызнала, што грузіны зьбілі два расейскія самалёты, у тым ліку адзін стратэгічны бамбавік Ту-22.
Грузінскія ўлады сьцьвярджаюць, што ўсяго зьбітыя 10 расейскіх лятальных машынаў.

Уражвае, што Расея, без афіцыйнага абвяшчэньня вайны, ужывае супраць суседняй краіны стратэгічную авіяцыю.

Прэзыдэнт Саакашвілі заявіў, што большасьць разбурэньняў у Цхінвалі спрычынілі расейскія бамбёжкі, што пачаліся ад 8 жніўня. Расея, у сваю чаргу, лічыць дзеяньні Грузіі ваеннымі злачынствамі і генацыдам. Загад сабраць доказы гэтага даў у суботу прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў. Праўда, як адзначае gazeta.ru, "никаких доказательств фактов расстрелов или пыток по признаку национальной принадлежности (именно такая трактовка «этническим чисткам» дается в международном гуманитарном праве) пока представлено не было".

У Горы ў суботу грузінскім войскам удалося схапіць лётчыка зьбітага расейскага штурмавіка Су-25. Грузінскае ТВ паказала акрываўлены шлем пілёта - паказ ваеннапалонных забараняе Жэнэўская канвэнцыя.

У сваю чаргу, расейскі тэлеканал "Весті" паказаў зьбіцьцё аднаго з грузінскіх самалётаў Су-25. Паводле інфармацыі тэлеканалу, катапультаванага лётчыка расстралялі.

У суботу расейскія СМІ паведамілі са спасылкай на вайсковыя крыніцы, што грузінскія войскі ў Цхінвалі ўзялі ў палон каля 300 паўднёваасяцінскіх вайскоўцаў. Іх лёс невядомы.

Бакі працягваюць прапагандысцкую вайну. Саакашвілі абвесьціў, што грузінскія часткі пад Цхінвалі зьнішчылі 70 спэцназаўцаў ГРУ Расеі. Масква дэкляравала падбіцьцё ў Цхінвалі дванаццаці грузінскіх танкаў.

Усю суботу ў Цхінвалі працягваліся жорсткія баі. Паводле інфармацыі Масквы, расейскія часткі адбілі спробу грузінскіх вайскоўцаў перарэзаць дарогу з Расеі ў Асецію. У той жа час інфармацыя, што даходзіла з Цхінвалі, абвергла заявы Масквы аб тым, што ў пятніцу расейскія войскі цалкам узялі горад пад свой кантроль. Прынамсі, у суботу баі ішлі ў паўднёвай частцы гораду - вакол расейскіх казармаў - і на поўначы гораду. Журналісты расейскіх СМІ, што знаходзяцца ў горадзе, запрасілі ў ваюючых бакоў магчымасьці пакінуць зону канфлікту. Гэта азначае, што дарога з Цхінвалі на Расею дагэтуль кантралюецца грузінскімі войскамі.

Адзначаюцца добрая падрыхтоўка і высокі баявы дух грузінскай арміі, а таксама адносная арганізаванасьць дзяржаўнага апарату Грузіі.

У суботу Грузія перакрыла доступ да сайтаў зоны .ру на сваёй тэрыторыі,
зьвінаваціўшы Расею ў распаўсюдзе дэзынфармацыі. Прэзыдэнт Эстоніі Ільвэс у суботу паабяцаў Грузіі дапамогу ў абароне грузінскіх сайтаў ад атак хакераў.

Краіны Ўсходняй Эўропы дзеяньні Расеі выклікалі шок і страх. Аднабаковае ўмяшаньне Расеі ў канфлікт на тэрыторыі суседняй краіны лічаць актам беспрэцэдэнтным. І Ўкраіна, і краіны Балтыі, і Беларусь баяцца аднойчы аказацца ў падобнай сытуацыі.

У Тбілісі адправіўся міністар замежных справаў Украіны.

Функцыі пасярэдніка ў канфлікце ўзяў на сябе прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі. Ён адправіў для сустрэчаў у Маскву і Тбілісі міністра замежных справаў краіны Бэрнара Кушнэра.

Калі ў пятніцу многія асуджалі Тбілісі за спробу расьсекчы Гордзіеў вузел, у суботу дзеяньні Тбілісі сталі падавацца адчайнай спробай згуляць на апераджэньне і сарваць задуманую анэксію.
Як вядома, да 1992 году этнічныя грузіны складалі большасьць насельніцтва Абхазіі і амаль палову жыхароў мікраскапічнай Паўднёвай Асеціі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?