Падводзячы вынікі першых 100 дзён свайго прэзідэнцтва, Дональд Трамп заявіў, што лічыць іх «самымі паспяховымі ў гісторыі краіны», паведамляюць інфармагенцтвы.

AFP

У сваім выступе ў штаце Пенсільванія амерыканскі прэзідэнт падкрэсліў, што шчыра верыць, што першыя 100 дзён яго адміністрацыі былі «самымі паспяховымі ў гісторыі краіны».

Падчас выступу прэзідэнт закрануў пытанні гандлю, міграцыі, працоўных месцаў. Ён паабяцаў пабудаваць на мяжы з Мексікай сцяну, што дазволіць больш эфектыўна змагацца з нелегальнай іміграцыяй. Таксама Трамп паабяцаў, што ўсе краіны НАТА будуць ўносіць свой фінансавы ўклад ва ўмацаванне бяспекі блока.

Прэзідэнт таксама паабяцаў грамадзянам адно з найбуйнейшых у гісторыі краіны скарачэнне падаткаў. Па словах Трампа, яго адміністрацыя «прапануе буйныя падатковыя льготы для сярэдняга класа і паніжэнне падаткаў для бізнесу з 35% да 15%».

«Вы ўбачыце: кампаніі будуць развівацца, яны вернуцца ў нашу краіну і больш не будуць яе зноў пакідаць, таму што падаткі і рэгулятыўныя нормы будуць сумленнымі», — сказаў Трамп.

Акрамя таго, Дональд Трамп раскрытыкаваў амерыканскія СМІ і абвінаваціў іх у вытворчасці фэйкаў. Ён заявіў, што калі праца СМІ — быць сумленнымі і казаць праўду, то яны заслугоўваюць «тлустай двойкі».

На штогадовую вячэру Асацыяцыі карэспандэнтаў пры Белым доме Трамп не паехаў. Асацыяцыя карэспандэнтаў з'явілася больш за 100 гадоў таму, у 1914 годзе, і з 1921 года яе спецыяльныя вячэры традыцыйна наведвалі прэзідэнты ЗША. Трамп парушыў традыцыю.

«Вядучыя (лжывыя) СМІ адмаўляюцца агучваць спіс нашых дасягненняў, у тым ліку 28 падпісаных законаў, узмацненне на межах і велізарны аптымізм», — напісаў ён у твітары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?