Зямля папаўзла па ўсім усходнім схіле Замкавай гары ў Навагрудку — гэта той, які над Фарным касцёлам. У выніку пасунулася зямля і пад нядаўна рэканструяванай Касцельнай вежай.

Гэтае фота зрабіла Таццяна Царук:

Апоўзні на горах бываюць выкліканыя дзейнасцю чалавека або зменай кірунку грунтовых вод. Змагацца з імі няпроста. Нагадаем, што гэтай зімой зямля папаўзла і на Замкавай гары ў Вільні. Там апоўзень быў выкліканы бяздумнай высечкай дрэваў і кустоў на схілах.

Праект умацавання Замкавай гары і вежы ў Наваградку, які быў ажыццёўлены ў 2013—2014 гадах, распрацоўваў «Гроднаграмадзянпраект». Апошні апоўзень азначае, што праект аказаўся няўдалы.

«Мы праводзілі сваё геалагіч­нае даследаванне, — расказваў «Нашай Ніве» тады яго галоўны інжынер Рышард Кацынель. — Па яго выніках мы распрацавалі праект умацавання схіла бура-ін’екцыйнымі сваямі — па-іншаму гэта зрабіць было немагчыма. А ўжо металічная канструкцыя для ўтрымання вежы будзе трымацца на буранабіўных сваях. Бетанавалі зімой, але раствор закачвалі пад зямлю, таму гэта не патрабавала адмысловых прысадак. Сваі добра трымаюць грунт», — сцвярджаў тады Кацынель.

Зараз, пасля апоўзню, патрэбны пастаянны маніторынг стану вежы, маніторынг прасадак па гарызан­талі, адхілення вежы ад вертыкалі. Сітуацыя патрабуе неадкладных крокаў.

Хочацца, каб беларусы захавалі для ўнукаў вежу Наваградскага замка такой, якой мы бачым яе цяпер, а не крушню пад гарой.

Навагрудскі замак стаіць на адным з самых высокіх узгоркаў краіны — 323 м над узроўнем мора. Калі стаіш на гэтай гары, перад вачыма рассцілаюцца прасторы.

Навагрудак (Наваградак) быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, рэзідэнцыяй Міндоўга. Замкавая гара з вежамі — гэта адзін з самых знакамітых беларускіх краявідаў. Мураваны замак тут паўстаў у XIV—XV стст.

З Навагрудкам і замкам звязаныя пачаткі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага — магутнай беларуска­-літоўскай дзяржавы, у якой наш народ перажыў свой Залаты Век.

Рэканструкцыя вежы ў свой час выклікала вялікія спрэчкі.

Чытайце яшчэ: Як вам тое, што зрабілі з вежай Навагрудскага замка? ШМАТ ФОТАЎ

Чытайце яшчэ: Драма ў нас на вачах: вежа Навагрудскага замка можа абрынуцца ў любы момант

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?