Жахлівае двайное забойства адбылося ў Слоніме. Ахвяры — скульптар Леанід Богдан і яго жонка.

Леанід Богдан.

Леанід Богдан.

Упраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама паведаміла дэталі трагедыі.

Падазраваным па справе праходзіць 17-гадовы ўнук скульптура. Ён жыў з 61-гадовай бабуляй і 64-гадовым дзядулем, паколькі ў маці другая сям'я ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, а бацька ў Мінску займаецца бізнэсам.

Праблем з грашыма ў сям'і не было, юнак вучыцца з сярэднім балам «7» у гімназіі.

Па словах затрыманага падлетка, трагедыя разгулялася каля апоўначы, калі пенсіянеры ўбачылі ў яго электронную цыгарэту. Сваякі не зразумелі, што гэта за прылада, думаючы, што яна звязаны з наркотыкамі. Такая версія абурыла ўнука, ён схапіў нож ды металічны шуфлік і гэтымі прадметамі забіў бабулю і сур'ёзна параніў дзядулю. Скульптар прасіў выклікаць хуткую, але юнак адправіўся ў гараж, узяў там сякеру і дабіў ёй дзядулю. Пазней вопратку і сякеру ён выкінуў у балаціну на рацэ Шчара.

Далей юнак накіраваўся ў Свята-Траецкі сабор і паведаміў святару, што ў хату нібыта ўварваліся рабаўнікі ў масках і здзейснілі забойства. Супрацоўнікі міліцыі вызначылі, што ніякіх рабаўнікоў не было, а забіў пенсіянераў іх уласны ўнук. На дадзены момант ён затрыманы, крымінальная справа заведзеная па артыкуле «Забойства».

Непаўналетняму пагражае да 15 гадоў зняволення.

* * *

Леанід Богдан — таленавіты беларускі скульптар. Ён не лез у вялікія мастакі, жыў у родным горадзе, тут пабудаваў сабе дом, майстэрню, дзе і працаваў. Гэта быў адзін з культурных, аўтарытэтных і інтэлігентных слонімцаў, піша радыё «Рацыя».

Ён нарадзіўся ў горадзе над Шчарай 64 гады таму назад. Шчыра любіў свой родны горад і нікуды адсюль не выязджаў. Роднаму гораду і людзям ён бясплатна дарыў свае працы. Сярод іх былі бюсты знакамітых землякоў, выявы Гражыны Адама Міцкевіча, Францыска Скарыны, паэтаў Анатоля Іверса, Валянціна Таўлая, Алега Лойкі, бюст Міхала Казіміра Агінскага і іншых вялікіх людзей.

Богдан выканаў з граніту мемарыяльную дошку, прысвечаную заснавальніку Слонімскага краязнаўчага музея Язэпу Стаброўскаму, якая цяпер знаходзіцца на будынку музея. Зрабіў мемарыяльную шыльду, прысвечаную Міхалу Казіміру Агінскаму і прымацаваў яе на будынку тэатра. Апошняя яго праца — мемарыяльны камень, устаноўлены на тым месцы, дзе было ў Слоніме замчышча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0