Падчас першамайскага святкавання ў Мінску звярнула на сябе ўвагу расцяжка, што патрапіла ў кадр фатографа Tut.by.
«Пятую калону ў пяты кут», — такія словы былі над маладзёнамі, якія трымалі ў руках сцяг прафкама БДУ.
Што гэтая студэнцкая арганізацыя хацела сказаць такім банерам?
Намесніца старшыні прафкама Дар'я Спяцанава адразу запэўніла, што прафкам студэнтаў БДУ да гэтай расцяжкі не мае дачынення.
«Гэтыя хлопцы з расцяжкай пра «пятую калону» — яны не нашыя. Яны каля нашых хлопцаў сталі, і я адразу папрасіла, каб яны гэта прыбралі ад нас і сталі ля сваёй арганізацыі. Я ў іх нават спытала: адкуль вы? БНТУ, кажуць. Пытаюся, а хто вам яе даў? Яны адказваюць — мы не ведаем. Вось так. У нас быў толькі наш сцяг, кепкі і майкі. А тая расцяжка… Неяк незразумела, не па тэматыцы з'явілася. Нам у інтэрнэце ўжо пішуць — а што гэта вы такое прынеслі? Мы адказваем, што не нашае. Аказалася так, што фатограф зрабіў здымак раней, чым мы папрасілі іх адысці», — сказала Спяцанава.
У прафкаме студэнтаў БНТУ нам настойліва параілі задаць пытанні, якія нас цікавяць, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
У прэс-службе федэрацыі пытанне пра «пятую калону» выслухалі, але адказу не далі, пакінуўшы абяцанне «высветліць і ператэлефанаваць».