Раскамнагляд унёс у спіс забароненых рэсурсаў адрасы месенджараў BlackBerry, Imo і Line. У пераліку таксама аказаўся аўдыёвізуальны чат Vchat, паведамляе ВВС.

Месенджары, якія раней адмовіліся рэгістравацца ў ведамстве ў статусе распаўсюджвальнікаў інфармацыі, былі ўнесены ў рэестр забароненых сайтаў з паметкай «Restricting». Гэта азначае, што ў будучыні Раскамнагляд будзе блакаваць усе сэрвісныя IP-адрасы і тэхнічныя дамены сэрвісаў.

Прадстаўнік Раскамнагляду Вадзім Ампялонскі пацвердзіў ўнясенне ўнясенне месенджараў у чорны спіс. «Мы сумесна з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, планамерна напаўняем рэестр арганізатараў распаўсюду інфармацыі. Тыя, хто не рэагуе, аказваецца пад блакаваннем», — сказаў Ампялонскі.

Раней у красавіку 2017 года на тых жа падставах быў заблакаваны мабільны дадатак Zello. Сэрвісам-рацыяй нярэдка карысталіся актывісты, у тым ліку дальнабойнікі, падчас каардынацыі пратэстных акцый.

Папраўкі ў закон «Аб інфармацыі, інфармацыйных тэхналогіях і абароне інфармацыі», распрацаваныя дэпутатам Ірынай Яравой і сенатарам Віктарам Озеравым, былі прынятыя ў Расіі ў 2014 годзе. Дакумент увёў паняцце «арганізатараў распаўсюджвання інфармацыі».

Пад ім маецца на ўвазе ўладальнік сэрвісу, які выкарыстоўваецца інтэрнэт-карыстальнікамі для абмену паведамленнямі. Гэтыя сэрвісы ўносяць у адпаведны рэестр Раскамнагляду.

Прыняты ў 2016 годзе пакет «антытэрарыстычных» законаў патрабуе ад «арганізатара распаўсюджвання інфармацыі» з 2018 года захоўваць звесткі пра адпраўленыя карыстальнікамі паведамленні на працягу паўгода і перадаваць праваахоўным органам ключы для расшыфроўкі паведамленняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?