Расейская авіяцыя атакуе тэрыторыю Грузіі, расейскія войскі ўвайшлі ў Абхазію.

Грузінская СМІ паведамляюць, што калі 50 расейскіх бамбавікоў учынілі налёты на тэрыторыю Грузіі за сёньняшнюю ноч. Немагчыма пацьвердзіць гэтыя зьвесткі.

Расея ўвяла войскі ў Абхазію, каля 9 тысячаў дэсантнікаў і 350 адзінак бронетэхнікі. Масква называе гэта «ўзмацненьнем міратворчага кантынгенту». Такім чынам у рэгіянальным канфлікце фактычна адчынены другі фронт.

Дзеяньні Расеі выклікаюць усё большую занепакоенасьць іншых краінаў. Расея мусіць спыніць ваенныя дзеяньні ў Грузіі, бо пасьля заявы Тблілісі аб спыненьні агню у Расеі няма падставы для іх вядзеньня. Гэтак заявіў намесьнік міністар замежных справаў Нямеччыны Гернот Эрлер. Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Вялікай Брытаніі Дэвід Мілібэнд заявіў, што Брытанія выказвае шкадаваньне з нагоды расейскіх ваенных дзеяньняў.

«Грузія — гэта сувэрэнная дзяржава, і яе тэрытарыяльная цэласнасьць мусіць паважацца, — заявіў прэзыдэнт Буш у Пэкіне. — Мы заклікалі да неадкладнага спыненьня агню. Мы заклікаем Расею спыніць бамбёжкі».

Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі міністар замежных справаў Францыі Бэрнар Кушнэр заявіў, што Саакашвілі «рашуча прыхільны да міру». Плян Францыі, якая цяпер старшынюе ў Эўрасаюзе, прадугледжвае неадкладнае спыненьне агню, адвод войскаў і захаваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?