Былы кандыдат у прэзідэнты і палітвязень Мікалай Статкевіч падзяліўся сваімі планамі на найбліжэйшы час. Палітык адмяняе вулічную акцыю 9 Мая, аднак заклікае людзей прыходзіць у цэнтр Мінска на 3 Ліпеня.

«Плануем толькі традыцыйную нашу акцыю 8 мая, у дзень, калі скончылася Другая сусветная вайна ў Еўропе. Гэта акцыя праводзіцца ад 1992 года, спачатку — Беларускім згуртаваннем вайскоўцаў, потым — «Народнай грамадой». А 12:00 мы збіраемся каля галоўнага ўвахода Вайсковых могілак, ідзем з кветкамі да магіл вызваліцеляў.

9 Мая мы папярэдне абвяшчалі акцыю. Яна ў нас разглядалася як рэзервная, калі б 1 Мая нам не далі правесці шэсце ў цэнтры Мінска. Па вызваленні я звязаўся з калегамі па БНК, якія яшчэ на волі, і мы вырашылі, што вельмі мала часу, каб раскруціць гэтую дату. Мы б хацелі, каб на веснавым этапе пратэстаў была пастаўленая годная кропка, каб мы захавалі за сабой Плошчу. І гэта было зроблена 1 Мая, людзі вярнуліся ў цэнтр Мінска, мы прымусілі ўладу гэта вытрымаць.

Навошта цяпер часціць, калі ўсё прайшло годна?

Я лічу гэта перамогай для будучых больш масавых пратэстаў. Улада ўсё адно будзе выганяць людзей на вуліцы сваёй палітыкай, адсутнасцю рэформаў, зніжэннем узроўню жыцця. Вельмі важна, каб старт новых пратэстаў адбываўся менавіта з цэнтра.

Гэта нашыя святы таксама: і 1 Мая, і 9 Мая, і 3 Ліпеня. Дзве апошнія даты — гэта святы перамогі над нямецкім фашызмам, над гітлерызмам. І чамусьці ўлада захапіла сабе гэтыя даты, мы павінны вярнуць іх сабе.

Што тычыцца 3 Ліпеня, то так атрымалася, што пануючы рэжым спаскудзіў два святы адначасова — і дзень вызвалення, і Дзень Незалежнасці. Таму і пачнем з 3 Ліпеня, плануем у гэты дзень правядзенне акцыі. Тэма вызвалення сёння зноў актуальная. Вельмі адметна, што перад Днём Волі амапаўцы хадзілі па Мінску з нямецкімі аўтаматамі.

Акцыя на 3 Ліпеня адбудзецца за некалькі дзён да правядзення Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая будзе праходзіць у Мінску 7 ліпеня. Гэта будзе ствараць дадатковую нагрузку. Альбо ўлада пакажа перад усёй Еўропай, што яна з сябе ўяўляе, альбо няхай трываюць.

Мы будзем яшчэ абмяркоўваць фармат акцыі 3 Ліпеня. У мяне ёсць пэўныя ідэі, але пакуль рана пра іх гаварыць. Ёсць розныя варыянты па часе і фармаце, але ўсё гэта будзе толькі ў цэнтры Мінска. Другая хваля пратэстаў, больш магутная, непазбежная. Таксама 3 Ліпеня — гэта маральная дата. У мяне на той вайне забілі дзеда за сувязі з партызанамі, загінуў брат бацькі на фронце. Мы маем права на пратэст.

Цяжка неяк супрацьстаяць прэвентыўным затрыманням. Хіба трэба дадаць больш публічнасці. Перад 3 Ліпеня, відаць, давядзецца ў рэжыме «стрыма» ўвесь час хадзіць, пастаянна здымаць усё на смартфон. Хаця могуць і ў эфіры забраць.

Але найлепшая абарона — гэта тое, што было 1 Мая. Хаця мяне як арганізатара затрымалі, аднак людзі ўсё адно выйшлі. Іншыя лідары БНК, а таксама Павел Севярынец узялі на сябе адказнасць. Мая павага і пашана да гэтых людзей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?