Фота: Getty Images/Bloomberg/Bartek Sadowski

Фота: Getty Images/Bloomberg/Bartek Sadowski

У сакавіку гэтага года Беларусь закупіла ў Турцыі рэкордную колькасць турэцкіх памідораў — на $17,7 млн, вынікае з інфармацыі Інстытута статыстыкі Турцыі (Туркстат). За ўвесь 2015 год Беларусь імпартавала памідораў на $7,9 млн. Такім чынам, аб'ём паставак у сакавіку ў два разы перавышае аб'ём, які Беларусь завезла за ўвесь 2015 год — у той час, калі забарона на ўвоз у Расію турэцкіх памідораў не дзейнічала і, такім чынам, не было і беларускага рээкспарту.

Рост закупак Беларуссю турэцкіх таматаў адбываецца на фоне прэтэнзій Рассельгаснагляду, які не раз выяўляў грузы з «саюзнай дзяржавы» з забароненымі да ўвозу прадуктамі, адзначаюць «Ізвестія».

Паводле звестак Туркстата, у 2016 годзе максімум, які ўвозіла Беларусь, быў зафіксаваны таксама ў сакавіку, але ён быў на $8,5 млн. Калі супаставіць квартал да квартала, то ў першыя тры месяцы 2016 года Беларусь закупіла ў Турцыі таматаў на суму $18,8 млн, сёлета — на $27,2 млн.

У прэс-службе Рассельгаснагляду паведамілі, што ў сакавіку—красавіку 2017 года тэрытарыяльнымі ўпраўленнямі службы «было спынена больш за 30 спроб увозу таматаў турэцкага паходжання, што сведчыць пра наяўнасць незаконных каналаў паставак з Рэспублікі Беларусь на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі санкцыйнай прадукцыі».

— Цяпер — сезон памідораў у Турцыі, у гэты перыяд пастаўляецца самая вялікая колькасць таматаў, прычым грунтовых. Кошты на іх нізкія, акрамя таго, сёлета ў Турцыі істотны рост ураджаю. Відавочна, турэцкія вытворцы разлічвалі, што расійскі рынак адкрыецца на фоне наладжвання адносін паміж краінамі. Калі гэтага не адбылося, прафіцыт таматаў паўплываў на зніжэнне кошту. Беларусь скупіла памідоры, імаверна, па нізкай цане, адпаведна гэтыя закупкі адаб'юцца на росце незаконных паставак памідораў у Расію. З улікам нізкай цаны на турэцкія памідоры прывабнасць для беларускіх кантрабандыстаў відавочная. Прычым рызыкі мінімальныя, бо такі бізнэс пакрываецца на дзяржаўным узроўні ў Беларусі, — адзначыў у інтэрв'ю «Ізвестіям» прэзідэнт расійскага Нацыянальнага саюза вытворцаў пладоў і гародніны Сяргей Каралёў.

Да ўвядзення эмбарга Расія была найбуйнейшым імпарцёрам турэцкіх памідораў, сума гадавога імпарту складала каля $250 млн. Такім чынам, сакавіцкія закупкі турэцкіх памідораў Беларуссю супастаўныя з сярэднемесячным закупкамі Расіі да забароны на імпарт.

У цэлым па выніках мінулага года Беларусь стала найбуйнейшым імпарцёрам турэцкіх памідораў. Аб'ём закупак склаў $42,4 млн, пішуць «Ізвестія».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0