Першую перамогу на баскетбольным алімпійскім турніры ў Пэкіне атрымалі нашы дзяўчаты. Іх суперніцамі былі латышкі.

Менавіта з геаграфічнымі суседкамі ў кастрычніку летась мы разыгрывалі бронзавыя мэдэлі чэмпіянату Эўропы. Тады ў Італіі нашы дзяўчаты аказаліся мацней, тое самае паўтарылася і на кітайскім паркеце.

У першым матчы турніру беларускі без варыянтаў прайгралі чэмпіёнкам сьвету з Аўстраліі, але спадзявацца на перамогу ў той гульні было троху самаўпэўнена. Аўстралійкі ні на хвіліну не далі засумнявацца ў сваёй кваліфікацый. Як вынік, фінальная сырэна зафіксавала наступныя лічбы на таблё – 64:83.

У матчы з латышкамі спадзяваньняў на перамогу было нашмат болей. Толькі першыя дзьве чвэрці матчу прайшлі ў адносна роўнай гульні. На вялікі перапынак каманды сыходзілі зь лікам 40:35 на карысьць нашых дзяўчат.

У трэцяй і чацьвёртай жа чвэрцях каманда Анатоля Буяльскага давяла сваю перавагу да зусім непрыстойных 23 пунктаў – 80:57. Асабліва магутна выглядала ў абароне Настасься Верамеенка, а ў атацы Алена Леўчанка (на здымку), якая набрала 22 пункты. Менавіта гэтыя дзьве баскетбалісткі зрабілі найбольшы ўклад у перамозе. Хаця старалася ўся каманда.

Нашы баскетбалісткі цалкам нэўтралізавалі лідэрку атак латышак і адну з найлепшых баскетбалістак сьвету Анітэ Якабсонэ. Іншыя прыбалткі таксама не змаглі ўзяць на сябе лідэрскія функцыі.

Беларускі атрымалі першую гістарычную перамогу на Алімпійскіх гульнях. Яшчэ ніколі дагэтуль прадстаўнікі нашай краіны не перамагалі на летніх Гульнях у камандных відах спорту.

Пасьля гэтай перамогі перад камандай Анатоля Буяльскага больш яскрава пачала вымалёўвацца чвэрцьфінальная пэрспэктыва.

Наступную гульню нашы дзяўчаты правядуць 13 жніўня супраць Расеі. Пачатак а 4:00 па беларускім часе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?