Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі (АДС) вылучылі ў склад участковых выбарчых камісій больш як 1.300 чалавек. Аб гэтым паведаміў каардынатар кампаніі «За свабодныя выбары» Віктар Карняенка.

Найбольш актыўна сваіх прэтэндэнтаў вылучала Партыя камуністаў Беларуская — каля 450, Аб’яднаная грамадзянская партыя — 360.

В.Карняенка зазначыў, што гэта не канчатковыя дадзеныя. «Цяпер мы ўдакладняем інфармацыю аб вылучэньні прэтэндэнтаў у склад участковых камісій Партыяй БНФ, а таксама аб вылучэньні ў Менскай і Берасьцейскай абласьцях. У цэлым колькасьць нашых прэтэндэнтаў у склад камісіі можа павялічыцца да 1.500», — сказаў ён.

Каардынатар кампаніі «За свабодныя выбары» лічыць, што частку прэтэндэнтаў ад АДС уключаць у склад участковых камісій. «Думаю, што пры фарміраваньні ўчастковых камісій будзе прасочвацца тая ж тэндэнцыя, што і пры фарміраваньні акруговых камісій. Нашых прадстаўнікоў будуць уключаць ва ўчастковыя камісіі, якія знаходзяцца ў складаных сельскіх акругах, дзе эфэктыўна арганізаваць кампанію па вылучэньні кандыдатаў і па назіраньні за выбарамі вельмі складана. Таксама, хутчэй за ўсё, будуць уключаць прэтэндэнтаў, на якіх лягчэй аказаць ціск, напрыклад, тых, хто працуе на дзяржпрадпрыемствах», — паведаміў ён.

В.Карняенка таксама зазначыў, што АДС будуць задаволеныя фарміраваньнем участковых камісій, калі «ў іх уключаць усіх нашых прэтэндэнтаў». «Мы і так вылучаем сьціплыя патрабаваньні: у нас 1.300—1.500 прэтэндэнтаў на 6,5 тысячы ўчастковых камісій», — падкрэсьліў ён.

Вылучэньне прэтэндэнтаў у склад участковых выбарчых камісій завяршылася 10 жніўня. Па 13 жніўня яны будуць утварацца раённымі, гарадзкімі выканаўчымі камітэтамі і мясцовымі адміністрацыямі. Усяго будзе створана 6.485 участковых камісій, з іх 287 — у стацыянарных лячэбных установах, 66 — у воінскіх часьцях. Найбольшая колькасьць участковых камісій будзе створана ў Мінскай і Гомельскай абласьцях — 1.125 і 1.121 адпаведна. У Брэсцкай вобласьці будуць створаны 982 участковыя камісіі, у Віцебскай — 948, у Магілёўскай — 839, у Гродзенскай — 775, у Мінску — 695.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?