Расія ўвядзе пагранічны кантроль самалётаў і пасажыраў, якія прыбываюць з Беларусі і адлятаюць туды. З 15 мая ўсе рэйсы паміж Расіяй і Беларуссю будуць пераведзены ў міжнародныя тэрміналы расійскіх аэрапортаў.
Пра гэта распавёў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, паведамляе BFM са спасылкай на ria.ru.
Новыя правілы не закрануць грамадзян Расіі і Беларусі, дадаў ён.
Рапота растлумачыў, што адзіным змяненнем, якое закране грамадзян Расіі і Беларусі, стане абавязак захоўваць пасадачны талон, які яны павінны будуць прадставіць пры праходжанні кантролю ў аэрапортах Расіі.
«Адзнакі аб перасячэнні мяжы ў пашпарце прастаўляць не будуць», — падкрэсліў Рапота.
Перасякаць мяжу грамадзяне дзвюх краін будуць па ўнутраных пашпартах. Новы парадак не ўшчамляе правы расейцаў і беларусаў, лічыць Рапота.
«Для расіянаў і беларусаў нічога не мяняецца — як яны перасякалі мяжу без абмежаванняў, так і будуць перасякаць. Калі для зручнасці будзе патрэбны дадатковы калідор, значыць, памежнікі яго ўвядуць. Пра гэта дамоўленасць з імі ёсць», — заявіў ён.
Пры гэтым Рапота сказаў, што яму нічога не вядома пра тое, ці будуць аналагічныя меры ўведзены для іншых відаў транспарту.
***
У лютым Расія ўстанавіла памежную зону на межах Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай абласцей з Беларуссю. Загад аб гэтым выпусціў дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў. Да гэтага на мяжы краінаў не было пагранічных зон.
За месяц да гэтага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб бязвізавым ўездзе ў краіну для грамадзян 80 краін на тэрмін не больш за пяць сутак. Дазвол распаўсюджваецца на краіны Еўрасаюза, а таксама ЗША, Канаду, Кітай, Японію, Бразілію і іншыя.