Расійскі партал Лайф заяўляе: па інфармацыі журналістаў, у Расію трапілі няякасныя растворы для ін'екцый. Пастаўшчык лекаў — беларускія прадпрыемствы.

Ілюстрацыйнае фота

У Калінінградзе, Мардовіі і Валагодскай вобласці былі знойдзены партыі антыбіётыкаў і раствораў для ін'екцый з бітым шклом і механічнымі часціцамі ўнутры, сцвярджае Лайфньюз. Прэпараты зроблены на заводах Беларусі.

Якасць усіх лекаў у Расіі правярае Расздароўенагляд: адбірае пробы, вывучае партыі таблетак, ампул, спрэяў.

Па інфармацыі расійскіх журналістаў, у апошнія месяцы спецыялісты знаходзяць прымешкі у леках, якія паступаюць з Беларусі, лік ідзе на дзясяткі ампул.

«За студзень — красавік былі выпадкі ў Калінінградзе, у Чарапаўцы і ў Саранску. Знайшлі растворы для ін'екцый і кропельніц з аскепкамі шкла і іншымі механічнымі часціцамі, — распавяла крыніца «Лайф» ў Расздароенаглядзе. — Мы накіравалі інфармацыйныя лісты ў рэгіёны, каб там канфіскавалі ўсе падазроныя партыі прэпаратаў гэтых серый і знішчылі».

Ва ўсіх пералічаных выпадках лекі вырабілі беларускія заводы — РУП «Белмедпрэпараты» і ААТ «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў».

«Белмедпрэпараты» пакуль не далі каментар.

Прадстаўнікі Барысаўскага завода кажуць: такія выпадкі адзінкавыя, а на прадпрыемстве дзейнічае найстражэйшы кантроль якасці.

«Гэтыя памылкі існуюць, але ў нас толькі 0,1% забракаваных ад усіх выпушчаных серый прэпаратаў. І калі ў нас нешта выяўляецца, то мы праводзім расследаванне і дакладваем у Расздароўенагляд», — распавяла намеснік дырэктара па якасці Барысаўскага завода Таццяна Батура.

Па словах Батуры, у выпадку, напрыклад, з растворам пентаксіфіліна завод на працягу двух дзён пасля атрымання прадпiсання з Расіі адрэагаваў і правёў уласнае расследаванне: якімі былі ўмовы вытворчасці і кантролю якасці на момант, калі выпускалі гэтыя серыі прэпаратаў.

А ў выпадку з бітым шклом у ампуле кафеіну, кажа Батура, карціна, хутчэй за ўсё, выглядала так. Пры заліве раствора ў ампулы нейкая з іх лопнула. Пабітую ампулу прыбралі, але адзін аскепак мог адскочыць у суседнія прэпараты. Тое, што аскепак прапусцілі, Батура тлумачыць чалавечым фактарам.

Батура распавяла, што пасля таго, што здарылася, дадаткова правялі навучанне супрацоўнікаў і праверылі абсталяванне. Яна дадала, што з наступнага года праглядаць прэпараты будуць не толькі супрацоўнікі: на заводзе ўвядуць сістэму аўтаматызаванага кантролю.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру