9 мая ў Кіеве адбудзецца першы паўфінал міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне». Трансляцыя — на тэлеканале «Беларусь 1», пачатак — у 23.00.

Распавядаем у некалькіх словах пра выступоўцаў і дадаём іх песні. Пішыце ў каментарах ваш топ-3 найлепшых выступоўцаў першага паўфіналу.

Швецыя. Robin Bengtsson — I Can't Go On

Папулярнасць напаткала спевака пасля ўдзелу ў конкурсе «Idol 2008», дзе ён заняў трэцяе месца. У дыскаграфіі Робіна 13 сінглаў і ніводнага альбома. Але гэта не перашкодзіла яму перамагчы ў адборы на Еўрабачанне з запальнай песняй «I Can't Go On». 27-гадовы швед з’яўляецца адным з сёлетніх фаварытаў.

Грузія. Tamara Gachechiladze — Keep The Faith

Тамара «Тако» збіралася прадстаўляць сваю краіну яшчэ ў 2009 годзе, але была дыскваліфікаваная за палітычны змест песні. Разам з квартэтам яны хацелі выканаць песню «We Don't Wanna Put In». Сёлета грузінка будзе выступаць сольна з песняй «Keep The Faith» (Захавай веру)».

Аўстралія. Isaiah — Don't Come Easy

Аўстралія даказала, што можа здзіўляць на Еўрабачанні. У гэтым годзе краіну будзе прадстаўляць 17 гадовы спявак. Айзая у 2016 годзе ўдзельнічаў у мясцовым конкурсе X-фактар, увесь свой час прысвячае музыцы. Паводле яго слоў, найбольшы ўплыў на яго зрабіла Марайя Кэры, з якой спявак хоча калі-небудзь праспяваць дуэтам. Яго поп-баллада «Don’t Come Easy» распавядае пра мару і змаганне за яе.

Албанія. Lindita — World

Ліндыта праклала сваю сцежку да папулярнасці праз перамогі ў конкурсе «Top Fest» і ўдзел у шоу «Амерыканскі ідал». Ліндыта нарадзілася ў горадзе Віці на поўдні аўтаномнай рэспублікі Косава ў Югаславіі. У 2014 годзе дзяўчына заняла трэцяе месца на конкурсе «Festivali i Këngës», а летась там жа перамагла, што дала ёй права прадстаўляць краіну на конкурсе.

Бельгія. Blanche — City Lights

Яшчэ адна фаварытка сёлетнага конкурсу. Эллі Дэлвокс, якая выступае пад псеўданімам Blanche нарадзілася ў Брусэлі. Вы не паверыце, але ёй усяго 17 год. Спявачка ўдзельнічала ў розных конкурсах, але не са сваімі песнямі. Яе «City Lights» («Агні гораду») — першая ўласная песня. Прычым, мяркуючы па стаўках букмекераў, выйшла даволі добра:

Чарнагорыя. Slavko Kalezić — Space

А вось магчымы канкурэнт Канчыты Вурст. Слаўка мае доўгую касу, якая вельмі прыцягвае ўвагу. Сам спявак з дзяцінства быў звязаны з творчасцю — вучыўся ў акадэміі мастацтваў, граў у Нацыянальным тэатры, здымаўся ў кіно. У 2011 годзе распачаў музычную кар’еру і мае ўжо адзін альбом. Ягоны выступ на Еўрабачанні можа быць дастаткова ўражлівым.

Фінляндыя. Norma John — Blackbird

Фінскі дуэт Леены і Лассэ. Паміж сабой яны знаёмыя вельмі даўно і займаюцца музыкай больш за 15 год. Песня іх сапраўды па-скандынаўску суворая і адначасова прыгожая. Сваёй музыкай гурт спрабуе аб’яднаць людзей і культуры. Паглядзіце ці ўдаецца ім гэта.

Азербайджан. Dihaj — Skeletons

Дыяна Гаджыева, вакалістка «Dihaj», мае ўкраінскія карані. Нарадзілася ў 1989 годзе ў Марыупалі. З дзяцінства займалася музыкай, скончыла музычную акадэмію, займалася джазам на прафесійным узроўні. Яшчэ ў 2010 годзе Дыяна спрабавала перамагчы ў нацыяльным адборы, але не змагла прайсці ў фінал. У 2014 быў створаны гурт «Dihaj», з якім спявачка збіраецца перамагчы на Еўрабачанні-2017. Бубначом у гурце, дарэчы, з’яўляецца муж Дыяны.

Партугалія. Salvador Sobral — Amar Pelos Dois

Думалі, што толькі Naviband будуць спяваць на роднай мове? Не-а! Партугалец Сальвадор Сабрал адзіны ў першым паўфінале, хто будзе спяваць не па-англійску. І ў яго даволі неблагія шанцы, бо ён і італьянец сёння на першых месцах у букмекераў. Негледзячы на сваю сціпласць, Сальвадор у дзяцінстве аб’ездзіў увесь свет, удзельнічаў у шматлікіх конкурсах і мае свой сольны альбом. Магчыма ён скарыў усіх сваёй прастатой?

Грэцыя. Demy — This is Love

Афінская прыгажуня Дзімітра Пападэя таксама мае дастаткова вялікія шанцы на выхад у фінал. Дзяўчыну заўсёды цягнула ў музыку, негледзячы нават на тое, што яна мае вышэйшую юрыдычную адукацыю. Праект «Demy» Дзімітра заснавала яшчэ ў 2011 годзе. З таго часу спявачка мае 2 альбомы, 15 сінглаў, узнагароды ад MTV, грэцкіх тэлеканалаў, часопісаў і г.д.

Польшча. Kasia Moś — Flashlight

Кася Мось нарадзілася ў сям’і вядомага польскага дырыжора Марка Мося. З дзяцінства яна ішла па бацькавым шляху — скончыла музычную школу, а пасля факультэт джаза і забаўляльнай музыкі па класу вакала. У 2002 годзе яна запісала сваю першую песню, у 2011 ужо грала ў клубах Лас-Вегаса, а ў 2015 выпусціла сольны альбом. Пасля перамогі ў нацыянальным адборы Кася не губляла час і праехалася турам па Еўропе, таму ў яе таксама вельмі добрыя шанцы на выхад у фінал.

Малдова. Sunstroke Project — Hey Mamma

Ну куды ж без выканаўцаў, ад якіх так і прэ пазітывам. Гурт «Sunstroke Project» ужо прадстаўлялі Малдову на конкурсе ў 2010 годзе, але тады занялі 22-е месца. Але тады яны так яскарава выступілі, што іх саксафаніст стаў мемам. У 2012 гурт таксама спрабаваў прабіцца на Еўрабачанне, але з-за абвінавачвання ў плагіяце не прайшлі нават у першы этап нацыянальнага адбору. Сёлета гурт таксама выступае з даволі яркай песняй, але букмекеры не надта высока ацэньваюць іх шанцы.

Ісландыя. Svala — Paper

Яшчэ адна спявачка з сям’і музыкаў. Бацькі Свалы — вядомыя спевакі ў Ісландыі. У 7 год дзяўчына была на бэк-вакале ў свайго бацкі. У сваёй краіне Свала яшчэ ў дзяцінстве праславілася, дзякуючы выкананню калядных песень. Спявачцы ўжо 40 год і ёй сапраўды ёсць што паказаць — мае сваю лінію вопраткі, два альбомы, а яе песні набіраюцца сотні тысяч праслухоўванняў. Паглядзім як гэта ацэніць аўдыторыя Еўрабачання.

Чэхія. Martina Bárta — My Turn

Марціна Барта вядома ў Чэхіі ў першую чаргу як адкрыццё джазавай сцэны. У сваёй біяграфі яна адзначае ўменне граць на валторне і удзел у мюзікле «Робін Гуд». Разам з сястрой у 2016 годзе яна атрымала ўзнагароду за найлепшае выкананне джазавай песні ў Чэхіі. Пра сваю песню ў інтэрв’ю мясцовай газеты яна сказала так: «Я бы не змагла выйсці да вялікай аўдыторыі з песняй, якая б цалкам мяне не ідэнтыфікавала. Я веру што «My Turn» і ёсць тая самая песня».

Кіпр. Hovig — Gravity

Кіпрскі спявак армянскага паходжання Овіг Дэмірчан не з самага пачатку вырашыў, чым ён хоча займацца. Скончыўшы ўніверсітэт, ён працаваў маркетолагам у офісе, але ў пэўны момант зразумеў, што хоча іншага. Так Овіг і распачаў кар’еру спевака. Ён навучыўся граць на гітары і фартэпіяна, а таксама вывучаў джаз і вакал. Овіг стаў вядомы, дзякуючы ўдзелу ў шоу X-фактар у 2009 годзе, дзе ён фінішаваў на сёмым месцы. Пакуль 28-гадовы Овіг мае толькі 4 альбомы, але калі яму падвернецца ўдача, то яго музычная кар’ера будзе ісці далей уверх.

Арменія. Artsvik — Fly With Me

Спявачка Арцвік будзе вядомая аматарам расійскага шоу «Голас», бо яна ўдзельнічала там у 2-м сезоне. У 5 год разам з бацькамі яна пераехала ў Маскву, там адвучылася ў школе з матэматычным ухілам, пасля скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці псіхолаг-лагапед. Але музыка перамагла. У 2012 годзе Арцвік удзельнічае адразу ў двух конкурсах і гэта прыносіць ёй пэўную папулярнасць. Дзякуючы выступам у яе атрымалася прадставіць Арменію на Еўрабачанні ў Кіеве. У сваіх песнях Арцвік выкарыстоўвае народны матывы, часам пераспявае народныя песні.

Славенія. Omar Naber — On My Way

Шырокую вядомасць Амар атрымаў, перамогшы ў 2004 годзе ў шоу маладых талентаў. Тады ж спявак прэзентаваў сваю першую песню. У 2005 годзе Амар ужо прадстаўляў Славенію на конкурсе, але трапіць у фінал не ўдалося. У дыскаграфіі спевака 2 альбомы, 9 сінглаў, ёсць некалькі відэакліпаў. На радзіме Амар мае шмат узнагарод. Сёлета спявак абраў вакальна моцную песню для Еўрабачання.

Латвія. Triana Park — Line

А закрываць першы паўфінал Еўрабачання будзе латвійскі гурт, які толькі з шостага разу змог перамагчы ў фінале нацыянальнага адбору. Іх упартасць апраўдалася галасамі гледачоў, якія вызначылі іх перамогу. «Triana Park» выступаюць на буйных еўрапейскіх фестывалях, іх альбом быў намінаваны на Латвійскую музычную прэмію. Сваю песню гурт тлумачыць такім чынам: «Лінія» — футурыстычнае бачанне, у якім Зямля гіне. Уцекачы, тэрарыстычныя акты, забойствы ў імя палітыкі і высокіх мэтаў. Такі свет, які ніколі не перажыў перамогу разумнага чалавека над злом і не ведаў момант, калі трэба правесці рысу і спыніцца.

Трансляцыя першага паўфінала пачнецца ў 23:00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?