Згодна са справаздачай кампаніі Muso за 2016 год, якая займаецца распрацоўкай тэхналогій для барацьбы з пірацтвам, кожны беларускі інтэрнэт-карыстальнік штогод наведвае сайты з пірацкім кантэнтам у сярэднім 284 разы, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам у свеце.
Muso зрабілі вялікую і падрабязную справаздачу, прааналізаваўшы 23 тысячы сайтаў з самым вялікім трафікам і каля 200 млн прылад у 220 краінах свету.
Усяго за 2016 год было зафіксавана каля 191 мільярда фактаў пірацтва. Колькасць фактаў пірацтва за год у сярэднім на аднаго чалавека па катэгорыях выглядае наступным чынам:
| Прагляд відэа | 32,05 |
| Торэнты | 10,15 |
| Вэб-запампоўка | 8,79 |
| Крадзеж анлайн-патокаў | 2,34 |
| Усяго: | 53,33 |
Відавочна, што найбуйнейшымі спажыўцамі пірацкага кантэнту з’яўляюцца вялікія краіны, дзе агульная колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў высокая:
| 1. ЗША | 20,4 млрд |
| 2. Расія | 14,1 млрд |
| 3. Індыя | 9,8 млрд |
| 4. Бразілія | 8,3 млрд |
| 5. Францыя | 8,1 млрд |
| 6. Турцыя | 7 млрд |
| 7. Вялікабрытанія | 6,9 млрд |
| 8. Германія | 5,9 млрд |
| 9. Польшча | 5,5 млрд |
| 10. Іспанія | 4,9 млрд |
Але калі прааналізаваць колькасць наведванняў пірацкіх сайтаў у сярэднім на аднаго інтэрнэт-карыстальніка за год, рэйтынг выглядае інакш, і Беларусь тут займае першае месца.
| 1. Беларусь | 283,83 |
| 2. Літва | 269,08 |
| 3. Грузія | 242,58 |
| 4. Украіна | 236,76 |
| 5. Латвія | 231,52 |
| 6. Румынія | 211,48 |
| 7. Польшча | 197,33 |
| 8. Эстонія | 193,16 |
| 9. Сінгапур | 179,38 |
| 10. Ізраіль | 176.87 |
Цікава тое, што першыя 8 радкоў займаюць краіны былога СССР і яго ўсходнееўрапейскія сатэліты. Нават тыя краіны Усходняй Еўропы, якія сталі членамі Еўрасаюза і ўвялі больш жорсткае заканадаўства, так і не пазбавіліся ад праблемы пірацтва. Імаверна, гэта можна растлумачыць тым, што ў нашым рэгіёне інфармацыя дагэтуль не ўспрымаецца як тавар, за які трэба плаціць. Цікавым выглядае з’яўленне ў топ-10 такіх высокаразвітых краін, як Сінгапур і Ізраіль.
Акрамя прыватнай кампаніі Muso, свой рэйтынг самых «пірацкіх» краін складае і Міжнародны альянс інтэлектуальнай уласнасці (IIPA). У іх рэйтынг за 2016 год Беларусь не патрапіла, а самай «пірацкай» дзяржавай была названая Украіна. Яна разам з Кітаем, Чылі, Індыяй, Мексікай, Расіяй, Тайванем і В'етнамам трапіла ў спіс самых «пірацкіх» краін.