Украінскае аддзяленне арганізацыі Amnesty International асудзіла затрыманне дэманстрантаў з савецкай сімволікай падчас дэманстрацыі з нагоды 9 мая.

Напярэдадні ў Дняпры адбылася бойка паміж удзельнікамі «Маршу перамогі» і ветэранамі АТА. Канфлікт разгарэўся з-за выкарыстання на шэсці савецкай атрыбутыкі. У выніку бойкі частка людзей была затрыманая.

Дырэктарка ўкраінскага прадстаўніцтва Amnesty International Аксана Пакальчук назвала недапушчальнымі затрыманне мірных грамадзян і забарону савецкай сімволікі.

«Такія меры не толькі не вызваляюць Украіну ад савецкай спадчыны, ад драконаўскіх законаў і практык савецкіх часоў, але, наадварот, збліжаюць з імі нас і нашу краіну», — сказала Покальчук.

У Amnesty International лічаць, што забарона сімволікі, звязанай з камуністычнай партыяй і савецкім мінулым, парушае права на свабоду выказвання меркавання, а затрыманне ўдзельнікаў мірных акцый — гэта крок да абмежавання свабоды слова і сходаў з боку ўкраінскіх уладаў.

У арганізацыі запатрабавалі вызваліць усіх затрыманых дэманстрантаў і расследаваць выпадкі прымянення сілы на якія прайшлі 9 мая акцыях.

Яшчэ 6 мая кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў заявіў, што праваахоўныя органы будуць спыняць антыўкраінскія праявы 9 мая.

«На ўсіх дэманстрацыях і маршах, запланаваных у гэты дзень, падраздзяленні Нацыянальнай паліцыі і Нацгвардыі не пацерпяць ні антыўкраінскую сімволіку, ні антыўкраінскія заявы! Усе адпаведныя спробы з боку сіл, якія прагнуць правакацый, будуць спыненыя», — заявіў ён.

Закон аб дэкамунізацыі быў прыняты ва Украіне ў красавіку 2015 года. Акрамя забароны на выкарыстанне савецкай сімволікі, дакумент таксама ўтрымлівае прадпісанне аб дэмантажы помнікаў камуністычным дзеячам і перайменаванні названых у іх гонар населеных пунктаў і вуліц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?