Мабыць, адна з самых балючых ран, якую цяперашняя ўлада нанесла беларускаму грамадству, — комплекс турмы.

Бачу ў стужцы абмеркаванне беларусамі акцыі пранкера Седзюка, які агаліў азадак перад камерамі «Еўрабачання», і разумею, наколькі глыбока засела турэмная эстэтыка ў галовах. «Хай цяпер сукамернікам дупу паказвае», «апусцяць», «правільную яму параду ўкраінскі міністр даў»…

Хто не ў курсе, украінскі міністр унутраных спраў Авакаў прыгразіў Седзюку 5 гадамі турмы і выказаўся пра тое, што ён не рэкамендуе паказваць азадак сукамернікам. Міністр ведае ў гэтым толк — хто ж яшчэ, як не ментаўская вярхушка, аддае крымінальнікам загады «апусціць» нядобранадзейных. Маючы такі інструментарый, як збіццё, адмову ў перадачах, прадастаўленне УДВ, адмову ва УДВ і г.д. Нескладана арганізоўваць самыя подлыя рэпрэсіўныя працэдуры ў закрытых ад вачэй зонах і турмах. Але размова не пра Авакава.

Славутая надуманая беларуская талерантнасць — гэта мікст з антысемітызму, ксенафобіі, расізму і гамафобіі, дзе апошні элемент з'яўляецца ключавым, паколькі менавіта гамафобіі ў Беларусі кіраўніцтвам краіны нададзены статус адной з ключавых вартасцяў грамадства. Менавіта праз артадаксальнае непрыманне гомасэксуальнасці Лукашэнка адбудоўвае свой уласны імідж «гэтага мужыка». Падобная канструкцыя была б вельмі хісткай, але ў яе ўмацаванні адну з ключавых роляў грае дэмакратычная апазіцыя.

Прайшоўшы масава праз турмы і зоны, яна прыўнесла ў грамадства крыху забытую турэмную эстэтыку, дамінуючую ў 90-я. Прычым дэклараванне гамафобіі, у адрозненне ад лабавой трактоўкі Лукашэнкі, мае ў апазіцыйным асяроддзі значна больш складаную структуру: ад рэлігійнай, у выкананні прадстаўнікоў «Маладога фронту» і хрысціянскіх дэмакратаў, да мускуліннай і грамадска небяспечнай у трактоўцы «старэйшых таварышаў» з розных партый і рухаў.

У прыватных размовах, калі ты гучна здзіўляешся: «Што за х*рня, чаму вы цягнеце ў свецкае жыццё крымінальную эстэтыку?» — табе ў 99 выпадках са 100 адказваюць: «А калі я ў турму траплю, ты можаш гарантаваць, што мяне не «апусцяць»?». Не магу, вядома. Але не магу і гарантаваць, што цябе «апусцяць», калі ты не прысягнеш на якім-небудзь «дапаможніку па гамафобіі для жыхароў вёскі».

У выніку гамафобная тэма, якая перманентна ўзнікае ў дыскусіях прадстаўнікоў апазіцыі, не выклікае ў неазнаёмленых грамадзян ніякай іншай рэакцыі, акрамя здзіўлення: «А чаго гэта яны ўвесь час пра геяў спрачаюцца?». Не магу адказаць на гэтае пытанне сваёй знаёмай журналістцы: можа быць, зарабляюць індульгенцыю на наступнае трапленне ў турму, а можа, маска ўжо зраслася з тварам.

А што да пранкера Седзюка, дык на тое ён і пранкер; чытай — клоўн. Дарэчы, да гэтага ён ужо адзначыўся тым, што пацалаваў у азадак Кім Кардаш'ян; даў аплявуху Брэду Піту; выйшаў атрымліваць «Грэмі» за Адэль, чым прывёў у шал Джэніфер Лопес, якая рыхтавалася гэты прыз уручыць. Не ведаю, як вам, а мне смешна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?