Рональд Рэйган сцвярджаў, што асобу чалавека найлепш адлюстроўваюць не абставіны, у якія мы трапляем, але наша на іх рэакцыя.

У моманты цяжараў, расчараванняў і выклікаў мы можам даведацца болей, чым за доўгія гады і часы камфорту. Пасля тыдня ў коме медыкі сцвярджалі, што Дэрэн Бут з 90-працэнтавай імавернасцю больш не здолее зрабіць ані кроку і застанецца спаралізаваным. Для маладога англічаніна, які марыў выводзіць «Лідс Юнайтэд» у Лігу Чэмпіёнаў і ажаніцца, гэта быў самы страшны прысуд. Нехта апусціў бы рукі, аднак спадар Бут здолеў перамагчы дэпрэсію, наркатычную спакусу і знайшоў прагу да жыцця.

Цяпер ён здольны прабегчы Мінскі марафон, гарэзліва кіруе брытанскай машынай з правым стырном па беларускіх дарогах, вядзе ІТ-бізнэс, а таксама марыць выкупіць цэлую вёску, каб дапамагаць людзям з інваліднасцю ці залежнасцямі. Пра ўменне прымаць трагічныя здарэнні, пра каханне з беларускай, выгоды жыцця ў Беларусі і многае іншае Дэрэн шчыра распавёў «Нашай Ніве».

Лідс — найбольшая любоў і найбольшая памылка

Дэрэн Бут нарадзіўся на поўначы Англіі — у Лідсе.

Гэта цэнтр вугальнага басейна, а яшчэ тут Джон Толкін упершыню здабыў пасаду прафесара ангельскай філалогіі. Для некаторых назва горада яшчэ асацыюецца з футбольнай камандай з трагічнай гісторыяй і яе шалёнымі ды вернымі заўзятарамі.

«Як і многія хлопцы ў Лідсе, я марыў гуляць у футбол і мне пашчасціла займацца ў славутай акадэміі «Лідс Юнайтэд».

Як мясцовы хлапец, я трызніў «Лідсам» і вырашыў застацца ў ім. Сёння я разумею, што гэта была найвялікшая памылка майго жыцця. Праўда, «Лідс» тады быў неймаверным. Прыгадайце Рыа Фердынанда, Гары К’юэла, Лі Боера, Яна Гарта, Джонатана Вудгейта… Гэта быў фантастычны час. У гэта цяжка паверыць цяпер, калі Лідс змагаецца за вяртанне ў прэм’ер-лігу.

Грошы не вырашаюць усё, але вырашаюць многа

Мой сябар перайшоў з юнацкага «Лідса» ў «Манчэстар Юнайтэд». Для кар’ерных перспектыў ён зрабіў верны крок, здабыў кантракт, паводле якога зарабляў на 12,5 тысяч фунтаў на тыдзень больш, а я ўсё хацеў захаваць вернасць роднаму клубу… Ведаеце, футбол — гэта не толькі грошы. Сёння кітайская ліга прапануе гульцам 500 тысяч даляраў на тыдзень… І што? Усім трэба пераехаць у Кітай? Для мяне футбол больш нагадвае хобі, якое ты любіш і за якое яшчэ атрымліваеш грошы. Маё меркаванне адносна працы, гэта калі ты вымушаны нешта рабіць, каб здабыць грошы, а калі ты атрымліваеш асалоду і любіш тое, што робіш, — гэта проста хобі».

Футбольная каманда надзвычай папулярная ў Лідсе. Людзі там проста літаральна жывуць футболам. Вы б толькі бачылі, што адбывалася ў горадзе пасля таго, як «Лідс» зваліўся ў чэмпіёншып пасля Лігі чэмпіёнаў. Усе цяпер жывуць марамі аб вяртанні ў прэм’ер-лігу. Кажуць, што, калі каманда здолее здабыць пуцёўку ў прэм’ер-лігу, нас зможа выкупіць кітайскі мільярдэр. Надзеі звязваюць найперш з новым кіраўніцтвам. Каманду ўзначаліў італьянец, які не так даўно ўдала прадаў італійскі «Інтэр» кітайскім інвестарам. Сёння «Лідс» мае 7-ю наведвальнасць сярод усіх каманд усіх англійскіх ліг! А гэта моцны паказчык. 

Першае здарэнне і крыж на футбольных марах

Мае першыя абавязкі былі звязаныя з аўтобусамі. Калі мне было 13, мне прыходзілася кожныя выходныя сядаць у аўтобус, праязджаць 15 міляў і дапамагаць бабулі, якая была ў цяжкім стане. Хадзіць у краму, прыбіраць. Яна давала мне 10 фунтаў за такую дапамогу. Тады я і падумаць не мог, што сам апынуся неўзабаве ў няпростым становішчы.

Першае здарэнне, якое кардынальна змяніла маё жыццё адбылося якраз, калі мы ехалі ў аўтобусе. Ён сутыкнуўся з машынай, а я ў выніку няўдала зваліўся і пашкодзіў грудзі і спіну. Косць ад удара пачала няправільна расці і ціснула на сэрца. Я тады гуляў за рэзервы. Пачаліся болі, дыскамфорт. Лекары парэкамендавалі абмежаваць спартовыя практыкаванні.

Для мяне гэта было жудаснае расчараванне і крах усіх мараў. Я зразумеў, што дарога ў прафесійны спорт для мяне практычна зачынена. Гэта цяпер я разумею, што ўсё ў жыцці адбываецца не без прычыны. Іначай я б не сядзеў тут, не ажаніўся і не меў дачкі. 

Я стаў дзіцячым трэнерам. Нашая каманда U-15 і U-16 прайграла ўсяго два разы за два гады. Гэта, канечне, не Ліга чэмпіёнаў і нават не Кубак Англіі, але вынік быў выдатны.

Я не хацеў жыць у Англіі з-за надвор’я…

«Чым больш я жыў, тым больш разумеў, што ў Англіі я жыць не хачу. Жудаснае надвор’е. Дождж, дождж, усё вельмі дорага, няветлівыя людзі.

Мне хацелася знайсці сябе і быць незалежным, пабачыць жыццё за межамі Англіі. На Канарах я пачаў працаваць з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, як аніматар. Мы праводзілі спартовыя гульні, сустрэчы, размовы. Я атрымліваў асалоду і зразумеў, што хацеў бы працаваць з такімі людзьмі. Пройдуць гады, і я сам стану інвалідам…».

Пасля паўтара года на Канарах Дэрэн Бут правеў год на Кіпры і канчаткова ўсвядоміў, што не хоча вяртацца на Альбіён. 

У 2008-м годзе Дэрэн пераехаў да бацькі ў Канаду і нават падпісаў кантракт з мясцовым клубам па амерыканскім футболе «Калгары Стампідэрс». Англічаніна ўзялі на пазіцыю б’ючага. У таварыскіх матчах брытанец паспеў паставіць рэкорд па дальнасці ўдара. Аднак паўнавартасна зайграць за каманду ён так і не змог з-за чарговага аўтамабільнага здарэння. У 2013-м годзе Бут перабраўся на Мальту, дзе трапіў у чарговую аварыю, атрымаў некалькі траўмаў.

Ужо ў 2014-м па парадзе дзядулі Бут пераехаў у Італію.

«Італія змяніла мой свет і светапогляд назаўжды. Там адбылося здарэнне, пасля якога мне падавалася, што жыццё скончылася, што ў мяне не будзе больш ані сям’і, ані дзяцей — анічога. Здарэнне найбольш паўплывала на мяне, змяніла, як бы дзіўна не гучала, да лепшага маю асобу і стаўленне да людзей».

Кава, матацыкл і кома

Джон Толкін пісаў, што мы ніколі не ведаем, якая прыгода нас чакае проста за дзвярыма ўласнага дома. Дэрэн Бут ніколі не мог падумаць, чым скончыцца жаданне выпіць кавы і набыць пачак цыгарэт у суседнім гарадку.

«На адным з паваротаў я сутыкнуўся з машынай. Ад удару матацыкл перакуліўся, а я зляцеў з яго. Усёй вагой груда метала прызямлілася на маю нагу. Я адразу згубіў прытомнасць і не падазраваў, што канечнасць ляжала за некалькі метраў ад мяне. Першае, што памятаю, калі часова апрытомнеў на дарозе, — майго сябра без майкі, у якога я спытаўся, чаму ён стаіць без майкі. Я нават не заўважыў, што ён перавязаў той майкай маю нагу. Я намацаў мабільны тэлефон, набраў свайму дзядзьку і распавёў пра аварыю. Пасля гэтага я нічога не памятаю і 10 дзён праляжаў у коме.

Першае, што, як мне распавядалі, сказаў, як толькі апрытомеў: «Што вы робіце? Чаму вы спрабуеце мяне забіць? Вяртайцеся ў Англію!» Пасля чаго я адключыўся яшчэ на 24 гадзіны. 

У мяне быў пералом хрыбта, ключыцы, рэбраў, было невядома, ці я ўвогуле выжыву. Была 90-адсоткавая імавернасць, што я назаўжды застануся спаралізаваным.

Мне нават тыдзень не казалі пра тое, што я застаўся без нагі, бо думалі, што я ведаю.

Як толькі я ўсвядоміў, што я без нагі, то раз’юшана патэлефанаваў маці і сказаў, што мушу пагутарыць з ёй. Яна спытала: «Што такое?» Я папрасіў прыйсці ў шпіталь. «Чаму ты не сказала мне, што я страціў нагу?» — спытаўся я ў яе. Яна аж засмяялася. Нервова, але засмяялася. Што яна магла растлумачыць? Я пажартаваў, што нам спатрэбіцца цяпер менш грошай: пару шкарпэтак змагу насіць два дні.

Маё ранейшае жыццё развалілася. Мне было цяжка варушыцца і нават гаварыць. Маці была проста ў дэпрэсіі. Гэта дзеля яе я стараўся не паказваць, наколькі мне кепска, каб яна менш пакутавала.

Зноў вучыцца хадзіць

У дактароў былі найгоршыя прагнозы. Але ўжо лютым 2015-га я зрабіў свой першы крок і пачаў праходзіць курс рэабілітацыі. А ўжо ў жніўні таго ж года я вярнуўся на Мальту і сустрэў там сваю будучую жонку.

Канечне, падчас рэабілітацыі мой эмацыйны і душэўны стан быў цяжкім. Я нават звяртаўся па дапамогу да дабрачынных арганізацый, але ніхто мне не дапамог. Я тэлефанаваў «Самарыцянам», але пасля іх парадаў я ледзь не зрабіў сабе смерць, такога яны мне нараілі. Людзям, якія не перажылі калецтва, цяжка зразумець, што гэта такое. Калі ты не губляў нагу ці блізкага, то не ўяўляеш, як гэта.

Гарачая лінія і рахунак за размовы 2,600 фунтаў!!!

Так нарадзілася першая ідэя дабрачыннага праекта. Я стварыў сайт і гарачую лінію на ўласным тэлефоне для людзей, якія праходзілі праз падобныя абставіны.

Я не псіхолаг, але я добра ведаў, што азначае падобнае гора. Зразумеў, як гутарыць з людзьмі, у якіх рак, калецтва ці нешта падобнае. За першы тыдзень нам патэлефанавалі 50 чалавек. Збольшага гэта былі людзі, якія перажылі ампутацыю, прайшлі праз аварыі. Мы гутарылі пра тое, як перажыць такое. Некаторыя людзі званілі 3—5 разоў, іншыя адзін раз набяруць, і ўсё.

Першы званок быў ад Алана. Ён хварэў на рак і страціў руку. Мы часта гутарылі і сустракаліся некалькі разоў. Нядаўна ён памёр, а на маім сайце стаіць фота з ім у шпіталі. Я рады, што хоць трошкі мог сутыкнуцца і падбадзёрыць яго.

Я не пакідаў гэтую справу нават, калі я выязджаў у Італію на адпачынак — уключаў роўмінг. Так аднаго месяца мой рахунак за тэлефон склаў 2,600 фунтаў!!! Бо такія гутаркі займаюць не менш за гадзіну. Я тады зразумеў, што мала хто аказвае падобную дапамогу. Ёсць нешта толькі для вайскоўцаў, яшчэ для некаторых катэгорый людзей. Я гутарыў з людзьмі з Брытаніі і Штатаў аб стварэнні дабрачынных ліній і пабачыў у гэтым сваё пакліканне. Мы правялі перамовы з найбуйнейшай арганізацыяй «Асацыяцыяй «Канечнасці», іх сайт наведвае 30—50 тысяч чалавек на тыдзень, яны хацелі змесціць кантакты маёй арганізацыі на сваёй старонцы. Але ў мяне не было на той момант людскіх рэсурсаў для такой дапамогі.

Вяселле і пераезд у Беларусь

Пасля заканчэння курса рэабілітацыі, у жніўні 2015-га, я вярнуўся на Мальту і сустрэў там сваю будучую жонку.

Яна навучалася ў адной з моўных школ. Ужо ў верасні я задаў простае пытанне: «Я магу адну рэч спытацца?» — «Ага». — «Пагодзішся ажаніцца?». Праз 8 тыдняў мы ажаніліся. Мабыць гэта прагучыць дзіўна, але, калі я ўпершыню прыехаў з Італіі ў Беларусь, адразу сказаў жонцы: «Давай застанемся тут жыць!?»

Мы прыехалі ў Мінск ужо ў верасні 2015-га, бо маці маёй жонкі хварэла. Мы збіраліся прыехаць на трохі, але тут я вырашыў, што мы мусім застацца назаўсёды. Я проста захапіўся гэтай краінай.

Калі ты жывеш у Заходняй Еўропе ці Штатах, усё вельмі дарагое, а тут для замежніка — танна. Тут таннае паліва, 30 пенсаў за літр, папяросы па 40—50 пенсаў за пачак, бутэлька гарэлкі 2 фунта з паловай. Таксама я пабачыў магчымасці для ІТ-бізнэсу. Раней я меў досвед працы на «Google», дзе рабіў мой тата.

Пасля майго пытання жонка доўга глядзела на мяне з неразуменнем і пыталася, ці я не вар’ят. Але я быў перакананы, што ў Мінску — цудоўна. З верасня да лістапада я пабачыў, што тут цудоўная ІТ-індустрыя: ЕРАМ, Парк высокіх тэхналогій і шмат цікавых стартапаў і тэхналагічных рашэнняў. Так мы вырашылі застацца.

Ведаў пра Мінск толькі дзякуючы серыялу «Сябры»

Я амаль нічога не ведаў пра Беларусь, нават не ведаў, дзе яна знаходзіцца. Аднойчы я сказаў, што хацеў з’ездзіць да яе ў Расею, але яна мяне перапыніла і сказала, што Беларусь — гэта не Расея. Я абмовіўся, што яна ўваходзіла ў склад СССР, але яна нагадала, што Беларусь ужо даўно самастойная. Я ведаў пра існаванне Мінска толькі праз эпізод «Сяброў», калі Фібі сустракалася з хлапцом з Мінска. Гэта была адзіная інфармацыя, якую я ведаў.

Першы раз памяняў грошы, дык не ведаў, як іх насіць

Як я толькі прыехаў, у мяне здарыўся смешны выпадак у абменным пункце. Я вырашыў памяняць, здаецца, тысячу еўра, перадаў іх у акенца, пасля чаго жанчына за акенцам, дзіўна паглядзела на мяне, замкнула абменнік і знікла. Я не ведаў, што рабіць, бо не размаўляў на мове. Баяўся, што мяне абрабавалі, праз некалькі хвілін яна вярнулася, адчыніла акенца і вываліла мне некалькі пачкаў банкнотаў. Усе глядзелі ў гэты момант на мяне, а я не ведаў, куды схаваць гэтыя купы грошай і дзе іх насіць.

Яшчэ адну рэч, якую я мушу адзначыць, гэта не толькі чысціня, якой я не бачыў у 45-і краінах свету, якія я наведаў, але і бяспеку для замежніка, якую ты адчуваеш тут. Ты амаль не бачыш тут злачынстваў, небяспечных месцаў, вуліц, па якіх лепш не шпацыраваць. Тут ты спакойны за сваю машыну.

Тут ты не перажываеш за сваю спіну, калі ідзеш не па цэнтры сталіцы.

Таксама тут вельмі танна жыць, калі ты замежнік. Але, канечне, калі ты беларус з мінімальным заробкам, то табе не проста… У Англіі мінімальная аплата складае 18—20 рублёў за гадзіну, нават калі ты працуеш у «МакДональдс» ці мыеш прыбіральні. 

Нягледзячы на такія праблемы, людзі тут вельмі сяброўскія. Яны запрашаюць у госці, частуюць цябе. Яны рэдка звяртаюць увагу на аблічча ці фінансавы стан, але ацэньваюць цябе як чалавека. У Штатах, напрыклад, важны сацыяльны статус чалавека. У Беларусі — не.

Для беларуса 500—600 даляраў — добры заробак, але скажы каму на Захадзе пра гэта, у цябе спытаюцца, як ты выжываеш? Яны не разумеюць.

А беларусы неяк даюць рады. Шмат людзей маюць і прыватны дом, і кватэру ў горадзе. Многія ездзяць на «Мерседэсах» ці «Рэйнджроварах». Бедных ці бяздомных на вуліцы не пабачыш… Беларусь — добрае месца для жыцця. 

Моўны бар’ер дапамагаў у ДАІ

Моўны бар’ер. Як толькі я першы раз праходзіў рэгістрацыю і падпісваў паперы, ніхто не гаварыў па-ангельску, быў патрэбны перакладчык. Праўда, міліцыянты на вуліцы аднойчы перайшлі на англійскую мову.

Памятаю, як упершыню мяне спыніла ДАІ.

Яны спачатку нават падышлі не да таго вакна, бо ў мяне англійская машына. Я спытаўся: «Інгліш»? — «Не». — «Рускі не». Так мяне і адпусцілі. Я паказаў дакументы і паехаў. Другі раз мяне спынілі ўвечары. Мы вярталіся з сустрэчы па каўчсэрфінгу. У машыне былі ўкраінцы і рускія. Я папрасіў іх не гаварыць па-руску і казаць, што мы — англічане. Мяне спынілі за тое, што я не прышпіліўся. «I don’t understand», — сказаў я і папрасіў іх выклікаць перакладчыка, даў ім візітоўку амбасады і папрасіў іх тэлефанаваць туды. Яны адпусцілі мяне.

Але наступны раз мяне спынілі за перавышэнне хуткасці. Мой спідометр у мілях, а тут усё ў кіламетрах. Трошкі паблытаў. Я сказаў з акцэнтам «добры дзіень», а ён адказаў «Good afternoon». Яны праверылі ўсе мае дакументы і я ўразіўся, што яны гаварылі па-англійску. Я заплаціў штраф, здаецца 18 рублёў новымі. У Англіі ты мінімум атрымаеш каля 200 фунтаў і тры пункты на ліцэнзіі. Усяго ў цябе ёсць 12 балаў. За тое, што цябе двойчы схопяць з тэлефонам, пазбаўляюць. Тут, падаецца, усе па тэлефоне размаўляюць за рулём.

Яны паварочваюць і не ўключаюць паварот. Тут мусіш быць уважлівым не да дарогі, але да кіроўцаў.

Чалавек з абмежаванымі магчымасцямі ў Беларусі нагадвае закладніка

За гэты час я заўважыў шмат пазітыўных пераменаў у краіне, але пабачыў таксама, як цяжка тут жыць асобе з інваліднасцю.

На Раство 2015 года я меў патрэбу ў дэталі для пратэза, на якім я хаджу. Я патэлефанаваў у клініку, але мне сказалі, што даставяць неабходныя рэчы толькі праз месяц. Але мне гэта было патрэбна ўжо зараз. У Брытаніі я б здабыў гэтыя рэчы імгненна, але ў Беларусі ў шпіталі мне паскардзіліся, што ім трэба замаўляць рэчы з Нямеччыны, дастаўляць іх, размытняць, і гэта займае час.

Мне прыходзілася мацаваць нагу адмысловай стужкай, я не мог выйсці з хаты, бо было зімна, заснежана. Увогуле для інваліда без машыны перасоўвацца тут па горадзе практычна немагчыма. Бардзюры, непрыстасаваныя аўтобусы… Ні ў адным рэстаране няма прыбіральняў для інвалідаў… Але за гэтыя паўтара года я бачу пэўныя зрухі. Горад становіцца больш прыязным для інвалідаў. Тым не менш, я вымушаны часта вяртацца ў Брытанію, бо тут немагчыма атрымаць патрэбную дапамогу.

Тут шмат магчымасцяў… Для замежніка

«У Беларусі адкрываецца шмат магчымасцяў. Скажыце, дзе яшчэ можна набыць «дачу» за 300 даляраў? Цяпер я шукаю для сацыяльнага праекта цэлую вёску на 10—12 дамоў. Я мару стварыць ферму, дзе будуць вырошчваць арганічную ежу, куды будзем запрашаць людзей жыць і працаваць — праходзіць рэабілітацыю. Шукаем месца.

Я камунікую з людзьмі бізнэсу, брытанскай амбасадай, «Інклюзіўнай Беларуссю», Прадстаўніцтвам ААН. Мне здаецца, што будучыня тут выглядае добрай. Але заўсёды трэба памятаць, што гэта Беларусь, дзетка. Бо ўсё можа здарыцца».

Цяпер Дэрэн Бут жыве ў Мінску і разам з жонкай гадуе 8-месячную дачку Элеанору. Ён верыць, падобна свайму земляку і апальнаму паэту Джону Мільтану, што, нягледзячы на абставіны і здарэнні, тое, што нас не забівае, толькі ўзмацняе. Прыклад яго безупыннага супрацьстаяння абставінам заахвочвае цаніць тое, што маеш, марыць і рабіць цікавыя рэчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?