Урад Японіі ўхваліў законапраект, паводле якога імператар Акіхіта зможа зрачыся трону. Але гэты закон зможа спрацаваць толькі адзін раз.

У мінулым годзе 83-гадовы імператар паведаміў, што здароўе і ўзрост не дазваляюць яму паўнавартасна выконваць свае абавязкі.

Але ў дзеючым заканадаўстве Японіі няма пункту аб адрачэнні, таму імператар не можа па ўласным жаданні перадаць уладу наследнаму прынцу Нарухіта.

Законапраект будзе разглядацца ў парламенце краіны і, як мяркуюць, будзе прыняты.

Апошні раз японскі імператар адракаўся ад трону ў 1817 годзе.

Галоўны сакратар кабінета міністраў Ёшыхідэ Суга сказаў журналістам у пятніцу, што ўрад спадзяецца на бесперашкоднае прыняцце закона.

Імператар Акіхіта перанёс аперацыю на сэрцы і лячыўся ад раку прастаты. Ён заняў трон пасля смерці свайго бацькі, імператара Хірахіта, у 1989 годзе. Яго любяць і шануюць у Японіі.

У жніўні ў звароце да нацыі ён сказаў, што пачынае адчуваць абмежаванні, якія накладае на яго ўзрост, і што гэта прывяло яго да разважанняў аб ролі і абавязках імператара.

Закон забараняе імператару выказвацца па пытаннях палітыкі, таму імператар Акіхіта не мог проста сказаць, што хоча адрачыся ад пасаду.

У законапраекце, ухваленым кабінетам міністраў, гаворыцца аб шырокай падтрымцы рашэння імператара яго падданымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?