Кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выпрацавала агульную пазіцыю па пытанні аб тым, як кантраляваць цэны на сацыяльна значныя групы тавараў. Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкай на сайт Федэрацыі прафсаюзаў.

Старшыня ФПБ Міхаіл Орда падкрэсліў, што для прафсаюзаў рост цэн на асноўныя тавары і паслугі асабліва актуальны.

«Мы аб'ядноўваем каля 96% працоўных краіны, і для кожнага члена прафсаюза гэта вельмі важна. Людзі задаюць пытанні: чаму зарплата стаіць, даляр стаіць, а цэны растуць?»

У Федэрацыі прафсаюзаў ужо створаная рабочая група па маніторынгу цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі. У яе склад увайшлі прадстаўнікі сацыяльна-эканамічнага блока ўсіх абласных і Мінскага гарадскога аб'яднанняў прафсаюзаў.

Члены рабочай групы штомесяц абавязаныя рабіць зрэз коштаў прадуктаў харчавання ў крамах — буйных сеткавых і крокавай даступнасці. Маніторынг ахопіць аб'екты не толькі ў сталіцы і абласных гарадах, але і ў некаторых раённых цэнтрах. Уся інфармацыя будзе сцякацца ў ФПБ, дзе спецыялісты правядуць яе дэталёвы аналіз.

Напрыклад, сярэднюю цану на тую ці іншую групу тавараў, якія карэлююцца са «спажывецкім кошыкам», параўнаюць з сярэдняй заработнай платай работнікаў па краіне. Такім чынам атрымаецца ацаніць, ці можа сярэднестатыстычны грамадзянін дазволіць сабе базавы набор прадуктаў і якую долю ў яго даходах складае сума, выдаткаваная на іх набыццё. Плануецца таксама параўноўваць мінімальны памер цэн на тавары «спажывецкага кошыка» з мінімальнай заработнай платай.

Членскія арганізацыі ФПБ дапамогуць зрабіць зрэз па галінах. Так, прафсаюз работнікаў гандлю будзе ажыццяўляць маніторынг цэн на адзенне, бялізну, абутак; прафсаюз работнікаў аховы здароўя — на лекі і сродкі гігіены; прафсаюз работнікаў транспарту і камунікацый — на паслугі транспарту; прафсаюз работнікаў сувязі — на паслугі сувязі і г. д.

Акрамя таго, прафсаюзы мяркуюць не выпускаць з-пад увагі і пытанне плацежаздольнасці насельніцтва, якое датычыцца аплаты камунальных паслуг. Як вядома, Беларусь паступова адыходзіць ад перакрыжаванага субсідавання і плануецца, што да канца 2018 года жыхары краіны будуць аплачваць камунальныя паслугі на 100%. З прадпрыемстваў, адпаведна, здымаецца пэўная фінансавая нагрузка, значыць, у іх застаецца больш грашовых сродкаў, якія яны, сярод іншага, могуць выкарыстоўваць і для павелічэння заработнай платы сваім работнікам.

Атрыманай па выніках маніторынгу інфармацыяй Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі падзеліцца са сваімі партнёрамі, у прыватнасці, з урадам і Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. А найбольш праблемныя моманты будуць выносіцца на абмеркаванне ў Нацыянальным савеце па працоўных і сацыяльных пытаннях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0