Усю краіну напаткала адчуванне дэжавю: спаборніцтвы за тое, каб першым сабраць калекцыю з 24 персанажаў, набыць ім домік, а цяпер яшчэ і тэматычныя мяккія цацкі, галаўныя ўборы, бірулькі, сталовыя прыналежнасці і шмат іншых рэчаў з так званага мерчу.

За пару дзён інтэрнэт запаланілі дзясяткі свежых аб’яў з просьбамі і нават маленнем аддаць за «дзякуй», прадаць, абмяняць, пераслаць бонсцікаў па пошце. Масава шукаюць Бобаў, Сінякоў і Плюфаў (самы час ствараць для іх праграму «Чакай мяне»). У сярэднім за аднаго персанажа просяць ад 50 капеек да 1,5 рублеў. За ўсю калекцыю — 20-25 BYN. Ёсць і тыя, хто гатовы на сумленны абмен: бонсціка — на манету, запалкі ці марку.

Улавіўшы тэндэнцыю, на папулярнасці гумовых пачварак асобныя беларусы вырашылі зарабіць грошы. Так, ужо сустракаюцца цесляры з прадпрымальніцкім нюхам, што прапаноўваюць набыць для бонсцікаў шыкоўныя драўляныя дамы замест звыклых кардонных: завёў бонсцікаў — будзь добры клапаціцца пра іх як след.

Дом для бонсцікаў на замову.

Дом для бонсцікаў на замову.

Беларусы фатаграфуюцца разам з бонсцікамі, ставяць іх на аватаркі, пякуць разам з імі торты і нават спяваюць кумірам гімн.

Некаторыя ўладальнікі інтэрнэт-крамаў самастойна закупілі ў Кітаі падобныя ліпучкі і цяпер прадаюць іх адразу вялікімі партыямі: плюс у тым, што можна за раз набыць усю калекцыю, пазбегнуўшы паўтораў. Але гэта ўжо не бонсцікі, а бомсцікі: як тут, напрыклад, — зусім іншыя героі, у якіх, так бы мовіць, няма гісторыі і душы.

Бонсцікі зноў адпраўляюцца ў тур па Беларусі. Не ўбачыўшы свайго горада ў спісе месцаў, дзе плануюцца гастролі, фанаты не хаваюць эмоцый.

А вось Святлана Забалоцкая са Смілавіч незадаволеная тым, што бонсцікі прыязджаюць толькі ў буйныя гарады: «У нас няма ніякіх забаў для дзяцей, хоць бы вы іх парадавалі…». Апроч падобных прэтэнзій, у агульнай бочцы мёду ёсць і іншы дзёгаць: не ва ўсіх крамах хапае каробак для цацак, а ў некаторых сем'ях — банальна грошаў. Плюс да ўсяго, набываючы бонсцікаў, трэба быць уважлівымі: вядомы не адзін выпадак, калі малыя дзеці і жывёлы спрабавалі іх праглынуць — у некаторых, на жаль, атрымоўвалася.

«З аднаго боку, зноў трэба збіраць бонсцікаў, але з іншага — бацькі і дзеці атрымалі магчымасць сумеснага баўлення часу, яны камунікуюць, ходзяць разам у краму, абменьваюцца паўторкамі. А дзеці не сядзяць у камп'ютарах, яны могуць гуляць «афлайн». Рух па абмене цацкамі дазволіў ім знайсці аднагодкаў па інтарэсах і новых сяброў з розных раёнаў і гарадоў. Бонсцікі сталі сапраўднымі кумірамі! І мы вырашылі выкарыстоўваць іх папулярнасць, каб даносіць да дзяцей карысныя паведамленні: як правільна пераходзіць дарогу, якія прадукты карысныя, як з цікавасцю праводзіць вакацыі і гэтак далей. Мы будзем развіваць іх сацыяльную ролю, каб праз іх гаварыць з дзецьмі на зразумелай ім мове пра важныя рэчы», — падсумоўвае кіраўніца піяр-аддзела «Еўрагандаль» Дар’я Лыскавец.

Акцыя з новымі бонсцікамі мае скончыцца ў сярэдзіне чэрвеня. Але ўжо зараз маркетынгавая служба дае зразумець, што і гэта не стане фіналам гісторыі. Гэта толькі яе пачатак.

Чытайце таксама:

Шаленства з бонсцікамі. Што гэта было?

Другое прышэсце «Бонсцікаў» у Мінску ВІДЭА 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?