Расея страціла ў зоне канфлікту з Грузіяй 74 вайскоўцы забітымі, 171 — параненымі, 19 чалавек прапалі бязь вестак. Такія лічбы падаў у сераду на брыфінгу намесьнік начальніка Генштабу Расеі Анатоль Нагавіцын.
Да ўчарашняга дня Расея прызнавала страту толькі 14 забітымі і 18 — зьніклымі бязь вестак.
Паводле заяваў грузінскага боку, ім удалося зьбіць 21 расейскі самалёт. Расея прызнае страту толькі 4-х машынаў, у тым ліку стратэгічнага бамбавіка Ту-22.
Саакашвілі таксама заявіў, што расейскія войскі панесьлі страты ў 400 чалавек забітымі.
З грузінскага боку загінула 175 чалавек, паведаміў міністар аховы здароўя Грузіі Сандро Квіташвілі. Каля дзесятка грузінскіх салдат узятыя ў расейскі палон.
Зьвестак пра страты сярод асяцінскіх наёмных і ахвотніцкіх фармаваньняў пакуль няма.