Мядзелец падчас распівання спіртных напояў вырашыў пажартаваць з сябра. Узяў стрэльбу, накіраваў у бок таварыша і пстрыкнуў спускавым кручком. Сябар загінуў на месцы, піша «Рэгіянальная газета».

20 красавіка суд Мядзельскага раёна разгледзеў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства).

У часе судовага пасяджэння абвінавачаны прызнаў віну. Распавёў, што быў у сяброўскіх адносінах з загінулым. 2 студзеня а 19-й яны выпівалі. На наступны дзень раніцай прыехалі ў вёску Куцькі, дзе набылі спіртное і выпілі. Каля чатырох гадзін дня вярнуліся дадому, дзе працягвалі піць. Спрэчак і канфліктаў паміж мужчынамі не было.

Падкідаючы ў грубку дровы, абвінавачваны паказаў на сваё ружжо, якое стаяла каля печы. Вырашыў пажартаваць з сябра: навесці на яго стрэльбу і пстрыкнуць спускавым кручком. Адлегласць была не больш за два-тры метры.

Перад стрэлам мужчына не праверыў, ці зараджанае ружжо. На судзе распавёў, што патрон, якім яно было зараджана, раней сам падрыхтаваў карцеччу і ўставіў у ружжо ў канцы снежня 2016 гады - хацеў застрэліць лісіцу, якая прыходзіла да хаты.

Набой трапіў пацярпеламу ў галаву. Ён памёр на месцы.

Правілах абыходжання са зброяй і ўмовы яе захавання асуджаны ведаў, бо праходзіў тэрміновую службу ў войску. Ведаў, што зброю нельга накіроўваць на чалавека. Забіваць таварыша не хацеў.

Прысудам суда Мядзельскага раёна мужчына прызнаны вінаватым у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека (забойства).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 6 да 15 гадоў.

З улікам асобы абвінавачанага і ступені грамадскай бяспекі здзейсненага ім злачынства, абставінаў здзяйснення злачынства, станоўчай характарыстыкі па месцы жыхарства і працы яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 7 гадоў 6 месяцаў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Таксама ў дачыненьні да абвінавачанага ужытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэнне ад хранічнага алкагалізму па месцы адбыцця пакарання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0