Так заваёўваў мэдаль Міхаіл Сямёнаў.

Так заваёўваў мэдаль Міхаіл Сямёнаў.

24‑гадовы мянчук Міхаіл Сямёнаў стаў другім беларускім мэдалістам на Алімпіядзе ў Пэкіне. «Бронзу» Міхаіл заваяваў у грэка‑рымскай барацьбе ў катэгорыі да 66 кіляграмаў.

Узыходжаньне на п’едэстал для Сямёнава не было лёгкім. Барэц выйшаў у чвэрцьфінал, дзе прайграў французу Стыву Гено, які пазьней стане алімпійскім чэмпіёнам. Менавіта гэтая акалічнасьць дазволіла беларусу пазмагацца за бронзавы мэдаль. У роўнай барацьбе з супернікам з Казахстану Сямёнаву пашанцавала болей пры лёсаваньні.

Адзінае, што заставалася зрабіць беларусу гэта не прапусьціць сілавы прыём у апошнія трыццаць сэкунд. І наш асілак з гэтым справіўся. Ёсьць яшчэ адзін мэдаль!

У паслужным сьпісе Міхаіла Сямёнава да Пэкіну не было перамог ні на сусьветных, ні эўрапейскіх чэмпіянатах. Такі вось прыемны сюрпрыз атрымаўся.

Яшчэ адзін барэц клясычнага стылі Алег Міхаловіч зь Лідчыны быў у кроку ад бронзавага мэдалю ў катэгорыі да 74 кіляграмаў.

Яго супернікам у схватцы за ўзнагароду быў баўгарын Явар Янакіеў. Алег упэўнена выйграў першы раўнд. Шанцавала яму з выцягваньнем сініх-чырвоных шырыкаў і ў двух наступных раўндах.

Але спачатку беларусу далі папярэджаньне за пасіўную барацьбу, а ў апошнім залічылі досыць спрэчны сілавы прыём баўгарына.

Бяспрэчна, што наша фэдэрацыя яшчэ падасьць скаргу на дзеяньне арбітраў у гэтым паядынку.

З грэка-рымлян Беларусь будзе прадстаўляць яшчэ Сяргей Арцюхін у вагавай катэгорыі да 120 кіляграмаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?