Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпіша закон аб забароне георгіеўскай стужкі, як толькі ён паступіць з Вярхоўнай Рады.

Пра гэта ён заявіў у нядзелю ў сваім выступе з нагоды Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Нацыянальным гісторыка-мемарыяльным запаведніку «Быкаўнянскія магілы».

Парашэнка адзначыў, што парламенцкая асамблея АБСЕ 8 гадоў таму прыняла рэзалюцыю пра тоеснасць нацысцкага і сталінскага рэжымаў і прапанавала сумесны дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму. Менавіта таму, паводле яго слоў, ва Украіне праходзіць дэкамунізацыя.

«Дарэчы, і без падкантрольных КГБ-ФСБ сацыяльных сетак мой украінскі народ таксама здольны пражыць. І, дарэчы, закон аб забароне георгіеўскіх стужачак я таксама падпішу, як толькі ён паступіць да мяне з Вярхоўнай Рады», - сказаў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, георгіеўская стужка - гэта не сімволіка Другой сусветнай вайны, а знак агрэсіі супраць Украіны 2014-2017 гадоў, бо «абвешаныя гэтымі стужкамі баевікі забіваюць нашых воінаў кожнага дня і ночы».

«У рэшце рэшт, на жаль, Расія сваёй палітыкай ў адносінах да Украіны сама паставіла гэтую стужку па-за законам», - перакананы Парашэнка.

Як вядома, 15 мая 2017 Парашэнка падпісаў загад, якім абнавіў спісу санкцый супраць шэрагу расійскіх кампаній, сярод якіх «Аэрафлот», сацсеткі «Уконтакце» і «Аднакласнікі», кампанія «Яндэкс» і іншыя.

16 мая Вярхоўная Рада падтрымала законапраект аб забароне вырабу і прапаганды георгіеўскай стужкі ва Украіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?