Бронзавым прызёрам Алімпіяды ў спартовай гімнастыцы ў складзе зборнай ЗША стаў ураджэнец Менску Аляксандар Арцём’еў. Менавіта практыкаваньне Арцём’ева на кані стала адным з вырашальных у посьпеху амэрыканцаў, хаця каманда ляцела ў Кітай у статусе аўтсайдэра.

Гімнаст патрапіў у выязны склад зборнай у апошнюю хвіліну, калі праз траўму шчыкалаткі на Алімпіяду ня змог паехаць Морган Хэм — брат‑блізьнюк алімпійскага чэмпіёну Афінаў Пола Хэма.

Аляксандар Арцём’еў нарадзіўся 29 жніўня ў сталіцы Беларусі, а ягоны бацька Ўладзімер Арцём’еў станавіўся чэмпіёнам СССР па спартовай гімнастыцы ў шматборстве. Аляксандар пераехаў зь сям’ёй у ЗША ў 1994 годзе, а ў 2002 атрымаў грамадзянства. Цяпер ён жыве ў Дэнвэры, штат Каларада.

У 2006 годзе Арцём’еў заваяваў бронзу на чэмпіянаце ў практыкаваньнях на кані, якая стала першая для каманды ЗША ад 1979 году.

«Я зьдзейсьніў мару свайго жыцьця. Гэтай ноччу я буду спаць з мэдалём. Ужо сам выхад нашай каманды на Алімпіяду быў посьпехам, а цяпер мы вернемся ў Амэрыку героямі», — сказаў шчасьлівы прызёр Алімпіяды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?