Зьліў інфармацыі ў «Коммерсанте», доўгатэрміновая і кароткатэрміновая стратэгіі Расеі ў Беларусі, тактыкі А.Лукашэнкі і А.Мілінкевіча ў адказ – аналізуюць Андрэй Казакевіч, Аляксандар Рар, Валеры Дашкевіч, Міхаіл Чыгір, Юры Карэтнікаў, Алесь Чыгір і Андрэй Суздальцаў.

Расейская газэта «КоммерсантЪ» паведаміла пра даручэньне Пуціна «прыняць вычарпальныя меры» з мэтай спыненьня любога прамога ці ўскоснага датаваньня Расеяй эканомікі Беларусі, а таксама прыпыненьня рээкспарту або кантрабанды любых расейскіх тавараў празь Беларусь. Для выкананьня гэтых задачаў патрэбна правесьці рэвізію ўсяго масіву дамоўна-праўных дакумэнтаў, што рэглямэнтуць расейска-беларускія гандлёва-эканамічныя адносіны, і ўнесьці прапановы пра перагляд і зьмены з мэтай пераходу ў сувязях зь Менскам «на прынцыпы рэальнай карысьці і сапраўднага раўнапраўя».

Гэтая інфармацыя прайшла на тле падрыхтоўкі да саміту «Вялікай восемкі». Яна выклікала вялікі рэзананс у беларускіх недзяржаўных СМІ, але беларуская дзяржаўная прэса абышла гэтую публікацыю поўным маўчаньнем.

Беларускія аналітыкі сустрэлі інфармацыю «Коммерсанта» з доляй скептыцызму. «Арганізаваная ўцечка інфармацыі выклікала пэўны недавер», – піша тыднёвік «Белорусы и рынок».

Карэспандэнт «НН» задаў розным па сваіх поглядах палітыкам, эканамістам і палітолягам пытаньні: як яны трактуюць публікацыю «Коммерсанта», што б яны параілі рабіць у гэтай сытуацыі А.Лукашэнку і апазыцыі? Адказваюць Міхаіл Чыгір, былы прэм’ер-міністар, які цяпер адышоў ад палітыкі і кантактаў з апазыцыяй, незалежны беларускі палітоляг Андрэй Казакевіч, Валеры Дашкевіч, доктар эканамічных навук, які пэўны час супрацоўнічаў зь Белгазпрамбанкам», Алесь Чыгір, дэпутат Бабруйскага гарсавету, адзін зь лідэраў новай хвалі апазыцыі, Юры Карэтнікаў, моладзевы лідэр – каардынатар Інтэрнэт-суполкі «Правы альянс», ды Андрэй Суздальцаў – палітоляг, які працуе на пракрамлёўскія аналітычныя інстытуты.

«НН»: Як Вы трактуеце заявы Расеі: гэта праява новай палітыкі ў дачыненьні да суседзяў па СНД ці крокі напярэрадні саміту G8?

Алесь Чыгір: Пакуль гэта выглядае толькі рэклямным ходам напярэдадні саміту. У абодвух рэжымаў шмат супольнага, і Пуцін зусім не зацікаўлены ў тым, каб у нас адбыўся крызіс. Бакі знойдуць, як паразумецца – напрыклад, беларускі бок атрымае кампэнсацыйныя крэдыты і падвысіць кошты на транзыт альбо за ўтрыманьне расейскіх вайсковых аб’ектаў.

«НН»: Спадар Суздальцаў, на Віленскім форуме інтэлектуалаў 3 траўня Вы заявілі, што мэта Расеі – не далучэньне Беларусі. А што ж тады за мэта? Атрымліваць больш грошай за газ? Прадэманстраваць сілу? Захаваць твар перад самітам?

Андрэй Суздальцаў: Яшчэ раз падкрэсьлю, усе размовы пра паглынаньне Беларусі Расеяй – гэта параноя апазыцыйнай аналітыкі. Варыянты разьвіцьця падзеяў, калі ў выніку падвышэньня цэнаў на энэрганосьбіты Лукашэнка альбо здае Беларусь, альбо ідзе на Захад, альбо церпіць крах у выніку сацыяльна-эканамічнага крызісу (рэвалюцыя), не вытрымліваюць крытыкі. Пагроза далучэньня Беларусі да Расеі, якую актыўна прагназуе апазыцыя, толькі падвысіла б Лукашэнку рэйтынг – як адзінаму, хто можа не дапусьціць такога варыянту. Ня будзе аншлюсу. Расея сама адкрывае межы, зь цяжкасьцю, але прабіваецца ў СГА, што прынясе ёй інвэстыцыі карпарацыяў, чые фонды ў дзясяткі разоў перавышаюць беларускі бюджэт. Ну ня будзе ж Пуцін будаваць тут аграгарадкі ці чысьціць сажалкі. Сувэрэнітэт каштуе немалых грошай, а ў гэтым выпадку Расея мерыцца спагнаць іх акурат зь Беларусі. Гэта сьведчыць пра стаўленьне яе да Беларусі як да незалежнай дзяржавы.

За апошнія гады ў Маскве, не бяз высілкаў афіцыйнага Менску, нарадзіўся міт пра Беларусь як пра нейкага эўрапейскага эканамічнага тыгра. 15 год Расея рабіла істотныя ўнёскі ў беларускую эканоміку і, у адрозьненьне ад Украіны, гэта дало плён – рост эканамічных паказьнікаў, стабільнасьць сацыяльнай палітыкі. Падчас перамоваў па пытаньнях коштаў на энэрганосьбіты расейскі бок яшчэ раз упэўніўся ў тым, што беларуская эканоміка гатовая да пераходу на якасна новы ўзровень узаемадачыненьняў, і можна ўрэшце спыняць яе датаваньне. Нюанс: на адным з этапаў перамоваў старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Пятро Пракаповіч засьведчыў, што посьпехаў у эканоміцы беларусы дасягнулі ня толькі і ня столькі дзякуючы нізкім коштам на паліва, а ў выніку прадуманай эканамічнай палітыкі, што беларуская эканоміка гатовая да любых паваротаў, у тым ліку і да павышэньня коштаў на энэрганосьбіты. І тут зьяўляюцца прадстаўнікі «Белтрансгазу» і пачынаюць прасіць нейкія падачкі. Гэты кантраст і падштурхнуў расейцаў да рашучых дзеяньняў.

«НН»: Што мае рабіць апазыцыя ў такой сытуацыі? Ці варта ёй працягваць прагматычныя спробы наладжваньня кантактаў з Масквой?

Алесь Чыгір: Збольшага наш экспарт арыентаваны на расейскі рынак, гэтак ёсьць цяпер і часткова будзе і пасьля Лукашэнкі. Таму будаваць нармальныя ўзважаныя адносіны з Масквой трэба ў любым разе. Перад выбарамі А.Мілінкевіч у часе візытаў у Маскву прадэманстраваў, што беларуская дэмакратычная апазыцыя гатовая да паўнавартасных адкрытых стасункаў з Расеяй, з улікам, зразумела, нацыянальных інтарэсаў абодвух бакоў. І гэтую лінію апазыцыі варта працягваць.

Юры Карэтнікаў: Я цалкам згодны з Аляксандрам Мілінкевічам, які, назваўшы ўсё сваімі імёнамі, заявіў, што ніколі ня пойдзе на аншлюс. Думаю, цяпер акурат тая нагода, каб, адкінуўшы ўласныя амбіцыі, аб’яднацца вакол лідэра і дзейнічаць супольна.

Андрэй Суздальцаў: Цікава было б, калі б інтэлектуальныя высілкі апазыцыі, замест беспадстаўнага ляманту пра анэксію, былі скіраваныя на стварэньне энэргетычнага інтэграцыйнага праекту, своеасаблівага энэргетычнага мосту паміж Захадам і Ўсходам, што б зацікавіла і Эўропу і Расею.

Андрэй Казакевіч: Зрабіць нешта ў такім разе складана. Апазыцыя мусіць актыўна распаўсюджваць інфармацыю пра ролю сёньняшняй улады ва ўзьнікненьні гэтай сытуацыі: чаму нашая эканоміка непадрыхтаваная да падаражаньня газу і г.д.

Міхаіл Чыгір: Апазыцыя ня мае сур’ёзных вагароў уплыву на сытуацыю, яе ўдзел – назіраньне за падзеямі.

«НН»: Ці падрыхтаваная беларуская эканоміка да пераходу на эўрапейскія кошты на энэрганосьбіты?

Валеры Дашкевіч: Абсалютна непадрыхтаваная. Той час, калі беларуская эканоміка мела заўважны прырост за кошт палітычных цэнаў на энэрганосьбіты, калі можна і трэба было рабіць укладаньні ў аднаўленьне прамысловасьці, страчаны. Грошы ішлі не туды, куды трэба. Нават цана 100–110 даляраў прывядзе да таго, што дзьве траціны прадпрыемстваў стануць нерэнтабэльнымі. Альбо давядзецца адмовіцца ад шэрагу сацыяльных праграмаў.

«НН»: Расейскія СМІ цьвердзяць, што па ўнутрырасейскіх коштах Беларусь зможа атрымліваць паліва, толькі зрабіўшыся «расейскай тэрыторыяй». Наколькі рэальнай Вы ацэньваеце пагрозу для сувэрэнітэту Беларусі цяпер, спадар Карэтнікаў?

Юры Карэтнікаў: Гэта пачатак паўзучай акупацыі Беларусі, якая стала магчымая празь бязглуздую палітыку ўлады. Лукашэнка загнаны ў кут сваімі ж інтэграцыйнымі абяцаньнямі.

«НН»: Што б Вы параілі А.Лукашэнку і ўраду рабіць у гэтай сытуацыі?

Валер Дашкевіч: Будуць цяжкія перамовы. «Газпром» мае свае слабыя месцы, напрыклад, беларускі бок у выпадку нягнуткасьці расейцаў можа адмовіцца ад падаўжэньня кантракту на транзыт, паставіўшы пад удар Літву і Калінінградзкую вобласьць Расеі. Магчыма, бакі пагодзяцца на нейкі прымальны варыянт, кшталту 80–90 даляраў цягам 2–3 гадоў, што Расея дасьць нам на адаптацыю да сусьветных цэнаў. Калі ж дасягнуць такіх умоваў ня ўдасца, ураду давядзецца перагледзець усю сацыяльна-эканамічную палітыку: давядзецца зьмяняць падатковую палітыку, збанкрутаваць нерэнтабэльныя энэргазатратныя прадпрыемствы, а адсюль непазьбежным будзе значнае падвышэньне ўзроўню беспрацоўя. Яно ў сваю чаргу прымусіць зьмяніць стаўленьне да малога і сярэдняга бізнэсу.

Нас чакаюць меры рынкавага характару пад жорсткім ціскам улады. Беларусам варта рыхтавацца да таго, што іхныя заробкі больш ня будуць так расьці, як раней, бо ў сытуацыі, што складваецца, рабіць гэта будзе вельмі складана. Урад можа быць адпраўлены ў адстаўку. Практыка апошніх 12-ці год паказвае, што найвышэйшае кіраўніцтва краіны, як правіла, не бярэ на сябе адказнасьць за правалы ў эканамічнай палітыцы.

Андрэй Суздальцаў: У тым, што так склалася, вінаваты ня толькі Лукашэнка. У Маскве добра вядомае стаўленьне беларускай намэнклятуры, выхаванай у рэчышчы савецкіх традыцыяў, да Расеі – урваць сваё і тут жа забыцца на абяцаньні, дадзеныя ў часе чарговых дамоваў-перамоваў. Дзеяньні Лукашэнкі мусяць быць празрыстымі і шчырымі. Хочаш быць незалежным – плаці па сусьветных коштах. І лепей, як па мне, Беларусь пачне плаціць па гэтых коштах яшчэ за Лукашэнкам, які ўсе гэтыя гады карыстаўся расейскімі ільготамі. Мусіць распачацца аб’ектыўны і прагматычны дыялёг пра энэргетычную інтэграцыю.

Міхаіл Чыгір: Паводле маіх разьлікаў, Беларусь у выніку гэтага падвышэньня штогод вымушаная будзе даплачваць 2,5–3 млрд даляраў. Трэба скарачаць нерэнтабэльныя прадпрыемствы, мадэрнізаваць прамысловасьць, укараняючы энэргазьберагальныя тэхналёгіі. Мусім навучыцца эканоміць.

Андрэй Казакевіч: Масква перасьледуе як геапалітычныя інтарэсы, так і ўнутраныя эканамічныя. І апошні чыньнік відавочна пераважае – там ёсьць свой бюджэт і свой народ, якому таксама трэба плаціць заробак. А чаму б не за кошт таго, што ідзе ў Беларусь? Лукашэнка мусіць весьці вельмі ўзважаныя перамовы, каб мінімізаваць эканамічныя наступствы пераходу на новыя цэны. Наша эканоміка надта залежная ад далейшага разьвіцьця сытуацыі.

Запісаў Сямён Печанко

Аляксандар Рар: «Доўгатэрміновая стратэгія мае на мэце аб’яднаць Расею і Беларусь у адзіную дзяржаву»

Супрацоўнік Нямецкай рады замежнай палітыкі Аляксандар Рар камэнтуе для «НН» апошнія павароты ў беларуска-расейскіх адносінах.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0