Як цёплым травеньскім вечарам, машына стала набліжацца па Лагойскай шашы да прадмесцяў Менска, так адразу павесялела ў мяне на сэрцы. А на твары з’явілася ўсмешка. Такая ўсмешка, якая з’яўляецца тады, калі, закаханы, думаеш пра дзяўчыну, якая кранае тваё сэрца.

Я зноў прыехаў у Менск!

У гэтую травеньскую пару Менск найбольш прыгожы. Шырокія, чыстыя вуліцы — і шмат зеляніны.

Прыдарожныя дрэвы, газоны, скверы… Машына спыняецца ў квартале пяціпавярховых дамоў паміж Тучынкай і Лютаранскімі могілкамі. Тут у дварах шмат зеляніны, і дамы стаяць нібыта ў парку. І гэтак у многіх кварталах на захад ад віленскай чыгункі, у ваколіцах стацый метро «Маладзёжная», «Пушкінская», «Спартыўная». Гэты кавалак Менска здаецца мне вельмі ўтульным.

Апоўдні іду на Імшу ў Чырвоны касцёл. Набажэнства хутка сканчваецца. Прымаю Камунію. Застаюся на паўгадзіны ў касцёле, каб памаліцца і падумаць. Падумаць пра Бога, і пра сваё жыццё. Я празмерна на сабе засяроджаны — і ў сваіх думках, і ў рашэннях, і ў рэлігійных пачуццях… Трэба мяняць гэта, пераломваць, адкрывацца на Бога, на людзей, на жыццё. І… да споведзі трэба як найхутчэй…

У касцёле сустрэў мастацтвазнаўцу Сяргея Харэўскага. Выйшаўшы на вуліцу, нядоўга размаўляем пра будынкі, звязаныя з каталіцкай гісторыяй Менска. Харэўскі паказвае мне дом, дзе жыла вядомая мецэнатка Магдалена Радзвіл, расказвае, у якім доме жыў Раман Скірмунт, і дзе была Менская каталіцкая семінарыя (у мурах кляштара дамініканаў). Мне вельмі прыемна, што магу ў Менску выпадкова сустрэць такога выбітнага чалавека як Харэўскі, і пастаяць з ім пагаварыць…

Пасля Імшы аглядаю дом, дзе жыў Скірмунт. Вуліца Валадарскага, 12А. Трохпавярховая камяніца захавала свой арыгінальны выгляд і дэкор фасада. Спыняюся і цэлую хвіліну гляджу на гэтыя муры. Прыгажосць і гарманічнасць лашчаць вока. Вось, - думаю, - я, не дужа адукаваны хлопец з правінцыі, не абазнаны ў мастацтве — але і мяне кранае гэтая прыгажосць! Я не мог гэтаму навучыцца, выхаваць у сабе пачуццё прыгожага — але, мусіць, чалавеку ўласціва гарнуцца да таго, што прыгожае. І тыя, хто знішчаюць прыгожае ў прыродзе, у гарадскім асяроддзі, у культуры, падмяняюць эстэтыку шэрымі бетоннымі каробкамі і безгустоўнай папсой — ігнаруюць, не даюць права на існаванне важнай уласцівасці чалавечай асобы, якую даў чалавеку Бог.

Каля Камароўскага лесу — цяпер парку імя Чалюскінцаў — сустракаюся з гісторыкам і журналістам Алесем Гелагаевым. Шмат гадоў чытаем адзін аднаго на Фэйсбуку, цяпер вось нарэшце сустрэліся і разгаварыліся. Размаўляем пра гісторыю беларускага каталіцтва ў ХХ стагоддзі, пра палітычныя артыкулы ў віленскай хрысціянска-дэмакратычнай прэсе 1930-х гадоў.

…У доме, дзе я спыніўся, адключылі гарачую ваду. Я абдумваю, дзе можна скарыстацца гэтым дабрадзействам цывілізацыі — і вырашаю пайсці да Дашкевічаў. Яны жывуць якраз недалёка ад парка Чалюскінцаў. Прывёўшы сябе ў парадак, каб не выглядаць як бомж, знаёмлюся з хатняй бібліятэкай Дашкевічаў. Зьміцер паказвае мне Біблію, надрукаваную ў 1812 годзе на англійскай мове. «О, я ведаю, як можна падвучыць англійскую мову! — выказваю нечаканую думку. — Узяць Біблію па-англійску і чытаць». — «А я так і вучыў», - адказвае мне на гэта Зьміцер.

Прашу ў Зьмітра пазычыць мне зборнік Чэстэртана. Пра гэтага пісьменніка мне некалі з захапленнем расказваў Зьміцер Хведарук, а сёння пра яго казаў Алесь Гелагаеў. А я, да свайго сораму, ніколі не чытаў Чэстэртана. Дык прачытаю хоць пару ягоных апавяданняў. Вось як выедзеш у Менск і пабудзеш каля разумных людзей — абуджаецца імкненне чытаць, пашыраць свой кругагляд, спазнаваць свет… А як у правінцыю вяртаешся, то цікавасць да інтэлектуальнага і культурнага развіцця некуды прападае.

Зрэшты, я ўжо моцна адстаў ад сваіх аднагодкаў у развіцці, і, са сваёй хворай, аслабленай галавой, ужо не змагу нагнаць гэтае адставанне. Не змагу папоўніць той масіў ведаў, якога мне не хапае. Гэта трэба сабе шчыра прызнаць.

Выходжу ад Дашкевічаў вечарам. Ціхі травеньскі вечар. Не хочацца спяшацца на кватэру. Іду праспектам у цэнтр. На плошчы Якуба Коласа аглядаю выставу рэпрадукцый карцін сучасных беларускіх мастакоў. Мне найбольш падабаюцца краявіды, яны найбольш кранаюць і абуджаюць уражанні. Разглядаю забудову праспекта. Мне падабаецца гэтая забудова. Архітэктары падбалі пра эстэтычны выгляд будынкаў - і на іх прыемна паглядзець.

Каля плошчы Перамогі цвітуць бэз і каштаны. Пад мостам неба адбіваецца ў водным люстры Свіслачы. Па праспекце і па набярэжнай шпацыруюць мінакі. Моладзь ездзіць на роварах. Сонца заходзіць за Оперны тэатр. Прыцемнена выглядаюць зялёныя масівы сквера Янкі Купалы і парка Горкага. Я даходжу да Кастрычніцкай, і спускаюся ў сутарэнні метрапалітэна, каб пад’ехаць некалькі перагонаў на цягніку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?