Колькасць загінулых у выніку ўрагану ў Маскве і Падмаскоўі вырасла да 16, паведамляе ВВС.

Следчы камітэт РФ паведаміў пра 11 загінулых у Маскве і трох — у вобласці, аднак пазней губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў удакладніў, што ў Падмаскоўі загінулі пяць чалавек.

Раней у аўторак дэпартамент аховы здароўя Масквы паведаміў аб 150 пацярпелых у выніку ўрагану, 108 з якіх застаюцца ў бальніцах. Яны атрымалі ўдары, ранкі, пераломы, чэрапна-мазгавыя траўмы, а таксама траўмы пазваночніка.

Па словах кіраўніка дэпартамента Аляксея Хрыпуна, сярод пацярпелых — больш за 20 дзяцей.

У Маскоўскай вобласці, як заявіў Вараб'ёў, у бальніцы трапілі 34 чалавекі.

У сярэдзіне дня ў панядзелак на Маскву абрынуўся ўраган. Лівень суправаджаўся рэзкімі парывамі ветру, з-за якіх падалі дрэвы і металічныя канструкцыі.

Паводле даных МНС, ураганам у Маскве былі паваленыя больш за 3500 дрэў, пашкоджаныя дахі 140 шматпавярховых жылых дамоў і адміністрацыйных будынкаў, атрымалі пашкоджанні больш за 1500 машын.

Ураган абясточыў больш за 300 населеных пунктаў у Маскоўскай, Разанскай і Тульскай абласцях, 16500 жылых дамоў, у якіх пражываюць больш за 44000 чалавек, і 1375 дачных дамоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?