Жыхар Швейцарыі ўпершыню ў гісторыі краіны прысуджаны да штрафу за «лайк» ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук. Суд у Цюрыху вынес абвінаваўчы прысуд 45-гадоваму мужчыну і абавязаў яго выплаціць штраф у памеры 4 тысячы франкаў ($4,1 тысячы), піша ВВС.
Getty
Як паведамляе выданне The Local Switzerland, у 2015 годзе асуджаны швейцарац, імя якога не называецца, паставіў «лайк» да каментароў актывістаў, якія абвінавачвалі кіраўніка асацыяцыі па абароне жывёл Эрвіна Кеслера ў расізме і антысемітызме.
У адказ на гэта Кеслер падаў у суд не толькі на аўтараў каментарыяў, але і на таго, хто іх «залайкаў», патлумачыўшы гэта тым, што «лайк» прасоўвае публікацыю і робіць яе бачнай для большай колькасці карыстальнікаў.
Суддзя таксама адзначыў, што «лайк» мае на ўвазе ўхваленне, і адказчык такім чынам прадэманстраваў, што ён згодны са зместам абразлівых каментароў.
У 1998 годзе сам Кеслер быў прысуджаны да невялікага тэрміну зняволення пасля таго, як публічна параўнаў рытуальны забой жывёл па габрэйскіх традыцыях са злачынствамі нямецкіх нацыстаў.
Аднак суд адзначыў, што па сканчэнні амаль 20 гадоў з моманту вынясення прысуду ў адказчыкаў няма падстаў вінаваціць Кеслера ў расісцкіх і антысеміцкіх поглядах.
Як адзначае агенцтва Франс-прэс, для Швейцарыі гэта першы выпадак абвінаваўчага прысуду за «лайк» у сацсетцы.