Першае кафэ хуткага харчавання сеткі Döner-Kebab адкрыецца ў Гродне ў пачатку чэрвеня. Hrodna.life пагутарыў з дырэктарам установы Іванам, які распавёў, чаму вырашыў адкрыць у горадзе папулярны нямецкі фаст-фуд.

Döner-Kebab адкрыецца ў гандлёвым цэнтры OldCity, у тым месцы, дзе раней знаходзіўся «Бургермастер». Асноўнымі стравамі новай установы будуць дзёнэр (кебаб), дурум (рол), пiдэ, лахмаджун і іншыя.

Установа Івана будзе мець уласную назву — «MC Doner». Ужо падабраны персанал, а таксама прыехалі два турэцкія кухары з Берліна.

«Па збегу абставін, мне ўдалося пазнаёміцца з адным з уладальнікаў сеткі Döner-Kebab у Берліне, — распавядае Іван. — Гэты чалавек падрабязна распавёў мне пра свой бізнэс, ён мяне запрашаў у свае ўстановы, каб я спрабаваў, чым ён корміць людзей. Яго гісторыя мне вельмі спадабалася, а смак страў быў непараўнальны ні з якімі бургерамi, якія робяць у нас у Беларусі. Параіўшыся з гэтым чалавекам, было прынятае рашэнне паспрабаваць адкрыць Döner-Kebab і ў Гродне».

З месцам Іван доўга не думаў, бо яму падвярнуўся добры варыянт у папулярным гандлёвым цэнтры. Хлопец упэўнены, што стравы ў яго кафэ будуць карыстацца попытам. Усім кліентам будуць прапаноўваць бясплатна гарачую гарбату і турэцкія прысмакі.

«У Беларусі людзі самі па сабе дрэнна ставяцца да фастфуду, спасылаючыся на тое, што ежа там нездаровая. Мы ж будзем рабіць усё са свежых інгрэдыентаў і на вачах у кліентаў. Усё мяса, а гэта ялавічына, будуць нам прывозіць наўпрост з мясакамбіната. Будзе трохі пазней курыца і бараніна. Таксама нашай унікальнасцю будзе тое, што мы будзем самі рабіць цеста для ляпёшак і спецыяльныя соўсы, якія распрацоўваліся ў Берліне».

Па спецыяльнай дамоўленасці Іван запрасіў у Гродна двух турэцкіх кухараў з Берліна, каб яны навучалі гродзенцаў гатаваць сапраўдныя стравы сеткі «Döner-Kebab». Кухары будуць навучаць гродзенцаў два месяцы, але, магчыма, адзін з іх застанецца ў Гродне, каб у далейшым сачыць за працай і развіццём кафэ.

Стандартны дурум (рол вагой 330 грам) будзе каштаваць каля 5-6 рублёў. Такі рол раўнацэнны абеду для дарослага чалавека. Плануецца ў кафэ і дзіцячае меню. Не забыліся і пра вегетарыянцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?