Хоць металісты — людзі не асабліва прымхлівыя, але тут мімаволі паверыш у кепскія прыкметы. Metal Crowd штогод праводзіўся ў Рэчыцы ўжо дванаццаць разоў. На жаль, трынаццаты год склаўся не на карысць фэсту. Пра яго адмену арганізатары паведамілі на афіцыйным сайце фестывалю.

Асноўным чыннікам, які паўплываў на тое, што найбуйнейшага беларускага оўпэн-эйра металістаў сёлета не будзе, як вынікае з паведамлення кіраўніцтва фэсту, з’явілася тое, што арганізатары «не дасягнулі адзінай думкі ў канцэпцыі канцэртнай праграмы (гуртоў, якія меліся выступіць) фестывалю з дзяржаўнымі органамі».

У каментары карэспандэнту «Нашай Нівы» адзін з арганізатараў фестывалю Сяргей Броўка не стаў называць канкрэтныя дзяржаўныя органы і іх супрацоўнікаў, якіх не задаволіў прапанаваны арганізатарамі фэсту склад камандаў. «Па-мойму, і так зразумела, хто гэта курыруе, прозвішчы я называць не хацеў бы», — сказаў Сяргей Броўка.

Таксама ў паведамленні аб адмене сёлетняга фестывалю гаворыцца, што, хутчэй за ўсё, у наступныя гады ён працягне сваё існаванне, але зменіць геаграфічнае размяшчэнне. З гэтага можна зрабіць выснову, што менавіта мясцовыя ўлады Рэчыцы ствараюць перашкоды для існавання ў горадзе сусветна вядомага фэсту цяжкой музыкі. У ранейшыя гады Metal Crowd збіраў на сваёй сцэне гурты з 35 краінаў свету. Штогод за два дні фестывалю на ім выступала каля 40 гуртоў, гледачы ў Рэчыцу з’язджаліся з усёй Беларусі, а таксама з Украіны, Расіі, Польшчы, краінаў Балтыі. У Рэчыцы моладзь лічыць Metal Crowd самай яскравай падзеяй кожнага года.

Дарэчы, да апошняга моманту арганізатары спадзяваліся на тое, што фестываль усё ж адбудзецца. Яны не спынялі падрыхтоўку да таго часу, пакуль супярэчнасці з дзяржаўнымі органамі не зайшлі ў тупік. У Рэчыцы хадзілі чуткі пра тое, што на сёлетнім Metal Crowd павінен быў выступіць і гурт Brutto. Цяпер жа жыхарам горада прапануюць задаволіцца сустрэчай з Сяргеем Міхалком у складзе «Ляпіса-98», канцэрт якога ў мясцовым амфітэатры прызначаны на пачатак ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?