Пяць супрацоўнікаў амбасады Малдовы у Маскве абвешчаныя персонамі нон грата, паведамляе Tut.by са спасылкай на МЗС РФ.

«Расійскі бок выказаў надзею, што ў Кішынёве ўсведамляюць контрпрадуктыўнасць сваіх недружалюбных дзеянняў у дачыненні да Расійскай Федэрацыі і дэструктыўны характар здзейсненага малдаўскім бокам кроку, які ішоў насуперак з прынцыпамі партнёрства і ўзаемнага даверу», — гаворыцца на сайце расійскага знешнепалітычнага ведамства.

Малдова, нагадаем, абвясціла аб высылцы трох расійскіх дыпламатаў 29 мая. Іх імёны не называліся. Паводле даных СМІ, сярод іх быў памочнік ваеннага аташэ Аляксандр Грудзін, якога мясцовая пракуратура падазрае ў вярбоўцы былога дэпутата парламента Малдовы.

Прэзідэнт краіны Ігар Дадон назваў рашэнне ўрада краіны аб высылцы «абуральным», «несяброўскім крокам».

Пазней ВВС паведаміла, што міністэрства замежных спраў Расіі абвясціў персонамі нон-грата двух эстонскіх дыпламатаў у якасці меры ў адказ на дзеянні Таліна, які выслаў двух прадстаўнікоў расійскай дыпмісіі.

Гаворка ідзе пра генеральнага консулу Эстоніі ў Санкт-Пецярбургу Яануса Кірыкмяэ і кіраўніка Пскоўскай канцылярыі генконсульства Эстоніі ў Санкт-Пецярбургу Катрын Канарык, гаворыцца ў заяве расійскага ведамства.

Кіраўніку эстонскага дыппрадстаўніцтва ўручаная адпаведная нота, дадаюць у МЗС. Дыпламатам загадана пакінуць Расію на працягу пяці дзён.

«З расійскага боку зноў падкрэслена, што дэструктыўная лінія эстонскіх уладаў непазбежна самым негатыўным чынам адаб'ецца на двухбаковых адносінах. Уся адказнасць за наступствы такой палітыкі ляжыць на эстонскім баку», — рэзюмуюць у расійскім ведамстве.

У мінулую пятніцу эстонскія ўлады загадалі генеральнаму консулу Расіі ў Нарве Дзмітрыю Казённаву і консулу Андрэю Сургаеву пакінуць краіну, не назваўшы прычын свайго рашэння.

Расійскае МЗС назвала рашэнне Таліна «чарговым недружалюбным і нічым не абгрунтаваным актам» і паабяцала адказаць на яго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?