Не было намеру гэтым разам пісаць падарожныя нататкі. Які сэнс апісваць Курскую касу, калі прыгажосьць гэтых мясьцінаў ужо тысячу разоў апісаная ў кнігах, даведніках, фотаальбомах, зафіксаваная ў фільмах? Той выпадак, калі нешта ўнікальнае, размножанае ў тысячах фотаздымкаў, ператвараецца ў крыху зашмальцаваную турыстычную паштоўку. Але непаўторнае ад гэтага не перастае быць непаўторным. Ды гэтыя нататкі не пра прыроду. Дакладней, ня толькі пра яе. Піша Віталь Тарас.

Геаграфічная памылка

…Апоўдні, у моры ля берага, на якім загараюць пад летнім сонцам дзесяткі людзей, зьяўляецца немаведама адкуль вялікі баклан. Пляжнікі падхопліваюцца, пачынаюць здымаць птушку на фота й відэа. Баклан павольна выкараскваецца з вады на пясок, выдае кароткі рыпучы гук і пачынае ўразвалку, нібы марак, шпацыраваць па пляжы. Яго абступаюць з усіх бакоў, кідаюць весланогай птушцы кавалкі батона, цукеркі. Баклан не рэагуе. Калі цікаўных становіцца вакол зашмат, ён раптам растапырвае крылы — пужае. Не дачакаўшыся нармальнага пачастунку (хутчэй за ўсё, сьвежай рыбы), птушка павольна вяртаецца ў родную стыхію і гэтаксама нечакана, як зьявілася, зьнікае ў марской прасторы. Гэта не яна тут выпадковая госьця, а мы…

Побач на касе, на беразе Курскай затокі — адно з самых буйных гняздоўяў чапляў і бакланаў у Эўропе. Нэрынга (тэрыторыя касы ад Клайпеды да Ніды, за якой пачынаецца яе расейская частка) вось ужо амаль 20 гадоў як абвешчана Нацыянальным паркам Літвы.

Тут пачынаюцца ня толькі геаграфічныя — гістарычныя дзівосы. Паўднёвая частка касы, а таксама Калінінград (Кёнігсбэрг, Каралявец) былі далучаныя да Расейскай Фэдэрацыі ў выніку разгрому гітлераўскай Нямеччыны. Але ж абедзьве часткі касы да Другой сусьветнай вайны належалі Нямеччыне, а Клайпеда, перададзеная рашэньнем Лігі нацыяў Літве ў 1929‑м, датуль называлася Мэмэлем. Таксама як і з 1939‑га па 1945‑ы.

Мэмэль, дарэчы, — нямецкая назва нашага Нёману. Старадаўнія тэўтоны некалі памылкова вырашылі, што Курская затока ёсьць дэльтай ракі, яе працягам.

А цяперашняя дзяржаўная мяжа пасярод касы, як гэта ні дзіўна, паўтарае колішнюю сярэднявечную мяжу. Паўночная частка касы была некалі ленам мэмэльскіх баронаў, а жыхары паўднёвых вёсак плацілі падаткі Кёнігсбэргу. Так што мяжа была чыста эканамічная. У выніку пэўнай адасобленасьці паўночнай часткі там сфармавалася народнасьць куршынінкі якія ня мелі дачыненьня да старажытнага племені куршаў і гаварылі на адным з латыскіх дыялектаў. Побыт, звычаі, традыцыі куршынінкаў шмат у чым адрозьніваліся і ад нямецкіх і ад жмудзкіх. Узоры іх народнай творчасьці, у тым ліку, незвычайнай прыгажосьці флюгеры, кожны зь якіх — цэлая паэма, можна бачыць цяпер толькі ў музэях. У паваенныя гады — у той час, як у Клайпэду ехалі з усяго Савецкага Саюзу — Курскую касу асвойвалі жыхары ўсіх раёнаў Літоўскай ССР. Якой Сталін пасьля вайны падараваў Віленскі край.

Але досыць гістарычных экскурсаў.

Для мяне падарожжа ў Нэрынгу было, хутчэй, падарожжам ва ўласнае дзяцінства. Самым моцным уражаньнем тады быў паром, на якім вось ужо некалькі стагодзьдзяў перапраўляюцца падарожнікі з Клайпэды і назад. Дарэчы, паром па‑літоўску — pierplauka. Гучыць амаль па‑беларуску: як пераплаў ці пераправа.

Амаль праз сорак гадоў пасьля майго першага знаёмства з тым паромам двое беларускіх падарожнікаў‑небаракаў на аўтамабілі шукалі ў адносна невялікай Клайпедзе тую «перплаўку» больш за гадзіну. Бо мелі неасьцярожнасьць запытацца дарогу «да парому» у нейкай сустрэчнай спадарыні за рулём шыкоўнага аўто. Яна зь ветлівай усьмешкай паказала ў той бок, куды падарожнікам, як потым выявілася, было зусім ня трэба. Спадарыня не падманула, проста ў клайпедзкі порт цяпер рэгулярна ходзіць вялікі паром зь Нямеччыны. Трэ было шукаць у горадзе ўказальнікі не на паром, якіх у Клайпедзе некалькі, а проста на Нэрынгу.

Недакуркі ў нацпарку

На пачатку 1970‑х давялося пабыць у Калінінградзе, а таксама на касе — у Зеленагорску ці Сьветлаградзе — цяпер ужо ня памятаю, дый запомніць гэтыя безаблічныя назвы, якімі адмыслова назвалі ўсе нямецкія гарады й вёскі былой Усходняй Прусіі, немагчыма.

Тады ўражвалі руіны й паўсюднае запусьценьне, як быццам пасьля вайны прайшло на той час ня чвэрць стагодзьдзя, а некалькі гадоў.

Цікава, канечне, было б параўнаць цяперашняе жыцьцё на касе ў Літве і ў Калінінградзкай вобласьці. Але ж пэрспэктыва чарговага памежнага кантролю прымусіла ад гэтай ідэі адмвовіцца.

Не сказаць, што з «эўрасаюзаўскага» боку мяжы на касе ўсё ідэальна. Пра тамтэйшыя цэны ў сэзон адпачынку лепш прамаўчаць. Але сумна было бачыць па дарозе на мора праз цудоўны бор, як абапал яе штодня прыбаўляецца недакуркаў, цыгарэтных пачкаў, плястыкавых бутэлек, хоць скрыняў для сьмецьця на пляжах там хапае. А між тым, нумары аўтамашынаў на вуліцах прыбярэжнага мястэчка амаль спрэс літоўскія. Зрэдку трапляліся латвійскія і эстонскія (для эстонцаў Курская каса — сапраўдны Поўдзень). Пару разоў трапляліся расейскія нумары. Расейскую мову таксама можна было зрэдку пачуць, як і польскую, ці нямецкую. Так што савецкасьць, ці дакладней сказаць — адсутнасьць культуры, ня ёсьць чыёйсьці нацыянальнай рысай. Гэта, так бы мовіць, стан душы. У прыватным доме ці гатэлі нікому ня прыйдзе да галавы раскідаць сьмецьце. А ў «нічыйным» лесе (нацыянальным парку), калі ніхто цябе ня бачыць — чаму б і не?

Уявіць сабе завалы бруду, якія можна бачыць амаль паўсюдна ў Беларусі ў «зонах адпачынку», у нашых заходніх суседзяў, зразумела, немагчыма. Але ж і спадзявацца, што з набыцьцём незалежнасьці ці нават з перамогай дэмакратыі ў Беларусі назаўтра ўсё зьменіцца да лепшага — рэкі ды азёры стануць чыстымі, усе стануць адразу ветлівымі й сьціплымі, палюбяць родны край і ўласную гісторыю, загавораць на роднай мове, не даводзіцца.

Што праўда, з роднаю моваю праблемы ў літоўцаў няма. Яна, дарэчы, абвешчана ў Літве галоўным нацыянальным набыткам. Потым ужо ўсё астатняе…

Што ж тычыцца стаўленьня да гісторыі… Наўрад ці нехта са звычайных літоўцаў, якія штогод адпачываюць у Нідзе або ў Паланзе, хоць аднойчы задумаўся над тым, што некалі гэтыя землі належалі Нямеччыне, а тым больш — пра лёс тых самых куршынінкаў. У масавай сьвядомасьці літоўцаў ВКЛ ня мае ніякага дачыненьня да РБ, а беларусы — да гісторыі Літвы. І гэта ня ёсьць, думаецца, вынікам нейкай адмысловай антыбеларускай (ці антыпольскай) прапаганды. Палітыка — гэта зусім іншая справа. Мала хто зь літоўцаў усур’ёз цікавіцца ёю. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паглядзець, колькі месца ў літоўскіх газэтах займае тэма выбараў у Сойм, якія адбудуцца сёлета ўвосені, і колькі — спорт, сад і гарод. І гэта нармальна.

Літоўцы адчуваюць сябе самадастатковай нацыяй. Яны ганарацца Жальгірысам (Грунвальдам), не жадаючы дзяліць яго ні з палякамі, ні, тым больш, зь беларусамі. Яны зьвязваюць імя заснавальніка ВКЛ Міндоўга не з Наваградкам (Наўгардукасам), дзе была ягоная рэзыдэнцыя і дзе ён быў каранаваны, а зь нейкім іншым мястэчкам на тэрыторыі сучаснай Літвы, назва якой нічога не гаворыць беларусам. І гэта таксама нармальна.

Але нармальна — яшчэ ня значыць добра. Ёсьць і іншая форма любові да ўласнай гісторыі і яе асэнсаваньня, якая падаецца на ступень вышэйшай, чымся толькі гонар за ўласныя перамогі і здабыткі, прыдуманыя або рэальныя. І прыклад такой любові падаюць нашы суседзі ў Балтыі. Адметна, што яны даўно лічаць нас сваімі суседзямі. Балтыя — гэта ня толькі Балтыйскае мора. Але мы пакуль гэтага яшчэ не ўсьвядомілі. Успрымаем швэдаў, у лепшым выпадку, як спаборнікаў у хакеі…

«Тытанік» ХХІ стагодзьдзя

Ужо даўно стаўся анэкдотам аповед пра тое, што швэдзкія чыноўнікі, нібыта, вешаюць у сваіх кабінэтах партрэты Пятра І. За тое, што ён разьбіў войскі швэдзкага караля Карла ХІІ пад Палтавай і тым самым назаўсёды адвучыў швэдаў ваяваць, а Швэцыя ў выніку стала разьвітай дэмакратычнай дзяржавай.

Апокрыф не зусім адпавядае рэчаіснасьці. Пасьля Карла ХІІ была яшчэ швэдзка‑расейская вайна 1741—1743 гадоў, Сямігадовая вайна, вайна Швэцыі з Даніяй і Расеяй 1788—1790 гадоў і нарэшце — вайна з Расеяй і Нарвэгіяй на пачатку ХІХ стагодзьдзя. Але гаворка не пра тое.

Кожнага журналіста, які ўпершыню патрапіў у Стакгольм, абавязкова завязуць (ці, прынамсі, параяць наведацца) у музэй карабля «Ваза». У 1625 годзе кароль Швэцыі Адольф Густаў Ваза, які ваяваў тады з Польшчай за панаваньне над Балтыйскім морам, загадаў пабудаваць некалькі баявых караблёў, сярод якіх роля флягмана адводзілася «Вазе». Лёс судна ўнікальны ў гісторыі мараплаўства. Гэта быў самы магутны на той час узброены карабель у сьвеце. Водавымяшчэньне 1200 тонаў, даўжыня з бушпрытам — каля 70 мэтраў, вышыня ад кіля да вяршыняў мачтаў 54 мэтры. На дзьвюх палубах месьціліся 64 гарматы. Такіх караблёў тады не было нават у Францыі.

10 жніўня 1628 году гэты шэдэўр карабельнага мастацтва узьняў ветразі ў стакгольмскай гавані, грымнуў салют… Раптам судна нахілілася на бок, празь люкі для гарматаў унутр патрапіла вада. Прапорцыі карабля не дазволілі яму выраўнацца — ён нахіліўся яшчэ больш і пайшоў на дно. З экіпажу ў 150 маракоў загінулі каля сарака. Усё адбылося амаль імгненна, на вачох шакаваных гасцей, у тым ліку замежных дыпляматаў.

Неўзабаве распачалося афіцыйнае сьледзтва для выяўленьня прычынаў трагедыі (на той час гэта была катастрофа, сувымерная з крушэньнем «Тытаніка»). Але паколькі, як выявілася, інжынэры й будаўнікі сьледавалі парадам самога манарха, які, у прыватнасьці, жадаў разьмясьціць на палубах як мага болей гарматаў, сьледзтва хутка згарнулі. На пытаньне, што здарылася з суднам, быў атрыманы знаёмы адказ: яно патанула…

Балтыйскае мора, у заўжды халодных глыбінях якога дрэва амаль не гніе, захавала «Вазу» для нашчадкаў. Калі судна ўзьнялі са дна ў 1961 годзе, судна выглядала, як новае. Навукоўцы былі ўражаныя выглядам, багацьцем дэкору й скульптураў у стылі барока, якія ўпрыгожвалі карабель‑палац. Некаторыя зь іх, між іншым, выклікаюць у сучасных гледачоў зьдзіўленьне. Што маглі азначаць, напрыклад, скульптуры каталіцкіх манахаў з жаночымі грудзямі, прычоскамі ды нафарбаванымі кармінам губамі? Справа ў тым, што пратэстанцкая Швэцыя вяла ідэалягічную вайну з Ватыканам, і тыя выявы былі нічым іншым, як… карыкатурай на папістаў. «Ваза», такім чынам, задумваўся ня проста як плывучая крэпасьць, сымбаль магутнасьці швэдзкага каралеўства, але і як плывучы агітпункт

Замест высновы. 300 гадоў пасьля Палтавы

Карабель стаў сымбалем бязглуздай катастрофы, марнасьці імпэрскіх амбіцыяў. Чаму ж так цікавіць сучасных швэдаў тая гісторыя? Vasamuseet застаецца самым папулярным музэем у Швэцыі. Думаецца, ня толькі таму, што ў запасьніках музэю захоўваюцца тысячы ўнікальных знаходак, якія шмат распавядаюць пра швэдзкую рэчаіснасьць ХVІІ стагодзьдзя ды яшчэ хаваюць безьліч сакрэтаў і цікавостак.

Швэды, зь якімі давялося гаварыць, відавочна любяць гэты свой патанулы карабель. Без усялякага мазахізму, без празьмернай настальгіі па ранейшым часе. Яны любяць сваіх каралёў — і старадаўніх, і цяперашняга, Карла ХVІ Густава. Любяць, дарэчы, не за каралеўскі сан, а за надзвычайны дэмакратызм і мяккасьць, і, у той самы час, цьвёрдую адданасьць маральным прынцыпам. (Давялося некалі быць сьведкам таго, як кароль браў удзел у Гётэборгу ў адпяваньні некалькіх юнакоў і дзяўчат — у асноўным, гэта былі імігранты, якія згарэлі ў выніку жахлівага пажару ў тамтэйшай дыскатэцы, бачыць, як проста, без усялякай рысоўкі трымаліся на людзях ён і ягоная жонка.)

Швэды любяць Карла ХІІ і ягонага сучасьніка Карла Лінэя, Акадэмію навук разам з Нобэлеўскім камітэтам і Астрыд Ліндгрэн, якая так і засталася бяз Нобэлеўскай прэміі, любяць сваю зямлю, якая амаль уся складаецца з граніту, і ганарацца тым, што п’юць ваду выключна з‑пад крана, настолькі яна чыстая, любяць свабоду й парадак, якія, аказваецца, зусім не пярэчаць адно аднаму, любяць свой Рыксдаг і ўсю Швэцыю без вынятку — ад запалярных шахтаў у Кіруне, да выспы Фаро, на якім жыў і памёр Інгмар Бэргман.

І сваю гісторыю — таксама без вынятку. Не перапісваюць яе, не прыхарошваюць.

Спасьцігаюць сэнс.

Сёлета 28 верасьня (у дзень выбараў) споўніцца 300 гадоў са дня бітвы ля вёскі Лясная, што Магілёўшчыне, дзе швэды пацярпелі першую сур’ёзную паразу ў Паўночнай вайне.

У наступным годзе Ўкраіна будзе адзначаць 300‑годзьдзе Палтаўскай бітвы, якая адбылася акурат празь дзевяць месяцаў пасьля бітвы пад Лясной. Безумоўна, гэта ня будзе сьвяткаваньнем перамогі расейскіх войскаў над войскамі швэдаў і Мазэпы. Украінцы спрабуюць наноў знайсьці сябе ў эўрапейскім гістарычным кантэксьце.

Мажліва, некалі і ў Беларусі таксама навучацца любіць сваю гісторыю — усю без выняткаў. Навучацца любіць і паважаць ня толькі свой край, але саміх сябе.

Вось толькі не давялося б гэтага чакаць яшчэ 300 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?