Тысячы запазычаных выраяў ня вартыя Адной Сваёй Пушчы.

Тысячы запазычаных выраяў ня вартыя Адной Сваёй Пушчы.

Чарамша

Доўгі час лінія фронту Першай сусьветнай вайны заставалася стабільнай. Недзе з 1915 па 1917 год яна амаль ня рухалася, дакладна, як у «1984», — што, дарэчы, і справакавала рэвалюцыю ў Расеі. Калі б рэкрутаваныя зь сялянаў войскі адступалі або наступалі — быў бы хоць нейкі занятак, які б апраўдваў адсутнасьць у родных хатах. А так — гній у акопах, незразумела, дзеля чаго. Тым больш — вошы, цынга, авітаміноз… Часам яшчэ і страляюць, могуць забіць. Пазыцыйная вайна, з рэдкімі Георгіямі.

Дык хто гніў, а хто не. Раскватараваныя ў Сярэдняй Літве нямецкія жаўнеры (а лінія фронту больш‑менш супадала зь мяжой Рыскай дамовы) часта нават жаніліся зь мясцовымі беларускамі, настолькі камфортна ў нас пачуваліся. І пра дабрабыт славутыя нямецкія інтэнданты дбалі лепш — на тое і орднунг. Каб пазьбегнуць авітамінозу, завялі пасадкі чарамшы. І калі немцы сышлі, культура чарамшы на тым беразе Заходняй Бярэзіны так і засталася, і дажыла да нашых дзён. Кажуць, што ў вёсках на самым паўночным захадзе пушчы — Бакшты, Паташня, Рум — дагэтуль традыцыйна чарамшу і вырошчваюць. А салату зь яе, звычайна з варанымі яйкамі і маянэзам, так і называюць — «нямецкай салатай».

Цікава было б тое праверыць па іншых мясцовасьцях.

Кладка

«Ой у полі рэчка, цераз рэчку — кладка». Старая песьня прыгадалася, калі пачуў пра кладку праз івянецкую сажалку ў цэнтры мястэчка, на Волме. Недзе да 1970‑х яе рэгулярна рамантавалі пасьля кожнага крыгаходу. Падпраўлялі пахіленыя слупкі, замянялі падгнілыя дошкі. Рабілася гэта стагоддзямі, паводле нейкай вельмі даўняй «нізавой дамоўленасьці». Магчыма, некалі яе ўбіў у галаву нейкі мясцовы пан, у часы валочнай памеры, і ці ня тое самае адбылося па ўсёй краіне. А магчыма, гэтаму звычаю не адна тысяча гадоў: дамоўленасьць на міжсуседзкім узроўні, хто за што адказвае і ў якой чарговасьці. Аднак ужо гадоў 20 ці 30 кладкі той няма. Людцы глядзяць ТВ, штораз усё цікавейшае, і зь яго даведвацца — якое Яно, Жыцьцё.

* * *

Прыгадалася апавяданьне аднаго этнографа‑аматара (г.зн. на свае грошы этнографа), які казаў мне пра зьнікненьне традыцыйных вячорак і іншых «мясцовых імпрэзаў» у Заходняй Беларусі ў 1950‑я гады. Стагодзьдзямі ў кожнай вёсцы была нейкая большая хата, а мо і не адна, дзе ў складчыну зьбіралася мясцовая моладзь патанчыць, пагутарыць, пазнаёміцца. Ці ня большасьць сем’яў складалася на такіх вечарынах. Тут і функцыянавала традыцыйная культура; гэтак мілыя рамантычнаму сэрцу сучаснага гарадзкога патрыёта дуда і батлейка існавалі арганічна дзякуючы такім вось сталым вясковым кліентам, якія заахвочвалі музыкаў пачастункам і медным шэлегам. Аднак у 1950‑я аддзелы культуры выканкамаў канкрэтна ўзяліся за такія «рассаднікі». Гвалтам пазаганялі ўсіх у вясковыя клюбы, часта — з забраных цэркваў і касьцёлаў пераробленыя. Ліквідавалі ў зародку патэнцыйныя асяродкі іншадумства, і адначасова — падрыхтавалі пераможнае прышэсьце DJ’яў, кіслаты, рэйву, шаставога стрыптызу, сьвінг‑вечарын. Відаць, у архівах захаваліся канкрэтныя сьляды той вялікай культурнай кампаніі, была яна арганізаванай, пераможнай (што відавочна назіраем) і наўрад ці доўгай. Ці дачакаецца яна свайго гісторыка?

***

Даўно ўжо думаю і так дагэтуль не магу вырашыць канчаткова: трыюмф глямуру — гэта вынік мэтанакіраванай працы сацыяльных інжынэраў ці прадвызначаная наканаванасьць, закладзеная ў мэханізм эвалюцыі яшчэ ў момант Вялікага Выбуху? Што мы зможам абараніць з тых рэштак самастойнасьці, якія яшчэ ацалелі? І ці не ахвяруюць імі нашы дзеці дзеля радасьці калектыўнага сэксу?

Хімдым

Смалакурня ў Троках (ня ў тых вялікіх, некалі сталічных, але ў пушчанскіх, каля Івенца, хоць ня так даўно яшчэ жыў і там, і тут той самы народ, мусіць, яшчэ 200 гадоў таму размаўлялі дома па‑літоўску, на рынку па‑беларуску, у касьцёле, хто ўмеў, — па‑польску), мясцовага лясхімгасу, называлася на тутэйшым жаргоне «Хімдым». Рыхтык як гарадзенцы называюць свой улюбёны камбінат «Азот». Законы моўнай стыхіі ці сьвядомае запазычаньне? Шкада, што не фіксуе таго слова ніводны слоўнік (як для мяне, дык вельмі падобнае на ангельска‑навамоўнае hazchem — hazardous chemicals).

Тыя індустрыяльна‑савецкія смалакурні ўвабралі ў сябе традыцыйны, дробны, прыватны, праз стагодзьдзі, пушчанскі промысел: буды. Смала, дзёгаць, паташ — чым славілася некалі пушча. Гэтаксама, як у «Мастацкую кераміку» ўвагналі гвалтам дзясяткі прыватных ганчарных майстэрняў, і сотні надомніц‑вышывальшчыц.

Што капіталізм, што сацыялізм. Што нябачная рука рынку, што арганізаваны гвалт. А вынік адзін. Татальны глямур. Любы прыватны высілак ня можа дагадзіць людцам, нават невялікай групцы, менавіта таму, што няма болей невялікай групы. Або — Шмат‑для‑Ўсіх, або нічога нікому. Курым бамбук. Хімдым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?