Пятро Машэраў баяўся абуджэньня братоў‑славянаў, а другі беларускі кіраўнік, Кірыла Мазураў, езьдзіў у Прагу з шпіёнскай місіяй.

20 жніўня спаўняецца сорак гадоў уводу войск краін Варшаўскай дамовы ў братнюю Чэхаславаччыну, які паклаў канец палітычнаму працэсу, вядомаму як «Праская вясна». «Праская вясна» цягнулася нядоўга, але менавіта яна найбольш паўплывала на перабудову ў СССР, «аксамітныя рэвалюцыі» ў Усходняй Эўропе. Што ж спарадзіла гэтую трагічную і кароткую драму?

Пачаткам камунізму ў Чэхіі лічацца падзеі лютага 1948 г., калі камуністы выціснулі сваіх супернікаў з ураду. Неўзабаве прэзыдэнт краіны Эдвард Бэнэш вымушаны быў саступіць сваю пасаду лідэру кампартыі Клемэнту Готвальду.

Камунізм у Чэхіі і Славаччыне ня быў чымсьці навязаным звонку. Ён абапіраўся на традыцыйныя, панславісцкія сымпатыі да Расеі, якія ўзьніклі яшчэ ў часы Аўстра‑Вугоршчыны і ўзмацніліся падчас Мюнхену і нямецкай акупацыі. Зь імі лічыліся і апанэнты чэскіх камуністаў. Адзін зь іх, Вацлаў Чэрны, пісаў: «Ад мяне не дачакаюцца непачцівых слоў на адрас Савецкай дзяржавы і яе кіраўнікоў».

Калі ж улічыць, што найбольш выбітныя чэскія і славацкія інтэлектуалы таго пэрыяду былі камуністамі, ня трэба зьдзіўляцца, што камуністычны пераварот не сустрэў сур’ёзнага супраціву.

Камуністы разгарнулі барацьбу з сваімі апанэнтамі. Найбольшую вядомасьць атрымаў сьмяротны вырак Міладзе Горакавай, дэпутату ад бэнэшаўскай партыі. Тым, каму пашчасьціла ўнікнуць сьмяротнай кары, пагражала высылка ў памежныя раёны або на ўранавыя капальні.

Рэпрэсіі закранулі ўрэшце і саміх арганізатараў. У 1954 г. да шыбеніцы быў асуджаны генсак КПЧ Рудольф Сланскі і яшчэ дзесяць высокіх партыйных функцыянэраў. Гэта быў самы вялікі па колькасьці сьмяротных прысудаў палітычны працэс ва Ўсходняй Эўропе. Сьмерць Сталіна, а за ім і Готвальда ў наступным годзе, здавалася, нічога не зьмяніла ў Чэхаславаччыне. Працягваліся палітычныя расправы. У 1955 г. на праскай плошчы паўстаў грандыёзны помнік «бацьку ўсіх народаў».

Між тым патрэбы ў пераменах узрасталі. Асноўнай праблемай стала відавочнае эканамічнае адставаньне краіны — у 1930‑я адной з самых разьвітых краінаў сьвету — ад Захаду. Гэта пры тым, што ў параўнаньні са старэйшым братам чэхі заўсёды жылі больш заможна. Акрамя таго, існавала пытаньне аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій і адказнасьці за іх. Што тычыцца нацыянальнай праблемы, то Славаччына была пазбаўлена і ценю аўтаноміі, а яе сталіца Браціслава мела статус толькі абласнога цэнтру.

Тагачаснае праскае кіраўніцтва на чале з прэзыдэнтам Новатным або ігнаравала выклікі часу, або абмяжоўвалася паўмерамі. У краіне ўзрастала незадаволенасьць. Яе рупарам выступалі вядомыя пісьменьнікі: Вацлаў Гавал, Павал Когут, Мілан Кундэра і інш. Пачаліся студэнцкія хваляваньні і рабочыя страйкі. Спробы ўлады задушыць іх сілай толькі абвастрылі становішча. Узьнікла думка замяніць непапулярнага Новатнага на менш адыёзную фігуру. Прымальнай кандыдатурай уяўляўся Аляксандар Дубчак — удзельнік славацкага камуністычнага паўстаньня, выхаванец савецкай партыйнай школы. У Брэжнева і іншых маскоўскіх правадыроў былі падставы думаць, што «Саша» — свой чалавек, і яны далі згоду на замену ў студзені 1968 г. Новатнага Дубчакам. Гэта і стала пачаткам «Праскай вясны».

Новае кіраўніцтва не было маналітным, яно ўключала як прыхільнікаў рэформ (Ота Шык, Здэнэк Млынарж, Францішак Крыгель), так і кансэрватараў (Васіл Біляк, Алоіс Індра, Густаў Гусак), якія больш за ўсё баяліся гневу Масквы. Тым ня менш, краіна закіпела. Зьявілася нечуваная з 1948 г. свабода друку, сталі ўзьнікаць рознага кшталту нефармальныя аб’яднаньні. Пачалося расьсьледаваньне палітычных рэпрэсій. Гэта выклікала занепакоенасьць у суседзяў.

Першымі аб пагрозе сацыялізму ў Чэхаславаччыне загаварылі Ульбрыхт у ГДР, Гамулка ў Польшчы, Пётар Шэлест ва Ўкраіне (украінцы Прашаўшчыны, Славаччыны сталі масава публікаваць забароненыя ў Саюзе тэксты, і яны траплялі за савецкую мяжу).

Амэрыканскі дасьледчык чэскага паходжаньня Іржы Валента адносіць да лягеру праціўнікаў «праскай вясны» і Пятра Машэрава, які таксама баяўся абуджэньня братоў‑славянаў, імпульсы якога непазьбежна даляталі і б да паняволеных народаў СССР. На яго думку, кіраўнікі савецкіх рэспублік не былі зацікаўленыя ў пашырэньні ідэі фэдэралізму і лібэралізму, а хацелі толькі ільгот ад Масквы.

Другі беларускі кіраўнік, Кірыла Мазураў, езьдзіў у Прагу з шпіёнскай місіяй. Ён выдаваў сябе за пацярпелага ад Брэжнева, а на самай справе зьяўляўся досыць актыўным сталіністам.

На гэтым фоне пазыцыя Брэжнева выглядала спачатку як памяркоўная, ён быў у прыяцельскіх адносінах з Дубчакам. Але Прага пачала аспрэчваць прапанаваную Масквой дактрыну аб абмежаваным сувэрэнітэце сацыялістычных краін. Пачала выказваць свае пярэчаньні і Вугоршчына. Румынія, Югаславія, Альбанія ўвогуле адмовіліся абмяркоўваць савецкія ініцыятывы. Гэтага Леанід Ільліч дараваць ужо ня мог. Неслухаў трэба было караць. У ноч з 20 на 21 жніўня войскі Варшаўскае дамовы былі ўведзеныя ў братнюю Чэхаславаччыну. Краіна не была гатовая да абароны. Войска было цалкам пад савецкім кантролем. Палітычнае кіраўніцтва таксама не хацела разрыву з краінай Саветаў. Тым ня менш, адразу ж Дубчак і яго бліжэйшыя паплечнікі былі арыштаваныя і інтэрнаваныя на савецкую тэрыторыю. Пасьля доўгіх і прыніжальных перамоваў у Крамлі прадстаўнікі Чэхаславаччыны вымушаны былі пагадзіцца з усімі патрабаваньнямі цэнтру.

Неўзабаве Дубчак быў заменены на вернага СССР Густава Гусака. Пачаўся пэрыяд так званай «нармалізацыі», скіраванай на дыскрэдытацыю і забыцьцё самой ідэі рэформ. «Праская вясна» была абвешчана «ціхай контррэвалюцыяй», падкопамі сусьветнага сіянізму. У Беларусі на гэтай ніве асабліва шчыраваў сумнавядомы прапагандыст Уладзімер Бягун (якога за вочы называлі «Валодзька Брахун»). Аднак дзеяньні партыі і ўраду выклікалі на гэты раз пратэст у самім Савецкім Саюзе. На Краснай плошчы прайшла дэманстрацыя пад лёзунгам «За нашу і вашу свабоду». Трэба згадаць, найперш, Міхаіла Кукабаку, «ці не адзінага жыхара БССР, які адкрыта пратэставаў супраць агрэсіі ў Чэхаславаччыну» (Уладзімер Арлоў). Аб Кукабаку рабіў даклад у амэрыканскім Сэнаце Робэрт Кенэдзі — брат прэзыдэнта Джона Кенэдзі.

Аднак галоўныя жарсьці разыграліся ў Празе. У наступным годзе пасьля ўварваньня студэнт Ян Палаха ўчыніў акт самаспаленьня, каб узьняць супраціў у краіне. У 1977 г. дзеячы «Праскай вясны» ўклалі так званую «Хартыю‑77», дзе заклікалі ўладу да шанаваньня правоў чалавека ў адпаведнасьці з Хэльсынскімі пагадненьнямі аб супрацоўніцтве і бясьпецы ў Эўропе. Трэба сказаць, што падпісантаў Хартыі было няшмат, асабліва ў Славаччыне. Менавіта славацкія камуністы складалі аснову рэжыму «нармалізацыі», менавіта пры іх Славаччына нарэшце атрымала статус фэдэратыўнай рэспублікі. Таму Маскву дысыдэнцкі рух у Чэхаславаччыне ня вельмі хваляваў. Толькі калі пачалася аксамітная рэвалюцыя, Крэмль прызнаў увядзеньне войск памылкай, але было ўжо позна.

Як цяпер, праз сорак гадоў, ацаніць спадчыну «Праскай вясны»? Яе лідэры былі камуністамі, іх мэтай было рэфармаваньне і захаваньне сацыялізму. Сёньня мала хто верыць у гэтую ідэю. Перабудова ў СССР яшчэ раз прадэманстравала банкруцтва «сацыялізму з чалавечым тварам». Што ж засталося? Застаўся прыклад супраціву, маральнай перамогі слабага над дужым, безабароннай краіны над мілітарызаванай імпэрыяй.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?