«Польшча не паддасца ціску Еўракамісіі ў пытанні абавязковага прыёму бежанцаў», — заявіў міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Блашчак у сваім выступе на пасяджэнні Еўрапейскай рады ў Люксембургу. Так ён пракаментаваў словы кіраўніка Еўракамісіі Жан-Клода Юнкера аб магчымым абмежаванні еўрапейскіх сродкаў у дачыненні да краін ЕС, што адмовіліся прымаць бежанцаў, якія знаходзяцца ў лагерах у Італіі і Грэцыі, паведамляе Радыё Польшча.

Гаворка ідзе пра т. зв. праграму рэлакацыі, прынятую восенню 2015 года. Раней еўракамісар па пытаннях міграцыі заяўляў, што за ігнараванне гэтага плана на дзяржаву ЕС будзе пададзены пазоў у Еўрапейскі суд.

Па словах кіраўніка МУС Польшчы Марыюша Блашчака, план па рэлакацыі бежанцаў не з'яўляецца ўдалым: «Гэты план толькі паспрыяе развіццю крызісу, ён прывядзе да таго, што чарговыя патокі мігрантаў зальюць Еўропу. Гэта заахвочванне для гандляроў людзьмі, якія зарабляюць на мігрантах».

Міністр падкрэсліў, што з меркаванняў бяспекі Польшча не прыме ўцекачоў, ідэнтыфікацыя якіх не гарантаваная. «Маім заданнем з'яўляецца захаванне бяспекі Польшчы і палякаў. Наплыў бежанцаў у Польшчу, на які пагадзілася ўрад Эвы Копач, стаў бы глебай для развіцця ісламскага тэрарызму. Гэта шкоднаснае рашэнне не было выканана ў сувязі са зменай ўрада ў Польшчы», — заявіў ён.

Адзначым, што на будучым тыдні Еўракамісія прадставіць даклад, які падводзіць вынікі рэалізацыі праграмы па прыёме бежанцаў. Паводле даных, прадстаўленых месяц таму, з 160 тысяч уцекачоў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Італіі і Грэцыі, паміж іншымі краінамі ЕС былі размеркаваныя амаль 20 тысяч чалавек. Ні аднаго бежанца не прынялі Польшча, Венгрыя і Аўстрыя, хоць улады ў Вене заяўлялі аб сваім намеры ўдзельнічаць у праграме. Менавіта ў дачыненні да гэтых краін Еўракамісія пагражае прыняць меры. Падобныя пагрозы былі таксама адрасаваныя ўраду Чэхіі, які прыняў 12 бежанцаў, аднак нядаўна заявіў аб намеры адмовіцца ад удзелу ў праграме з меркаванняў бяспекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?