Мазырскія актывісты змагання супраць арэнды Прыпяці вырашылі даказаць, што даглядаць берагі ракі і выконваць іншыя патрэбныя мерапрыемствы на агульнанародным прыродным аб’екце могуць не толькі арандатары, але і грамадскасць.

Сітуацыя з намерам уладаў у Мазыры здаць у арэнду 91 кіламетр ракі Прыпяць і 300 гектараў пойменных азёраў працягвае абрастаць прэцэдэнтамі.

Як паведаміў Гомельскі Зялёны партал, у адказ на пратэсты мазырчукоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі прапануе ўвогуле адмовіцца ад арэнды рэк і каналаў ва ўсёй краіне. Праект адпаведнага нарматыўнага акта ўжо ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы. Такім чынам ведамства мяркуе знізіць сацыяльную напружанасць у грамадстве, якую выклікае арэнда агульнанародных прыродных аб’ектаў.

Раней органы ўлады ў Мазыры тлумачылі, што арэнда ракі неабходная для таго, каб было з каго спытаць за стан берагоў, за правядзенне іншых мерапрыемстваў. Але мазырская грамадскасць вырашыла даказаць уладзе, што сваю раку людзі змогуць дагледзець і самі.

Актывісты змагання супраць арэнды Прыпяці вырашылі правесці 10 чэрвеня на беразе ракі адмысловую акцыю — квест, падчас якога ў форме спаборніцтва прыбраць каля вады смецце. Жаданне ўзяць удзел у акцыі выказалі многія рыбакі і не абыякавыя да экалогіі жыхары Мазыра. Аб намеры правесці акцыю рэгіянальны каардынатар ініцыятывы «Зялёны дазор» Павел Наздра 1 чэрвеня электронным лістом абвесціў Мазырскі райвыканкам.

Як распавёў карэспандэнту «Нашай Нівы» Павел Наздра, чыноўнікі вырашылі, што квест па ўборцы смецця на беразе Прыпяці — гэта масавае мерапрыемства, і паведамілі актывісту, што для яго правядзення арганізатары мусілі звярнуцца за два тыдні ў выканкам па адпаведны дазвол.

«Тады я сказаў прадстаўнікам выканкама, што гэта самы звычайны суботнік, які ўсяго толькі мяркуецца правесці ў гульнявой форме, але, калі гэта лічыцца масавым мерапрыемствам, то мы яго адмяняем і гэта, найхутчэй, выкліча скандальную сітуацыю і незадаволенасць людзей, — гаворыць Павел. — На гэта мне сказалі: «Дык чаму ж вы адразу не напісалі «суботнік», а ўжылі нейкае незразумелае слова «квест»? Суботнік можна праводзіць! Гэта не масавае мерапрыемства!»

І хоць пісьмовага дазволу на правядзенне акцыі ад выканкама арганізатары не атрымалі, тым не менш, улада даручыла мясцовым камунальнікам накіраваць да месца правядення квеста-суботніка смеццявоз, каб вывезці сабранае смецце.

Акцыя прайшла ў суботу без нейкіх эксцэсаў. Удзельнікі, якіх на бераг Прыпяці цалкам дабраахвотна прыехала амаль 40 чалавек, сабралі каля 12 кубаметраў смецця, а самых актыўных прыбіральшчыкаў арганізатары заахвоцілі прызамі. Пры гэтым многія ўдзельнікі прыборкі смецця асабліва адзначалі, што ў людзей, дзякуючы актыўнай і шматколькаснай кампаніі па супрацьдзеянні арэндзе ракі, усё больш і больш выспявае ў свядомасці пачуццё адказнасці за наваколле, пачуццё таго, што рака — агульная, і грамадскасць можа ўзяць на сабе адказнасць за стан такога прыроднага аб’екту без удзелу дзяржаўных органаў ці нейкіх арандатараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?