Падчас выступу на юрыдычным факультэце Львоўскага універсітэта на тэму «Як пабудаваць паспяховую навуковую кар'еру?» Яраслаў Грыцак даў важныя парады маладым навукоўцам.

Не спрабуйце быць аб'ектыўнымі

Асабліва не пішыце ў сваіх дысертацыях, што вы прытрымліваліся прынцыпу аб'ектыўнасці. Гэта глупства і ў гэта ніхто не верыць. У грамадскіх навуках аб'ектыўнасць узнікае з дыялогу паміж сябрамі і ворагамі. Можна казаць, што гэта сяброўства варожасці. Нехта займае адну пазіцыю, нехта іншую, а аб'ектыўнасць, як правіла, знаходзіцца недзе паміж імі. Такая аб'ектыўнасць не заўсёды з'яўляецца аб'ектыўнай.

Лепш адразу прызнайцеся, што вы суб'ектыўныя, і не падманвайце людзей. Адзін навуковец неяк сказаў, што толькі дрэнныя гісторыкі з'яўляюцца аб'ектыўнымі, добрыя гісторыкі свядомыя ў сваёй суб'ектыўнасці і лёгка ў гэтым прызнаюцца.

Будзьце шчырымі ў сваёй суб'ектыўнасці. Для мяне такая шчырасць з'яўляецца ўсведамленнем таго, што мае магчымасці абмежаваныя. Важна ўсвядоміць свой узровень і не спрабаваць скокнуць вышэй за тую планку, якую накладваюць абмежаванні. Калі гэта рабіць, то можна хутка «перагарэць».

Не ўспрымайце сваіх дысертацый усур'ёз

Ні адна дысертацыя не з'яўляецца сапраўды навуковай. Дысертацыя — гэта не навука, а толькі пропуск у навуку. Гэта як магчымасць купіць білет і трапіць у добры тэатр.

Яраслаў Ісаевіч у свой час казаў мне, што аспірантура — гэта прыгон. Ваша асноўная задача — напісаць дысертацыю хутка, зрабіць дысертабельнай, то бок доследнай, здаць і абараніць.

У многіх еўрапейскіх краінах, як і ў Амерыцы, ніхто не друкуе дысертацый, там ёсць своеасаблівы пастдок — на працягу трох гадоў пасля абароны дысертацыі ў вас ёсць час, каб зрабіць яе сапраўды вартай і на аснове вашых даследаванняў напісаць кнігу, якую варта публікаваць.

Таму не пішыце дысертацый доўга, гэта проста такі этап, які трэба прайсці. Сапраўдны рай чакае вас пасля абароны, а ў нашай сістэме навукі пасля абароны доктарскай. Калі ў нас не адменяць сістэму двух дысертацый (кандыдацкай і доктарскай), то паспрабуйце прайсці гэты шлях як мага хутчэй. Бо пакуль вы не станеце доктарам, усе будуць глядзець на вас, як на маладога мустанга, на якога можна будзе «павесіць» усю працу.

Пішыце штодня

Калі ты пішаш, то трымаеш сябе ў форме. Для спартсмена — гэта штодзённыя практыкаванні, для навукоўца — гэта пісанне. Спрабуйце сябе ў розных жанрах і эксперыментуйце.

Прафесар Шаўчэнка казаў, што ёсць два тыпы гісторыкаў (як і навукоўцаў): вусень і матылёк. Вусень — гэта той тып, які бачыць толькі тое, што ляжыць пад носам. Да прыкладу, пайсці ў архіў, знайсці дакумент і радавацца тым, што ты вялікі навуковец, бо ў цябе ёсць дакумент. Матылёк бачыць больш шырокую карціну, свабодна «лётае» ад адной тэмы да іншай і не баіцца эксперыментаваць.

Паспрабуйце напісаць хоць адну кнігу да 35 гадоў. Гэта важна. Да 30-35 гадоў моладзь усе любяць,у гэтым узросце вам лягчэй атрымліваць гранты. Калі вам 36 гадоў і 1 дзень, вас перастаюць любіць і пачынаюць глядзець на вашы дасягненні.

Будзьце гатовыя, што львіная доля таго, што вы напішаце, будзе смеццем, якое прыйдзецца выкідваць. Не публікуйце ўсё, што вы калісьці напісалі. Пісанне — гэта падыход да снарада, але не сам снарад.

Добрым прыкладам можа служыць Іван Франка. Для мяне ён цікавы тым, што пісаў кожны дзень. Ён быў ідэальным тыпам навукоўца: меў шмат сур'ёзных ворагаў, складанае жыццё, шмат пісаў і меў прызнанне.

Не выбірайце ўніверсітэты, дзе ёсць вялікая нагрузка

Вялікая нагрузка не спрыяе навуковай працы. Думаю, што нашы ўніверсітэцкія сістэмы нацэленыя на тое, каб людзі наогул не станавіліся навукоўцамі.

Калі вы плануеце працаваць ва Украіне ці ва ўсходняй Еўропе, то будзьце гатовыя, што вам прыйдзецца стаць чалавекам-інстытутам. Вы павінны працаваць над развіццём інстытуцыі, таму што той стан, якое мы маем цяпер, гэта шлях вашага выжывання.

Украінскія навукоўцы шчаслівейшыя, чым замежныя, таму што ў нас, калі ты абараніў доктарскую дысертацыю, то практычна без праблем знойдзеш сабе працу. За мяжой усё нашмат складаней, там вялікая канкурэнцыя.

Пачуцце гумару

Калі падчас вашай лекцыі або выступу ніхто не смяяўся хоць адзін раз, то вы дрэнны выкладчык. Калі вы не ўмееце жартаваць — змяніце прафесію.

Калі людзі пачынаюць жартаваць, ламаецца лёд. Вашы слухачы адчуваюць сябе роўнымі з вамі. Калі вы ўмееце ўдала жартаваць, вам будзе лягчэй заваяваць прыязнасць аўдыторыі

Не бойцеся паразаў

Па жыцці ў вас будзе некалькі буйных паразаў, іх не трэба баяцца. Лічу, што так жа, як смех, адчуванне паразы з'яўляецца важным элементам вашай навуковай кар'еры.

Не бойцеся ворагаў

Ворагі, як і паразы, гэта нармальная частка вашага жыцця. Калі ў вас не будзе ворагаў, то варта задумацца, магчыма, вы робіце нешта не так. Ваш прафесійны ўзровень можна вызначаць вашымі ворагамі, калі яны ў вас сур'ёзныя, значыць, вы прафесіянал.

Большасць навукоўцаў — гэта дзеці, якія ніколі не выраслі. Яны маюць вялікае эга, і свет павінен круціцца вакол іх. Таму натуральна, што яны ўвесь час сварацца і канкуруюць паміж сабой за ўвагу і прызнанне.

Вучыце мовы

Думаю, не варта дыскутаваць, што веданне моў у сучасным свеце з'яўляецца вельмі важным. Навукоўцу трэба ведаць кантэкст, гісторыю таго ці іншага пытання, а кантэкст ніколі не абмяжоўваецца Украінай. Украіна з'яўляецца часткай глабальнага свету. Таму перад тым, як аналізаваць ўкраінскія праблемы, трэба зразумець глабальныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?