Яўген Шыгалаў быў сваім у самых высокіх кабінэтах.Але і ягоная ўласнасьць аказалася неабароненая.

Яўген Шыгалаў быў сваім у самых высокіх кабінэтах.
Але і ягоная ўласнасьць аказалася неабароненая.

Асноўным эпізодам абвінавачваньня супраць гендырэктара Гандлёвага дому «Ждановічы» Яўгену Шыгалаву стане нямэтавае выкарыстаньне зямель. Аказваецца, землі выдзяляліся не пад найбуйнейшы комплекс рынкаў, а пад аквапарк і гатэлі. Але шэсьць гадоў таго ніхто не заўважаў. Гэта азначае, што абвінавачваньне па астатніх пазыцыях рассыпалася?

Як паведаміў БелаПАН выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязей Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Алег Сьлепчанка, устаноўлена, што з 1998 па 2003 гады Гандлёваму дому «Ждановічы» было выдзелена больш за 40 гектараў зямлі на тэрыторыі, што прылягае да дзяржаўнага экалягічнага заказьніку «Лебядзіны», у тым ліку больш за 30 гектараў — для будаўніцтва парку адпачынку «Нясумны сад», аквапарку, гатэляў. Аднак ТАА «Гандлёвы дом «Ждановічы» на гэтых землях паставілі і шэсьць гадоў трымалі гуртовы і раздробны рынкі, аўтастаянкі, аўтарынак і г.д. Будаўніцтва і ўвод у эксплюатацыю гэтых аб'ектаў выконваліся безь неабходнай дакумэнтацыі, без выкананьня патрабаваньняў аховы навакольнага асяродзьдзя, паведаміў Сьлепчанка. Апрача таго, разьмяшчэньне згаданых аб'ектаў у гэтым раёне гораду не адпавядала Генэральнаму пляну разьвіцьця Менску.

Будаўніцтва ж прадугледжаных аб'ектаў — парку адпачынку, аквапарку, гатэльнага комплексу — нават не пачыналася.

Як паведаміў Сьлепчанка, Шыгалаву таксама ставіцца ў віну самавольны захоп прыкладна 13 га зямлі ў раёне заказьніку «Лебядзіны», дзе ўжо зьнішчаны ўрадлівы слой глебы, высечаны хмызы, праведзена вэртыкальная пляніроўка тэрыторыі з падсыпкай жвірам і асфальтавым дробам, засыпаны гідралягічныя каналы. Сьледзтва атрымала пра тое фота-і і відэаматэрыялы за 2005—2006 гады.

Згодна з ацэнкамі спэцыялістаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, шкода вылічаецца буйным памерам.

Дасьледуюцца і іншыя пытаньні, якія могуць пазьней стаць прадметам судовага разбору, зазначыў прадстаўнік МУС.

Шыгалава затрымалі ў Менску 5 красавіка. 15 красавіка яму выставілі абвінавачаньне ў саўдзеле ў злачынстве і злоўжываньні ўладай. 26 чэрвеня яго вызвалілі з-пад варты пад заклад 10 млрд рублёў.

Апошнія некалькі тыдняў перад вызваленьнем пад заклад ён знаходзіўся пад вартай у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялёгія», дзе праходзіў курс лячэньня пасьля інфаркту.

Нязначнасьць выніковага абвінавачваньня паказвае, што іншага кампрамату на Шыгалава ва ўладаў няма.

Уся гэтая гісторыя нагадвае перадзелы маёмасьці ў Расеі, дзе кавалкі нафтавага шэльфу коштам дзясяткі мільярдаў даляраў забіралі ва ўласьнікаў на падставе прэтэнзій экалягічнага ведамства. Цяжка паверыць, каб незаконныя пабудовы маглі прастаяць пад носам ва ўладаў аж шэсьць гадоў.

Вось жа, магчыма, рынкі на месцы лебядзінага заказьніка проста памяняюць уласьніка. Ну, не руйнаваць жа дабро.

Зьвяртае ўвагу, што перадзел уласнасьці супаў з пэўнымі перастаноўкамі на версе ўлады. Першым пра абвінавачваньні Шыгалаву ў красавіку паведаміў міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?