Юры Дракахруст: У сувязі з вайной на Каўказе ізноў актуалізаваліся спрэчкі пра тое, ці правільна зрабілі краіны НАТО, што на красавіцкім саміце ў Бухарэсьце адмовілі Ўкраіне і той жа Грузіі ў плянах па ўступленьні ў НАТО. Зараз некаторыя выказваюць меркаваньне, што калі б было прынятае адваротнае рашэньне, то і Расея не наважылася б на прамую агрэсію, і Саакашвілі лішні раз бы падумаў, ці варта ісьці паходам у Паўднёвую Асэтыю.

Аляксандар Рар: З гэтай аргумэнтацыяй я не пагаджуся. Мяркую. што Нямеччына і Францыя зрабілі правільна, што ўзялі паўзу ў гэтым пытаньні. Няпраўда, што Грузію і Ўкраіну ня хочуць прымаць у НАТО. Пэрспэктыва ім была дадзеная. Але толькі пасьля таго, як і Грузія, і Ўкраіна стануць сапраўднымі дэмакратыямі і ўлагодзяць стасункі з Расеяй, што для НАТО вельмі важна.

Паўваходжаньне Грузіі ў НАТА, якое магло адбыцца на Бухарэсцкім саміце, усё роўна не спыніла б Саакашвілі ў яго намеры вярнуць Асэтыю сілавымі сродкамі, як ён гэта цяпер спрабаваў. Я ведаю, што ёсьць іншая аргумэнтацыя ў Польшчы, у балтыйскіх краінах, што з НАТО і Эўразьвязу трэба рабіць новы інструмэнт стрымліваньня Расеі. Калі так атрымаецца, мы вернемся ў тыя часы, зь якіх мы выйшлі ў 1991 годзе.

Заходні сьвет павінен абараняць сябе, сыходзячы з таго досьведу, якім Эўропа прайшла ў мінулым стагодзьдзі. Але часы зьмяніліся.

У сьвядомасьці эліт Захаду "халодная вайна" скончылася.
У нас былі і канфлікты з Расеяй, але і радасныя моманты стратэгічнага партнэрства. Людзі ня могуць сабе ўявіць, што ёсьць рэальная небясьпека, што трэба будзе абараняць заходнія каштоўнасьці, заходні матэрыяльны сьвет супраць расейскай агрэсіі.

Многія немцы, калі слухаюць грузінскага ці ўкраінскага лідэра, задаюць сабе пытаньне, што тыя маюць на ўвазе. Ці абарону дэмакратыі ў гэтых краінах, ці ад нас патрабуюць, каб мы абаранялі геапалітычныя інтарэсы ЗША ў рэгіёне, які пакуль што Эўропай у пляне каштоўнасьцяў і нават геаграфіі назваць нельга?

НАТО было створана для абароны карэннай Эўропы ад СССР. Мы зараз бачым, як цяжка НАТО абараняць свае інтарэсы, скажам, у Аўганістане. НАТО можа пацярпець крах, калі ня зможа ўратаваць сытуацыю ў Аўганістане. У нас ледзь-ледзь нешта атрымліваецца на Балканах.

У Захаду пры ўсім жаданьні абараняць дэмакратыю можа не хапіць рэсурсаў і нават волі гэта зрабіць.

Юры Дракахруст: Вайна ў Іраку спарадзіла выразны раскол паміж так званымі “старой” і “новай” Эўропай. Ці можна сказаць, што нешта падобнае назіраецца і цяпер, адносна вайны на Каўказе? Ці адрозьненьні ў пазыцыях эўрапейскіх краін тычацца адно тактычных нюансаў?”

Аляксандар Рар: Гэта раскол нават больш глыбокі, чым у 2003 годзе. Тады яшчэ не было пашырэньня Эўразьвязу, якое адбылося ў 2004 годзе. Сёньня краіны Балтыі і Польшча – частка палітычных інстытутаў Захаду. І гэты раскол у стаўленьні да Расеі выглядае непераадольным. І на гэтым мы развальваемся, як адзіная прастора зьнешняй і абарончай палітыкі. Нямеччына і Францыя за апошнія 15 гадоў прымірыліся з Расеяй, яны застаюцца вернымі ідэі стратэгічнага партнэрства. Але гэты пункт гледжаньня не падтрымліваецца элітамі былых краін Варшаўскай дамовы.

Іх можна зразумець, калі разважаць зусім ужо аб'ектыўна. Але яны штурхаюць ЭЗ у іншым накірунку, чым той, у якім ён пачаў рушыць пасьля "Халоднай вайны". Яны думаюць, што ўступілі ў НАТО ўзору 1973 году.

Яны разглядаюць ЭЗ і НАТО як інстытуты, якія павінны абараняць іх ад "нэаімпэрскай" Расеі. У Нямеччыны і Францыі такіх перасьцярогаў няма.
Падчас апытаньня, праведзенага ў першы дзень цяперашняй вайны, 75% немцаў адказала, што ў Расеі і Нямеччыны зараз вельмі добрыя адносіны. І страхі перад Расеяй, якія ёсьць у Польшчы і краінах Балтыі, тут лічаць недарэчнымі і нават гістэрычнымі.

І часта ў нямецкай эліце зараз гучаць размовы, што калі патураць гэтым былым краінам Варшаўскай дамовы, то яны могуць зрабіць Эўропу сваёй закладніцай у вельмі сур’ёзным канфлікце з Расеяй, які можа прывесьці да Трэцяй усясьветнай вайны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?