Спявак Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў кліп на песню «Калі заўтра роўна ў шэсць» чэшскага барда Яраміра Ногавіцы, перакладзеную на беларускую мову Віталём Воранавым і выдадзеную на альбоме «Камета». Анімацыйны кліп стварыў рэжысёр Сяргей Кастрыцкі.
«Кліп гэты — мультыплікат у чыстым выглядзе, — распавядае Вайцюшкевіч парталу Tuzin.fm. — Ягоная ідэя — паказаць тую частку гісторыі, пра якую мала гавораць. Пра гісторыю Першай сусветнай і пра беларусаў, якія ваявалі за імперыю, такі быў час. Памяці нашых землякоў і прысьвячаецца гэтая праца. Мы абсалютна неабароненыя перад вайною ў наш час. Вайна зноў прыйшла, яна зусім побач, ва Украіне. І яна пагражае небясьпекаю ў тым ліку і беларусам».
