Каля 200 членаў кангрэса ЗША ад Дэмакратычнай партыі падалі калектыўны пазоў супраць прэзідэнта Дональда Трампа, абвінаваціўшы яго ў парушэнні забароны на атрыманне прыбытку ад прадстаўнікоў замежных дзяржаў.

Дакумент падпісалі прынамсі 30 сенатараў і 166 членаў палаты прадстаўнікоў.

Яны сцвярджаюць, што гэта самы масавы групавы пазоў, пададзены заканадаўцамі супраць прэзідэнта, у гісторыі ЗША.

Паводле амерыканскай канстытуцыі, прэзідэнту забаронена атрымліваць падарункі ад прадстаўнікоў замежных урадаў без адабрэння кангрэса.

Пры гэтым, як адзначаюць пазоўнікі, з моманту ўступлення на пасаду Трамп яшчэ ні разу не браў дазволу на плацяжы, атрыманыя яго кампаніямі ад замежных урадаў.

«Прэзідэнт Трамп мае канфлікты інтарэсаў прынамсі ў 25 краінах, і падобна, што ён выкарыстоўвае пасаду прэзідэнта для таго каб максімізаваць прыбытак», - цытуе агенцтва Рэйтэр члена Палаты прадстаўнікоў Джона Коніерса.

«Мы робім гэта не таму што гэта дастаўляе нам задавальненне і не таму што гэта выгадна, але з-за таго што прэзідэнт Трамп не пакінуў нам іншага выбару», - дадаў Коніерс.

Бізнес-імперыя Трампа ўключае ў сябе больш за 500 камерцыйных структур, сярод якіх гатэлі, гольф-клубы, жылыя дамы. З многімі з кампаній, падкантрольных Трампу, супрацоўнічалі афіцыйныя прадстаўнікі замежных дзяржаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?