Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька спрабуе выходзіць на непасрэдныя кантакты з рэгіянальным кіраўніцтвам. Паводле Лябедзькі, ягоныя размовы з кіраўніком вэртыкалі ў Ашмянах Юр’ем Адамчыкам і намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску Мікалаем Бурым былі цікавымі і карыснымі: «У іх ёсьць цікавасьць да размовы. Гэта – без сумневу. Тое, што вэртыкальшчык з Ашмян калі-нікалі заглядае на наш партыйны сайт, сьведчыць пра тое, што кругагляд гэтага чалавека даволі шырокі. Ён можа весьці дыскусію. Канечне, з пункту гледжаньня сёньняшняй улады. Але ён мне спадабаўся тым, што можа дыскутаваць. Тэмы былі самыя разнастайныя. Ня толькі выбарчая кампанія, дзе я папрасіў, каб яны былі максымальна блізкія да законаў і не гублялі чалавечы твар, што вельмі важна і істотна. А потым мы размаўлялі і пра мяжу. І пра праблему інвэстыцыяў. І пра беспрацоўе. І пра іншае. Размаўлялі цэлую гадзіну».

А вось уражаньні ад гутаркі прадстаўніка вэртыкалі Мікалая Бурага: «Зь Лябедзькам можна нармальна размаўляць. Мы абмеркавалі розныя тэмы, у тым ліку і зьвязаныя з выбарамі. Калі чалавек з табою нармальна размаўляе, дык і ты ж зь ім будзеш таксама размаўляць нармальна. Ня бачу праблемаў у зносінах. Даведацца пра думку іншага чалавека заўсёды ж цікава. А што ў гэтым такога? Ён выказаў сваё меркаваньне. А мне гэта цікава».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?