Аляксандар Казулін просіць Камітэт ААН па правах чалавека разгледзець яго скаргу на найбліжэйшай сэсіі ў кастрычніку. Як паведаміў былы адвакат палітыка Ігар Рынкевіч, гэта просьба ўтрымліваецца ў дадатковых дакумэнтах, пададзеных 18 жніўня ў камітэт праз прадстаўніцтва ААН у Беларусі.
І. Рынкевіч нагадаў, што ў кастрычніку 2007 года ён і дачка А.Казуліна Вольга падалі ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргу наконт парушэння правоў экс‑кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Скарга зарэгістравана пад № 1773/2008.
«Беларуская дзяржава дала свае тлумачэньні па сутнасьці пададзенай скаргі, — паведаміў І. Рынкевіч. — Беларусь прапанавала лічыць скаргу неабгрунтаванай для яе прыняцьця да разгляду. У пададзеных сёньня камэнтарыях мы прапануем з гэтым не пагадзіцца і выкладаем свае довады на гэты конт».
І. Рынкевіч зазначыў, што А.Казулін просіць разгледзець пытаньне аб яго поўнай палітычнай рэабілітацыі, а таксама патрабуе ад беларускіх уладаў кампэнсацыі маральнага ўрону ў памеры двух мільёнаў эўра.